Выдавецтва hochroth Minsk выпусціла з друку новую кнігу паэзіі — дэбютны зборнік Марыны Хобель (Marina Hobbel), беларускі, якая жыве ў Нарвегіі. Кніга мае назву “(не)магчымасць пісьма”.
Марына Хобель дагэтуль была вядомая перадусім як перакладчыца з беларускай, украінскай і расійскай на нарвежскую мову. Зусім нядаўна, напрыклад, быў надрукаваны ейны пераклад кнігі Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?”
“І вось зараз нам трэба адкрываць паэтку. У выдавецтве hochroth Minsk выйшаў першы паэтычны зборнік Марыны Хобель — «(не)магчымасць пісьма», вельмі цяжкая, вельмі новая, вельмі важная кніга”, — дзеліцца выдавец Дзмітрый Строцаў навіной у сацсетках.
Першая прэзентацыя зборніка мае адбыцца на фестывалі Pradmova ў Вільні, 6 кастрычніка.
А пакуль вершы Марыны Хобель можна пачуць на Міжнародным паэтычным фестывалі ў Осла, які праходзіць 20—21 верасня, дзе таксама выступяць іншыя беларускія літаратаркі.