З’явіўся новы нумар “Запісаў БІНІМ”

Маштабны нумар за 2025-2026 гг. на васьмі з паловай сотнях старонак прадстаўляе даследаванні з гісторыі беларускай эміграцыі, літаратуразнаўства, біяграфістыкі і бібліяграфіі. Пераважная большасць публікацый альманаха складаецца з архіўных дакументаў, якія ўпершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак.

Як паведамляе Наталля Гардзіенка, тэмай нумару абраная Беларуская фундацыя Крачэўскага ў Н’ю-Ёрку, якая некалькі дзясяткаў гадоў збірае архіўныя матэрыялы эмігрантаў. У выпуску публікуецца гісторыя арганізацыі, аглядаюцца ўсе сабраныя фонды, фрагменты эпісталярнай спадчыны Юркі Віцьбіча, Антона Адамовіча, Васіля Шчэцькі, Васіля Быкава, успаміны Кастуся Вераб’я. Тэму працягваюць публікацыі, прысвечаныя арганізацыям беларусаў ЗША. Асобна эпісталярная спадчына прадстаўленая ў аднайменным раздзеле, які складаецца з лістоў Наталлі Арсенневай да Юркі Віцьбіча, Юліяны Вітан-Дубейкаўскай, Янкі Запрудніка, Вітаўта й Зоры Кіпеляў з архіваў БІНіМу, а таксама з публікацыі лістоў Вітаўта Кіпеля да слонімскага краязнаўцы Сяргея Чыгрына.

Навуковыя артыкулы раздзелу “Публікацыі” распавядаюць пра Уладзіміра Хадыку, Алеся Пруднікава, мемарандум БНР на Парыжскую мірную канферэнцыю, Раздзел “Выданне” публікуе некаторыя артыкулы з перыёдыкаў “Раніца” і “Беларускі работнік” часоў ІІ сусветнай вайны. З архіўных публікацый пра міжваенны час вылучаецца вялікі комплекс пратаколаў Беларускага Навуковага Таварыства ў Вільні. Апарча таго, асобныя тэксты звязаныя з постацямі Ядвігіна Ш., Альберта Паўловіча, Язэпа Пушчы, Кастуся Езавітава і інш. Вялікая публікацыя прысвечаная 60-годдзю “рухавіка” “Запісаў БІНІМ” Лявона Юрэвіча, а таксама ягонай маці, лінгвістцы Алене Юрэвіч.

Усяго ў выпуску больш за 60 асобных артыкулаў ад некалькіх дзясяткаў аўтараў. Завяршае том агляд беларускіх перыёдыкаў замежжа 2025-2026 гадоў і хроніка дзейнасці Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Н’ю-Ёрку за апошні час.

Набыць новы выпуск “Запісаў” неўзабаве можна будзе на старонцы кнігарні “Камунікат”.