13 сакавіка ў Познані падчас Міжнароднага кніжнага кірмаша (13-15 сакавіка) адбудзецца прэзентацыя непадцэнзурнага выдання кнігі “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча. У сустрэчы ўдзельнічаюць пісьменнік Уладзімір Арлоў і выдавец Яраслаў Іванюк.
Ёсць кнігі, з’яўленне якіх не бывае выпадковым. Выданне рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім” Фондам “Камунікат” было даўно чаканай падзеяй — як для чытачоў, так і для тых, хто ўспрымае беларускую літаратуру як жывую частку сучаснасці.
Раман, знаёмы многім пакаленням школьнікаў, быў выключаны з праграмы ў 2023 годзе. Але яшчэ нядаўна гэтую кнігу можна было прачытаць на “Валадарцы” (sic!) і ў іншых турмах, дзе ўтрымліваюцца палітзняволеныя.
Удзел у сустрэчы з чытачамы бяруць выдавец, дырэктар Фонда “Камунікат” Яраслаў Іванюк і пісьменнік Уладзімір Арлоў. Спадар Яраслаў раскажа гісторыю выдання, якім Камунікат завершыў святкаванне свайго 25-годдзя.
Спадар Уладзімір падзеліцца асабістымі згадкамі: як класік паўплываў на яго жыццё і выбар. Наведнікі сустрэчы пачуюць між іншым пра сланоў у цэнтры Менску і чаму кнігі Караткевіча давалі па дзве ў адны рукі.
Падчас сустрэчы можна будзе набыць беларускія кнігі, выдадзеныя Фондам “Камунікат”.

13 сакавіка, 16:00
Międzynarodowe Targi Poznańskie (Głogowska, 10)
Уваход вольны
Сустрэча ладзіцца ў межах праграмы ArtPower Belarus у сумесным праекце Міжнароднага Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі”.





