“Кровазварот” паэткі Юлі Цімафеевай выйшаў па-нямецку

Берлінскае выдавецтва Edition Fototapeta выпусціла з друку пераклад на нямецкую мову паэтычнай кнігі Юлі Цімафеевай “Кровазварот” (Blutkreislauf). Кнігу ўжо можна купіць праз сайт выдавецтва, а 11 студзеня ў Дрэздэне адбудзецца першая прэзентацыя нямецкамоўнага выдання з удзелам кампазітаркі Вольгі Падгайскай.

На вокладцы нямецкамоўнага выдання выкарыстаны калаж аўтарства самой паэткі. На ім — вакно хаты з вёскі Спярыжжа, якой адведзена шмат месца ў “Кровазвароце”.

“Я вельмі ўдзячная за гэтую кнігу перакладчыцы Ціне Вюншман (Tina Wünschmann), якая пачала працаваць над ёй яшчэ летась ці нават пазалетась, якая верыла ў яе і чытала тэксты да таго, як яны аформіліся ў твор, што напрыканцы траўня выйшаў у Выдавецтва “Янушкевіч”. “Кровазварот” рос і змяняўся практычна на яе вачах”, — падзялілася навіной у сацсетках аўтарка.

Гэта чацвёртая кніга Юлі Цімафеевай, што выйшла ў нямецкім выдавецтве Edition Fototapeta.

11 студзеня у 17:00 у Літаратурным доме Эрыха Кестнера ў Дрэздэне пройдзе прэзентацыя навінкі з удзелам Юлі Цімафеевай, перакладчыцы Ціны Вюншман і кампазітаркі Вольгі Падгайскай, якая напісала адмысловае музычнае суправаджэнне для чытання кнігі “Кровазварот”.

Уваход вольны

Падрабязная інфармацыя тут