У выдавецтве “Тэхналогія” неўзабаве стартуе продаж новай кнігі — “Заклінальнік аднарогаў” дзіцячай пісьменніцы Надзеі Ясмінскай. Замовіць фэнтэзійную аповесць можна проста цяпер на сайце выдавецтва.
У 2018 годзе кніга Надзеі Ясмінскай “Заклинатель единорогов” выходзіла па-расейску, з таго часу аўтарка перапрацавала аповесць і самастойна пераклала яе на беларускую мову. Менавіта гэтая абноўленая беларускамоўная версія твору чакае беларускіх чытачоў і чытачак.
“Галоўны герой Адрыян — юнак з незвычайным дарам: ён умее чытаць думкі коней. Здавалася б, ад такога ўмення карысці няшмат. Але менавіта ад коней хлопец даведваецца пра чужыя сакрэты. Адрыян ведае, як адшукаць скарбы, і чакае, што яму за гэта добра заплоцяць. Аднак усё ляціць дагары нагамі, калі чарговы конь аказваецца аднарогам, а замоўца — хітрым разбойнікам…”
Гэта захапляльная кніга для падлеткаў (12+), дзе паўстаюць тэмы сяброўства, складанага жыццёвага выбару, сям’і, здрады і подласці, першай сімпатыі і закаханасці.