Выдавецтва “Камунікат” выпусціла манаграфію Яўгена Мірановіча “Трэці фронт. Савецкая і нямецкая прапаганда ў Беларусі 1941—1944”, у якой даследуецца вайна за свядомасць, страхі, надзеі і выбар людзей, якія апынуліся паміж дзвюма таталітарнымі сістэмамі.
Нацысцкая Германія і Савецкі Саюз вялі жорсткую барацьбу за свядомасць жыхароў акупаванай Беларусі. Нямецкая прапаганда абяцала вызваленне ад бальшавізму, новы парадак і дабрабыт, адначасова апраўдваючы тэрор, рабаванне і расавы гвалт. Савецкая заклікала да супраціву, партызанскай барацьбы, непадпарадкавання акупацыйнай уладзе і вернасці савецкай дзяржаве.
У кнізе Яўген Мірановіч даследуе, як абодва бакі выкарыстоўвалі прэсу, улёткі, плакаты, гістарычныя міфы, нацыянальныя пачуцці і вобраз ворага. Аўтар паказвае, як змест прапаганды змяняўся разам з сітуацыяй на фронце і палітычнымі планамі Берліна і Масквы адносна Беларусі. У цэнтры ўвагі аўтара — паводзіны грамадства ва ўмовах акупацыі, стаўленне да савецкага падполля і нямецкай адміністрацыі, беларускага нацыянальнага руху, польскага і ўкраінскага пытанняў, калабарацыі, партызанскай барацьбы і прымусовай мабілізацыі.






