На краўдфандынгавай пляцоўцы Gronka ідзе паралельны збор сродкаў на выданне адразу некалькіх беларускіх кніг. Гэта папулярная манаграфія пра лірніцтва на Беларусі, перакладная анталогія ўкраінскага расстралянага адраджэння і кніга-эсэ “Беларусы будучыні: ужо ў Еўропе”.
Збор ідзе на двухмоўнае выданне “Antares. Анталогія ўкраінскага Расстралянага адраджэння”, укладальнікам якога выступае паэт і перакладчык Алесь Плотка. Кніга мае выпусціць выдавецкая ініцыятывы “Пурпурная майстэрня”. Рэдакцыя — Наталля Русецкая.
Прадмова да выдання ад Мар’і Знарачан. Пераважна ў кнізе будзе паэзія за выняткам апавядання Мыколы Хвылёвага “Я (Рамантыка)”.

- Багдан Краўцыў (Богдан Кравців)
- Алэкса Слісарэнка (Олекса Слісаренко)
- Леанід Чарноў (Леонід Чернов)
- Алэкса Влызько (Олекса Влизько)
- Дмытро Тась (Дмитро Тась)
- Ладзя Магілянска (Ладя Могилянська)
- Паўло Фылыповыч (Павло Филипович)
- Мыкола Зэраў (Микола Зеров)
- Леанід Первамайскі (Леонід Первомайський)
- Яўген Плужнык (Євген Плужник)
- Мыхайль Сэмэнка (Михайль Семенко)
- Ґеа Шкурупій (Ґео Шкурупій)
- Васыль Мысык (Василь Мисик)
- Майк Ёгансэн (Майк Йогансен)
- Мыкола Хвылёвы (Микола Хвильовий)
- Валяр’ян Палішчук (Валер’ян Поліщук)
- Валадымыр Свідзінскі (Володимир Свідзінський)
- Вераніка Чэрняхіўска (Вероніка Черняхівська)
- Марка Вараны (Марко Вороний)
- Мыкола Чэрняўскі (Микола Чернявський)
- Андрэй Паніў (Андрій Панів)
- Юліян Шпол / Мыхайла Ялавы (Юліан Шпол / Михайло Яловий)
- Марыйка Дыка (Марійка Дика)
- Алэна Журліва (Олена Журлива)
- Дмытро Фалькіўскі (Дмитро Фальківський)
- Міраслава Сапілка (Мирослава Сопілка)
У анталогіі будуць надрукаваныя пераклады Алеся Плоткі, Евы Арловай, Алеся Дудара, Ганны Янкуты, Міколы Грэшнага, Віктара Жыбуля, Артура Камароўскага, ананімнага перакладчыка.
Падрабязнасці праекта і магчымасць падртымаць тут.
Таксама працягваецца збор на выданне кнігі “Традыцыі беларускага лірніцтва. Асобы, мастацкія вобразы, рэгіянальныя асаблівасці”.
Да выдання рыхтуецца першая двухмоўная кніга, прысвечаная ўнікальнай традыцыі беларускага лірніцтва. Яна выйдзе па-беларуску і па-ангельску, каб захаваць гэтую важную частку нашай культуры і зрабіць яе даступнай чытачам у розных краінах.

Аснова кнігі — магістарскае даследаванне музыканта і папулярызатара фальклёру Сержука Доўгушава, падрыхтаванае ў Акадэміі навук Беларусі. Над кнігай таксама працуюць рэдактары, перакладчыкі, дызайнеры і спецыялісты па падрыхтоўцы архіўных матэрыялаў. Кніга рыхтуецца да выдання сумесна з выдавецтвамі Magenta і “Этна Традыцыя”.
Кніга раскажа пра гісторыю беларускага лірніцтва, сам інструмент, майстроў і лірнікаў. У ёй будуць:
— партрэты беларускіх лірнікаў з архіўных крыніц;
— апісанне колавай ліры і прынцыпу яе гучання;
— аналіз песень і іх духоўнага сэнсу;
— рэгіянальныя асаблівасці традыцыі;
— фотаздымкі, малюнкі і тэксты песень;
— матэрыялы пра сучаснае адраджэнне лірніцкай культуры.
Падрабязнасці гэтага праекта і магчымасць падртымаць тут.
Трэцяя кніга, на якую збор толькі распачаўся, — гэта эсэ Севярына Квяткоўскага “Беларусы будучыні: ужо ў Еўропе”.

Аўтар кнігі абапіраецца ў сваіх эсэ на супольнае бачанне беларусаў, якіх змянілі падзеі 2020 году і якім дае азначэнне “Рэвалюцыя свядомасці”. Паводле яго, большасць беларусаў зламала сістэму псіхалагічнага ўціску, вызвалілася ўнутрана, структура беларускага грамадства змянілася раз і назаўсёды. Апошнія сталіся першымі. Цяпер беларусы як супольнасць тлумачаць іншым, як выглядае гарызонт гістарычных падзеяў: наддзяржаўныя супольнасці будуць браць рэй над старымі структурамі, а пытанне этычнага выбару стане больш вострым.
Аўтар спадзяецца, што кніга дапаможа беларусам паглядзець на сябе збоку, што, у сваю чаргу, паспрыяе камунікацыі з людзьмі з іншых краін.
Урывак з кнігі, змест і ўступнае слова можна паглядзець тут. За выпуск адказвае выдавецкі праект Fundacja Rozum Media.






