Дзеці ў Літве стварылі двухмоўную кнігу з гульнямі

Віленская школа “Стэмбрыдж” заснавала ўласнае выдавецтва Stembridge Books і ўжо выпусціла некалькі кніг. У канцы 2025 году выйшла з друку беларуска-літоўская кніга “Ха-Хэй-Хо: 22 вясёлыя гульні / linksmi žaidimai”, у стварэнні якой ўдзельнічалі вучні 2-га класу.

“Ха-Хэй-Хо: 22 вясёлыя гульні” — гэта запрашэнне ў свет гульняў, дзе пануюць смех, радасць і сяброўства. Яе стварылі дзеці — вучні Stembridge School — разам з акторам Іллём Ясінскім і настаўніцай Наталляй Сялецкай. Рэдактарам выступіў Андрэй Скурко.

У кнізе чытачы знойдуць 22 жывыя гульні, якія вучаць рухацца, слухаць, адчуваць сябе і іншых. І самае галоўнае — весяліцца разам. Акрамя таго, гульні падзелены па тэмах: дыханне, цела, кантакт, артыкуляцыя, увага і фантазія, каб любы мог хутка знайсці тое, што патрэбна менавіта зараз: супакоіцца, узбадзёрыцца, наладзіць сувязь з іншымі або проста пераключыцца і вярнуць сабе адчуванне цела.

Кніга прадаецца ў краме Hartajka, а таксама можна замовіць дастаўку па Вільні, Літве, Еўропе.