Выйшла кніга з творамі антычнага паэта Гесіёда

Выдавец Раман Цымбераў выпусціў новы том з перакладамі на беларускую твораў старажытнай літаратуры. Кніга твораў антычнага паэта Гесіёда, у якую увайшлі “Паходжанне багоў (Тэагонія)” і “Працы і дні” ў перакладзе Лявона Баршчэўскага, папоўніла цэлы шэраг важных перакладаў сусветнай літаратуры, якія ў бальшыні сваёй друкаваліся ўпершыню. Так раней выходзіла “Іліяда” Гамэра, “Энэіда” Вергілія, эпас пра “Гільгамеша” і інш.

Гесіёд (канец VIII – пач. VII стст. да н. э.) – першы вядомы на імя старагрэцкі паэт-рапсод, заснавальнік дыдактычнага эпасу, аўтар паэм “Паходжанне багоў (Тэагонія)” і “Працы і дні”, а таксама шэрагу твораў, з якіх сёння вядомыя толькі ўрыўкі. Ён першы ў грэцкай паэзіі, хто вызначыў сябе як асобу і назваў сваё імя. Гесіёд выступае ў ролі прарока, “пакліканага” Музамі абвясціць спрадвечныя праўды, а таксама ў ролі выпрабаванага жыццём чалавека, які добра разбіраецца ў асаблівасцях працы на зямлі.

У кнізе таксама змешчана слова ад перакладчыка, міфалагічны слоўнік і грунтоўны артыкул польскага даследчыка 19 стагоддзя Казіміра Кашэўскага “Гесіёд і яго паэмы”.

Замовіць выданне можна па спасылцы ў інтэрнэт-кнігарні Kniger.by з перасылкай па усім свеце. Таксама можна купіць у Менску ў “Акадэмічнай кнізе” і краме ў ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41—42(станцыі метро Купалаўская і Кастрычніцкая). Магчыма кур’ерская дастаўка па Менску, кошт дастаўкі 8 рублёў. Раз на месяц дастаўка кур’ерам у Варшаву і Вільню.