У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла новая кніга ў межах серыі “Паэты планеты”, у якой друкуюцца скарбы сусветнай і айчыннай вершаванай творчасці. Серыя папоўнілася “Выбраным” паэта, перакладчыка, выдаўца і філолага Кастуся Цвіркі.

Кастусь Цвірка, які летась адзначыў 90-гадовы юбілей, нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Менскай вобласці. У 1958 годзе скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1958—1959 гадах выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Труханавіцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна. Быў літаратурным супрацоўнікам раённай газеты «Рудзенская праўда», рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР. У 1972 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР і стаў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. З 1981 года — старэйшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва», з 1984 г. — рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Кандыдат гістарычных навук. З 1996 года аўтар (часта як перакладчык) і галоўны рэдактара праекта “Беларускі Кнігазбор”.
Кастусь Цвірка
Я прыйшоў да вас, каб сказаць,
Што за горадам ноч, як дзень:
Каля рэчак вербы не спяць,
Ясны месяц стаіць у вадзе.
Там, пры сцежцы, ажыны цвітуць,
Май шугае праз берагі.
Там дзве пары слядоў вядуць
У някошаныя мурагі.
Кнігі ўжо можна купіць у “Акадэмічнай кнізе” ў Менску, а неўзабаве з’явіцца магчымасць замовіць праз сайт Kniger.by і набыць у краме ў самым цэнтры горада ў ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41–42.