Новы зборнік Ігара Бабкова “Сьляза і камень” — у падкасьце Сяргея Дубаўца

“Жывая кніга паэзіі”, — так характарызуе новы зборнік Ігара Бабкова “Сьляза і камень” аўтар “Літаратурных зацемак” Сяргей Дубавец. Пра пакаленьне “Тутэйшых”, Парыж, крохкасьць эмоцый і тонкую рэальнасьць слухайце ў новым выпуску нашага падкаста.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podcast, Podcast Index і іншых пляцоўках.

„Сьляпы паэт дажывае жыцьцё ў Вільні“, — гэта словы, якімі пачынаецца апошняя кніга паэзіі Ігара Бабкова „Сьляза і камень“, якая выйшла сёлета ў Менску. Мне хочацца замяніць слова „апошняя“, але я гэтага не раблю, бо тады зьмяніў бы сэнс самой фразы пра „дажывае жыцьцё“ — на нешта іншае, быццам абнадзейвальнае, аптымістычнае, хоць менавіта „апошняя“ надаецца для гэтага верша, які сканчаецца словамі, дзе наш „сьляпы паэт“ углядаецца ў верш, а верш пра тое, „што лепш ня бачыць / Як час за вокнамі глытае пыл чалавечы…“ 

Гэта верш не пра сьмерць, а пра анталягічную сьмерць: маўляў, прыйшоў час думаць пра гэта, калі шмат што вакол ператвараецца ў пыл. Адзінае тут запавольвае, прыспыняе ўвагу, — што „гэтага лепш ня бачыць“, таму кніжку можна было б на расейскі манер назваць „крайняй“, але я спахопліваюся, бо такі быццам бы эўфэмізм — гэта ж і ёсьць уласна чалавечы пыл, дух, які мы выразна чуем, напрыклад, калі набываем труну ў рытуальнай краме. Таму не, хай кніжка будзе на сваім зразумелым месцы — апошняй паводле храналёгіі.

***

Пагатоў, і ніякага пылу, бо як кажа Ігар Бабкоў, „сьляды ў паветры — вось што пакідаюць паэты!“ І гэтыя сьляды мы пазнаем па „лёгкасьці хады і ціхім дыханьні“. Магчыма, хтосьці пакідае і пыл, які „час за вокнамі глытае“, але гэта не пра тых, хто піша „шчасьлівыя вершы“ і ўжо пэўна не пра Ігара Бабкова.

А там, за вокнамі, дарэчы, ня толькі час „глытае чалавечы пыл“, там, за вокнамі, ёсьць яшчэ і вецер, які „пяе пра жоўтае сонца“ і „шэпча шэрыя сутры“.

Ігар Бабкоў, між іншым, быў стваральнікам літаратурнага аб’яднаньня „Тутэйшыя“ ў канцы 1980-х гадоў, ён аўтар песень „Новага Неба“, якія выконвала Кася Камоцкая, ён — паэт пакаленьня, якое сьпявала пра „шэрую кроў“ (гэта Лявон Вольскі). Памятаеце… „Льецца на дол кроў гарадоў, шэрая кроў“…

У Бабкова чытаем:

„У Шоргат

Верыць ня верыць

Крочыць альбо захавацца

Шэрай крывёй захлынуцца

Шэптам сказаць даволі“

Увогуле калі я кажу пра падобную эстэтыку розных галасоў „Тутэйшых“, я маю на ўвазе тое, пра што Бабкоў піша — „Наступала новая яснасьць“. Тут, паміж іншым, схаваныя і словы Максіма Багдановіча „Я не самотны“, бо ўсе яны, „тутэйшыя“, заўсёды былі разам зь ім, і нязьменна разам з маладосьцю, калі пішуцца самыя праўдзівыя вершы. Але мяняюцца эпохі і маладыя паэты ператвараюцца ў заканадаўцаў мод.

***

„Калі памірае мова

Птушкі не вяртаюцца з выраю

І сны гарчэюць“

„Звар’яцелы падарожнік Лю Фэн… 

Крыху хвалюецца, ці ня надта гэта нахабна

І ці ня будзе парушана тонкая раўнавага дхармаў

І хто тады, калі Я ня ўбачыць сябе ў люстэрку

Возьме пэндзаль і туш і занатуе гэтыя словы?“

Гаворка ідзе пра пасланьне або веду, пра якую мы ўжо чулі, ужо задаваліся пытаньнем:

„Як перадаць веду, што не пакідае сьлядоў?“

Вядома, можна перадаць вершамі. Але што такое вершы, паэзія мы даведаемся пазьней, у апошнім разьдзеле кніжкі „Сьляза і камень“. А пакуль да нас вяртаецца матыў сьляпога паэта, які дажывае жыцьцё ў Вільні. Ня важна, як яго завуць, няхай будзе Лю Фэн. Ці Адам Клакоцкі…

