Выйшла кніга вершаў для дзяцей Алега Мінкіна

Выдавец Раман Цымбераў працягвае выдаваць серыю кніг для дзяцей “Ветрачок”, якую запачаткаваў летам 2025 году. Сярод навінак апошняга часу чытачы знойдуць кнігу вершаў паэта і перакладчыка Алега Мінкіна “Зарапад”.

У кнізе выбраных дзіцячых вершаў Алега Мінкіна, якую праілюстравала Кацярына Мельнікава, паэтычна ўвасабляюцца нацыянальныя міфалагічныя істоты, ажывае раслінны і жывёльны свет, а таксама апяваецца беларускі каляндар.

СМАЎЖЫ

З прамоклых зарасьцяў ажыны
Пасьля абложнае iмжы
Павыпаўзалi на сьцяжыны
Дасьпехi прасушыць смаўжы.

Павытыркалi рогi-пiкi,
Нiбыта ў латах ваяры,
I так i пруць пад чаравiкi,
Смаўжы, маруды, недатыкi,
Вiльготных нетраў жыхары.

Ах, грозны выпаўзак смаўжыны,
Каб пад абцас прыпадкам вы
Ня трапiлi – вас са сьцяжыны
Перанясу я ў схрон травы.

Выданні серыі “Ветрачок”, у тым ліку навінку, можа набыць у “Акадэмічнай кнізе”, у краме ў ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай (ралеты 41-42, час працы з пн па пт з 11 да 18.30, сб з 11 да 17, ндз з 11 да 16), а таксама праз сайт Kniger.by.