На сайце выдавецтва KEW (Kolegium Europy Wschodniej) з’явілася навінка — паэтычны зборнік Вальжыны Морт “Песні для мётрвых і ўваскрэслых” у перакладзе выбітнага польскага паэта і перакладчыка Богдана Задуры. Па-польску кніга мае назву “Muzyka dla martwych i zmartwychwstałych”.
У анатацыі на сайце выдавецтва гаворыцца, “Muzyka dla martwych i zmartwychwstałych” раскрывае крохкасць чалавечага жыцця і наступствы імперскага гвалту. Вальжына Морт дае голас тым, хто загінуў ад рук дзяржаўнага гвалту. Гэты зборнік спалучае палітычную вагу з паэтычнай лёгкасцю і гуллівасцю, і разам з тым з неймавернай інтуіцыяй пераплятае старажытнае з сучасным. Ейныя вершы вечныя, дакладныя, вострыя, створаныя, каб пражыць не адно жыццё.
Рэдактарам перакладу Богдана Задуры выступіў Мацей Лібіх (Maciej Libich), а дызайнеркай і ілюстратаркай — Ягода Пэцэля (Jagoda Pecela).
Аўтарка напісала і выдала кнігу на дзвюх мовах па-ангельску (“Music for the Dead and Resurrected“) і па-беларуску (“Песні для мётрвых і ўваскрэслых”, Pflaumbaum). Таксама ў 2025 годзе кніга выйшла ў Бразіліі (“Música para Morrer e Renascer”).