Майстар блуканьня Лю Фэн, ён жа Адам Клакоцкі

Ходзіць сярод пагоркаў, зьбірае бяздомныя сны

Пляце суворую нітку, сшывае іх у аблокі

І — у шэрым крывіцкім небе — глядзіць, як тонуць яны

Патроху ў мяне складваецца думка, што паэты — гэта ня проста біялягічныя людзі і ці людзі ўвогуле, але тыя, што зьвязаныя адным відам — у адзін від. Як у папулярных фільмах пра дыназаўраў ці мядуз ці пра грыбы, якія жылі мільёны гадоў таму, а некаторыя жывуць і цяпер. А мы, калі чуем „мядуза“, зьвязваем гэта з канкрэтнай мядузай, зь Лю Фэнам ці Адамам Клакоцкім, хоць нашая веда не пра канкрэтнае, а пра від.

***

Нешта падобнае адбываецца і з паэтамі, якія, між іншым, у тэме, бо робяць акцэнт на цывілізацыйным няўмельстве чалавека ў дачыненьні з жывёламі, ці на часе, які ня мае абмежаваньняў.

Вядомы падарожнік па мянушцы Лю Фэн, дасканалы ў блуканьні

Не выходзіць з дому апошнія пяць стагодзьдзяў

Гартае на дасьвецьці старыя забытыя кнігі

І ведае ўсё, што будзе — да самых дробных драбніцаў.

Цяпер часта папракаюць рэцэнзэнтаў за спойлерства — маўляў, даюць зашмат цытат. Але найперш гэта тычыцца фабулярнае прозы, а не паэзіі. А па другое, у маім выпадку гэта проста непазьбежна. Часам цэлую кніжку прагортваеш у пошуках хоць бы нечым адметнага радка, і прагортваеш, а тут — немагчыма прагарнуць. 

***

Бабкоў застаецца ў сваіх вобразах і ў сваіх тэмах паэтам пакаленьня. Ён, між іншым, адзін з адкрывальнікаў тэмы Парыжу ў сучаснай беларускай літаратуры.

Мілая спадарожніца выпускае хатніх валькірый

Корміць іх з рукі цішынёй надвячорка

Яе валасы, атуленыя далёкім ветрам

Рассыпаюцца хвалямі, прыцягваюць сны і маланкі…

Проста, як колісь: „Твае валасы зблытаныя з мокрай травой, як чужы успамін жужалка паўзе па сьцяне…“ — сьпявала Кася Камоцкая.

Луі прынёс круасаны, палеская фея

Сплятае хвіліны, шэпча, кружыць у танцы

Я кідаю лёсы, крэсьлю маршруты

У майстэрні золка, і мы ратуемся кавай

Заўтра зранку з намі здарыцца горад

Карціны за шклом у глыбіні пустых галерэяў

Крывыя завулкі, столікі ў café, амфіляды

Новы мост, пад якім дыхае Сена

Усё падыдзе блізка, да самага сэрца

Як забытыя фоткі з альбому старых успамінаў

Дзе квецень гадоў схавалася ў куточкі вуснаў…

***

„Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб“… Так называлася трэцяя кніга паэзіі Ігара Бабкова — з мовай і вобразамі, якіх больш ні ў каго і не сустрэнеш. 

На пытаньне: на якой мове піша Бабкоў? — ясна што на беларускай, але можна адказаць і так: на мове Бабкова, бо так піша толькі Бабкоў. Цяжка з кімсьці параўноўваць, бо тут адметнасьць ня толькі ў словах ці фразах, а менавіта ў сэнсах, бо каб слухаць галасы рыб, трэба прагнуць іх разумець, а гэта ўжо са сфэры недасяжных мараў беднага чалавецтва — разумець сьвет прыроды, між якой ты жывеш.

„Самота і самасьць, разлучаныя сястрычкі

Парэпаныя каптуркі, стаптаныя чаравічкі

Ходзяць сярод ночы, зьбіраюць пазыкі:

Забытыя твары, кінутыя музыкі

Танчаць сарабанду, рассаджваюцца госьці

Чакаюць да ранку знакаў Ягамосьці…

Адчыні аканіцы, разнасьцеж фіранкі

Пакладзі на талеркі жалезныя абаранкі

Час згрызе памяць, разгладзіць пагоркі

Будуць сьвяціць люду далёкія зоркі!

