Навінкі пад ялінку ад выдавецтва “Папуры”

У выдавецтве “Папуры” выйшла адразу некалькі кніжных навінак на беларускай мове. Сярод іх дзве перакладныя дзіцячыя кнігі — “Як Воўк пісаў ліст Дзеду Марозу” Шакці Стааль і “Дзяўчынка з Беларусі” Бландзіны Франку, а таксама некалькі перавыданняў.

Твор “Дзяўчынка з Беларусі” папулярнай бразільскай пісьменніцы Бландзіны Франку пасля выхаду ў 2024 годзе ўвайшоў у штогадовы “Топ-15 дзіцячых кніг для прачытання” па версіі адной з буйнейшых штодзённых газет краіны Folha de S.Paulo. Сюжэт дзіцячага апавядання завёў яго герояў “кудысьці паміж Друяй і Браславам”. Аўтарка гэтай фантастычнай гісторыі пабудавала захапляючую сюжэтную лінію, у якой шмат таямніц і загадак, а адказы на іх маленькія чытачы атрымліваюць у кожнай наступнай главе. Тайна дзяўчынкі адкрываецца толькі на апошніх старонках гэтай кнігі.

Другая навінка — падарункавае выданне з поп-ап і галаграфічнымі элементамі кнігі Шакці Стааль “Як Воўк пісаў ліст Дзеду Марозу”. Кніга праілюстравана Марыяннай Барсілон.

“З таго часу як Воўк убачыў здымак Дзеда Мароза ў газеце, ён мог думаць толькі пра абед. Можа, рагу? Ці шашлык? Ці цыбуляй заправіць… Воўк пакуль не вызначыўся. Што ж, вырашана! Сёлета ён дашле ліст Дзеду Марозу!”

У верасні выдавецтва “Папуры” анансавала перавыданне ці не галоўнай паэмы нямецкай літаратуры — “Фаўста” Ёгана Вольфганга Гётэ ў перакладзе Васіля Сёмухі. Кніга выйшла з друку і цяпер як можна купіць.

“Фаўст”, самы знакаміты твор класіка нямецкай і сусветнай літаратуры ўяўляе з сябе адзін з варыянтаў адвечнай легенды пра змову чалавека і д’ябла. У сваёй інтэрпрэтацыі Гётэ прымушае чытача задумацца пра маральнасць такой змовы, нават калі гаворка ідзе пра пошукі галоўнага сэнсу чалавечага жыцця. Ледзь не кожная літаратура мае ўласны пераклад гэтага твору. Па-беларуску “Фаўст” загучаў дзякуючы Васілю Сёмуху (18 студзеня 1936 — 3 лютага 2019) і вызнаецца нямецкімі літаратуразнаўцамі за найбольш блізкае да арыгіналу перастварэнне.

Таксама выйшла міні-версія філасоскай казкі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы “Маленькі прынц” у перакладзе Ніны Мацяш і дадатковы наклад грунтоўнага выдання “Шляхціца Завальні” Яна Баршчэўскага ў класічным перакладзе Міколы Хаўстовіча, багата праілюстраванага Лізаветай Лянкевіч.

Усе навінкі можна знайсці на паліцах кнігаргі “Параграф 45” у Менску.