26 лютага а 18-й гадзіне ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі пройдзе куратарская экскурсія ад Карыны Кушчанкі па часовай экспазіцыі “Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе”.
Што вы ведаеце пра Петруся Броўку?
Што ён быў паэтам, які пісаў савецкія агітацыйныя творы? Ці што ён напісаў такія шэдэўры беларускай інтымнай лірыкі як “Пахне чабор” і “Александрына”? А быць можа вы ў школе вучылі верш “Калі ласка”? Але як адбываўся творчы працэс? Што натхняла паэта на стварэнне пакаянных вершаў? Што хацеў данесці ў сваім лісце да яго Уладзімір Дубоўка? І нарэшце, хто быў першым каханнем паэта?
Выстава распавядае пра тое, як змяняецца чалавек разам з часам: ад імпульсіўнай маладосці, веры ў пераўтварэнне свету і літаратурны эксперымент — да сталасці, адказнасці, сумненняў і споведзі. Асновай экспазіцыі сталі шэсць зборнікаў лірыкі Петруся Броўкі, якія можна чытаць як дзённік эпохі: “Гады́ як шторм”, “Шляхамі баравымі”, “Пахне чабор”, “А дні ідуць…”, “Між чырвоных рабін”, “І маладосць і сталасць”.

Кожны з гэтых зборнікаў — не проста літаратурны перыяд, а стан: шумны горад і вера ў наступ, цішыня бору і ўцёкі ў прыроду, досвед грамадскай дзейнасці і самоты ўнутранага голасу, памяць пра каханне, якое не адбылося, і боль стратаў, што не маюць тэрміну даўніны.
У прасторы выставы суседнічаюць прыжыццёвыя выданні кніг, рукапісы, лісты, фотаздымкі і асабістыя рэчы паэта. Гэтыя прадметы не ілюструюць тэксты — яны спрачаюцца з імі, дапаўняюць і маўчаць там, дзе словы становяцца залішне дакладнымі. Выстава дае магчымасць зірнуць вачыма паэта на жыццё, якое для нас паспела стаць гісторыяй.
Куратарка выставы – Карына Кушчанка
Квіток: 15р.
Адрас: г. Мінск, вул. К.Маркса, 30
Кантактны тэлефон: +375 17 342-09-81






