У дацкім выдавецтве Palomar выйшаў пераклад з беларускай мовы кнігі Евы Вежнавец “Hvad søger du, ulv?” (“Па што ідзеш, воўча”). Перакладчыкам аповесці выступіў Гаральд Гартвіг Епсэн (Harald Hartvig Jepsen).
Нагадаем, што кніга Евы Вежнавец упершыню выйшла па-беларуску ў выдавецтве “Пфляўмбаўм” у 2020 годзе і зазнала некалькі перавыданняў. У кнізе апавядацца пра Рыну, алкагалічку сярэдніх гадоў, якая з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала ейная старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, — спакой. Але дома яе чакае неспадзяванка — старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню? Рыне трэба пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць. Жанр гэтай кнігі — балотная казка.

Раней аповесць выходзіла ў перакладах на нямецкую, чэшскую, шведскую, нарвежскую, польскую мовы. “У працэсе падрыхтоўкі і іншыя пераклады”, — кажуць у выдавецтве.
Неўзабаве кніга з’явіцца на старонцы выдавецтва Palomar, проста цяпер можна замовіць у некалькіх анлайн-крамах Saxo.com, Bog-ide.dk, Gucca.dk і інш.