Колькі месяцаў таму пісьменнік Валер Гапееў ініцыяваў стварэнне літаратурнага сайта “Новыя беларускія кнігі”, на якім збіраюцца ўражанні крытыкаў, блогераў і простых чытачоў ад кніжных навінак. Bellit.info зазірнуў на пляцоўку, каб даведацца, на што апошнім часам адгукаюцца беларускія чытачы ўсіх гатункаў.
Былы сын. Саша Філіпенка (нядаўна выйшла беларуская версія ў выдавецтве Gutenberg)
“Можаце кідаць у мяне камянямі. Але скажу, што ў гэтым тэксце ёсць відавочны элемент спекуляцыі на болю. Ніхто пра гэта ўсё разам не пісаў, пра нейкае адно нават было хіба два-тры тэксты. Нямігу ж хіба краталі? Адна справа, калі ты кажаш, што кніга “не мая”. Іншая – калі агучваеш няўхвальны водгук. На тое, што іншымі ці не абагаўляецца, за што атрымана гэтулькі прэмій, што перакладзена…” , — чытаць далей.
Непрамо(ў)ленае. Анатоль Івашчанка (новая кніга паэта, выдадзеная выдавецтвам SkarynaPress)
“Трэцяя паэтычная кніга Анатоля Івашчанкі “Непрамо(ў)ленае” выйшла далёка і ціха. Прасачылася разам з лонданскім туманам і кандэнсавалася ў руках тых, хто валодае забытай навукай спыняць нябачную парнасць на кропцы расы (…) Пачну з таго, што на старонках вас сустрэне той самы добры і шчыры лірык, паэт, якому важныя і тэкст і падтэкст, які любіць слова і ведае яго, які сябруе з формай і спакойна дазваляе сабе эксперыментаваць з ёй, ні на імгненне не губляючы думкі”, — чытаць далей водгук паэта Усевалада Сцебуракі.
Мёд і дым. Марыя Бадзей (навінка ад “Пфляўмбаўм”)
“Кніжкі чытаю з алоўкам. Люблю прачытваць у адзіны заход – бачыць усе вершы разам. Асцярожна пазначаю ўпадабанае, сумнеўныя месцы, нешта для мяне незнаёмае. А потым, ужо пры паўторным прачытанні, спрабую аналізаваць і дзяліцца “знойдзеным”. Што я накрэсліў у кнізе Марыі Бадзей “Мёд і дым” прапаную глянуць разам… самому цікава”, — чытаць далей развагі паэта і музыкі.
Будзь воля Твая. Ірына Жарнасек (раман выйшаў у 2005 годзе)
“Бадай усе асноўныя асобы-легенды былі створаныя дзякуючы пісьменнікам. Пасля таго як з’яўляўся ўдалы раман якога-небудзь вядомага літаратара пра якую-небудзь гістарычную постаць, як гэтая асоба імкліва ператаварался ў легенду (…)Так было з Жанай Д’арк, Робінам Гудам, англійскім каралём Рычардам Ільвінае Сэрца, Сцяпанам Разіным і многімі іншымі. Перад Ірынай Жарнасек была неверагодна складаная задача – напісаць раман пра двух ксяндзоў – Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру – ахвяраў росіцкай трагедыі. У 1943 годзе на Верхнядзвіншчыне карнікі жыўцом спалілі ў адрыне некалькі сотняў мясцовых жыхароў. Ксяндзы Антоні Ляшчэвіч ды Юры Кашыра маглі застацца жывымі, але пайшлі разам з людзьмі ў агонь. Доўгі час пра гэты гераічны ўчынак ведалі хіба што выключна мясцовыя жыхары…”, — чытаць далей.
Пасажыры карабля Тэсея. Сцяпан Стурэйка (другое месца на Прэміі Гедройця 2023)
“Кніга Сцяпана Стурэйкі – найбольшае маё расчараванне апошніх месяцаў. Столькі добрага я чула пра аўтара, так расхвальвалі кнігу спецыялісты, і тэма, якая вельмі мяне цікавіць. Знайшла кнігу, прачытала і – ” што гэта было”? Так і не зразумела, ці то аўтар чытачоў лічыць неразумнымі, ці то сам прыкідваецца гарадскім вар’ятам, каб улады не чапляліся?” — чытаць далей па спасылцы тры розныя водгукі.
Заклінальнік аднарогаў. Надзея Ясмінска (нядаўна выйшла беларускамоўная версія фэнтэзійнай аповесці)
“Можна вылучыць дзве катэгорыі кніг, па якіх жадаецца пісаць рэцэнзіі: тыя, якія напісаны агідна і тыя, якія карціць узнесці з прычыны наяўнасці ў іх нейкіх палкіх фраз, філасофскіх разваг, незвычайнасці герояў. Пра гэтую кнігу рэцэнзію пісаць не хочацца – яе хочацца проста чытаць! Чытаць, не адрываючыся, прапускаючы радкі, каб хутчэй дабрацца да развязкі, бо вельмі ўжо хвалюешся за герояў. Гэта як размова з цікавым чалавекам, якога хочацца слухаць і слухаць, а пасля заканчэння размовы чакаць яе прадаўжэння…” — чытаць далей некалькі водгукаў.
Дзедавы казкі. Дзед Янкель (навінка ад Цымберава)
“Мне спадабалася чытаць гэты зборнік сярод іншых кніг, якія патрабавалі большай душэўнай сілы і канцэнтрацыі. «Дзедавы казкі» чытаюцца лёгка і хутка. Можа здацца занадта простым. Але толькі на першы погляд. Кніга складаецца з невялікіх тэкстаў: дзесьці сапраўды казка, дзесьці — гісторыя з жыцця ці проста фрагмент нейкага выкладу, апісанне звычаю ці палескага рэстарана. Нярэдка пасля іх ідзе бытавая або натурная замалёўка. І гэта, відаць, спадабалася больш за ўсё, бо аўтару ўдалося ў некалькіх самых простых словах стварыць вобраз восеньскай ці зімовай вёскі”, — чытаць далей некалькі розных водгукаў.
І гэты спіс можна доўжыць, водгукаў мноства, кожны можа паблукаць па рубрыках сайта і знайсці нешта цікавае для сябе. Таксама можна пакідаць каментары, або дасылаць аўтарам сайта свае водгукі, калі вы не згодныя з нечым меркаваннем, ці наадварот, хочаце падмацаваць яго.