„Зноў мне выпала гэтая карта: Каралева — багіня — птушка“… Інтанацыйна Бабкоў сапраўды найбліжэйшы да Алеся Разанава. А магчыма, так толькі здаецца — празь непрыступнасьць Разанава. Але чым тады адрозьніваецца Бабкоў? — пытаюся я і мушу сказаць так: сваёй прыступнасьцю. То бок Бабкоў нічым не адгароджвае сябе ад публікі: 

У адрозьненьне ад Разанава, Бабкоў не тлумачыць зьявы або сьвет, ён тлумачыць толькі сябе. І ўсё, што ён можа сказаць (ці мы можам прачытаць) пра актуальны стан, гэта радкі „Шэрай крывёй захлынуцца / Шэптам сказаць даволі“ — у якіх уся непамыснасьць сытуацыі сабраная ў гэтым курсіўным слове — даволі. Пра Бабкова можна сказаць, што ён лірычны паэт, абсалютна лірычны. 

***

А ягоныя „сны забытых паэтаў“ нагадваюць пра яго знакамітае эсэ „Cон, які сьніўся нікому“, з „Нашай Нівы“ 1990-х і адкрываюць нам Бабкова-настаўніка, які праводзіць заняткі паэтычнага майстэрства…

„Ёсьць паэзія, што вяртае нас у цішыню рэчаў, вучыць сьціпласьці, сьцішанасьці.

Ёсьць іншыя традыцыі. Іншая музыка.

Ёсьць паэты звар’яцела натхнёныя, што дораць радасьцю ўжо на ўваходзе.

Ёсьць тонкія — тыя, што сьвецяцца з глыбіні сваіх сховаў, загадкава недачутыя ў сваёй эпосе.

Паэты, якія дапамагаюць заснуць, заблытацца ў аблоках, знайсьці там забыты дом.

Застацца там назаўсёды: у сутоньні сэрца, сярод цьмянага шаманства словаў, на сьвятой зямлі“.

Як вы разумееце, мы дачыталі да разьдзела Poietike — пра паэзію. А што такое паэзія?

„Паэзія — тонкая каліброўка сэрца. Якое набывае здольнасьць адгукацца

нябачным гармоніям, быць зь імі ў сугуччы.

Але і само можа задаваць пэўныя вібрацыі. Мэлёдыі і тоны.

Можа быць інструмэнтам і музыкай, і музыкам“.

Развагі пра паэзію як інструмэнт сэрца — Бабкоў знайшоў гэта ў Багушэвіча, чаму прысьвяціў адмысловы твор. Напрыклад, інструмэнтальнае „патрапляць у тон“ — там настолькі важная ўмова, што Бабкоў паўторыць яе яшчэ некалькі разоў. 

Паэт літаральна дае ўрок для школы маладога літаратара.

„Паэтычны лад, poietike: перш за ўсё пазнавальны абрыс эмоцыі, асноўнай эмоцыі, якая працінае, альбо сшывае, альбо нават сплятае — як у каго — усю творчасьць.

Ужо потым — улюбёныя рытмы і збоі рытмікі, аўтарская шурпатасьць мовы, чароўная няправільнасьць інтанацыі, усё тое, што вылучае і вызначае паэта, дае яму сэнс і алібі“.

А вы ведалі, што вершы — гэта маленькія машыны жаданьняў? Тут, дарэчы, зноў зьяўляецца перагуканьне з разанаўскім „я той, хто шлях і хто па ім ідзе“.

„Паэтычнае пачуцьцё застывае ў слове, як жамяра ў бурштыне.

Няважна, як яно туды патрапіла і колькі часу чакала.

Але, калі мы патрапляем у тон, у правільную інтанацыю, яно ажывае

і варушыцца і трапеча.

Можна быць ліхтаром, правадніком і дарогай“.

Дарэчы будзе і папрактыкавацца на практычных занятках.

„Чытаньне верша — няпростае.

Настроіцца на тон. Дазволіць сэрцу ўвайсьці ў рэзананс, патрапіць у эмоцыю. Прайсьці са словамі ўвесь шлях, ад пачатку да кульмінацыі і заціханьня. Да рэха і водгуку.

Застацца крыху даўжэй: пасьля музыкі.

Стаць невымоўным“.

Урэшце вучням патрэбнае motto, і яно ў паэта ёсьць:

„Загледзецца на журавоў і прайграць бітву.

Няма анічога больш блізкага мне па настрою, чым гэтае старое кітайскае выслоўе.

Паводле легенды, гаспадар Вэй любіў назіраць за грацыёзнымі рухамі гэтых птушак. Аднойчы, загледзеўшыся на аднаго зь іх, ён прайграў бітву і страціў сваё гаспадарства.

Гэта называецца «патрапіць у палон чыстай красы».

Большасьць вытлумачальнікаў спрачаюцца пра гаспадара Вэя, ці меў ён рацыю.

Але ж гэта мы былі тады журавамі!“

Бабкоў навучае паэзіі, але не навучае графаманіі. Жывая кніга паэзіі сапраўды зьдзіўляе, уражвае і „выклікае нэрвовыя ўсьмешкі“. Пакуль не зразумееш яе абсалютную дарэчнасьць.

Сяргей Дубавец, для bellit.info