Дэбютны паэтычны зборнік Марыны Хобель

Выдавецтва hochroth Minsk выпусціла з друку новую кнігу паэзіі — дэбютны зборнік Марыны Хобель (Marina Hobbel), беларускі, якая жыве ў Нарвегіі. Кніга мае назву “(не)магчымасць пісьма”.

Марына Хобель дагэтуль была вядомая перадусім як перакладчыца з беларускай, украінскай і расійскай на нарвежскую мову. Зусім нядаўна, напрыклад, быў надрукаваны ейны пераклад кнігі Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?”

Марына Хобель са свежанадрукаваным перакладам на нарвежскую мову кнігі Евы Вежнавец (facebook перакладчыцы)

“І вось зараз нам трэба адкрываць паэтку. У выдавецтве hochroth Minsk выйшаў першы паэтычны зборнік Марыны Хобель — «(не)магчымасць пісьма», вельмі цяжкая, вельмі новая, вельмі важная кніга”, дзеліцца выдавец Дзмітрый Строцаў навіной у сацсетках.

Першая прэзентацыя зборніка мае адбыцца на фестывалі Pradmova ў Вільні, 6 кастрычніка.

А пакуль вершы Марыны Хобель можна пачуць на Міжнародным паэтычным фестывалі ў Осла, які праходзіць 20—21 верасня, дзе таксама выступяць іншыя беларускія літаратаркі.