Выдавецтва Gutenberg Publisher неўзабаве плануе выдаць раманы пісьменніка Сашы Філіпенкі “Былы сын” і “Крэмулятар” у перакладах на беларускую мову. На сайце выдавецтва адкрытая перадзамова на абедзьве кніжкі.
Як расказалі ў выдавецтве, першы раман Сашы Філіпенкі “Былы сын” паедзе да пакупнікоў на гэтым тыдні, “Крэмулятар” — у канцы красавіка (замовіць тут). Таксама выданні маюць з’явіцца ў афлайн-крамах Варшавы, Гданьска, Вільні і Беластока.
“Былы сын” — гэта твор пра юнака, які пацярпеў у страшнай цісканіне на Нямізе і 10 гадоў праляжаў у коме. Ім апекавалася бабуля, якая, у сваю чаргу, старалася бачыць свет вачыма ўнука, каб усё яму распавесці, калі той ачуняе. Яна расказвае, а чытач узгадвае тое, што беларусы перажылі за гэты час: усё адно як цэлая краіна праляжала ў коме, бо не было нейкага імпульсу, які б прымусіў гэтае жывое цела ўстаць і нешта для сябе зрабіць.
Раманы Сашы Філіпенкі перакладзеныя на французскую, нямецкую, чэшскую, венгерскую, польскую, італьянскую, англійскую, харвацкую, галандскую, іспанскую, японскую, шведскую, славацкую, тайскую, турэцкую мовы (і ў найбліжэйшых планах – карэйская). Аўтар піша па-расійску, і сёлета ўрэшце два творы былі пераствораныя па-беларуску.