У студзені прэзентуюць 6 сшытак архіўных матэрыялаў Адама Багдановіча

Напрыканцы 2025 году пабачыла свет выданне “Архіўныя матэрыялы да жыцця і дзейнасці Адама Багдановіча. Сшытак 6”. Яно працягвае традыцыю выдання музейных сшыткаў. У фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча захоўваецца найбагацейшы архіў Адама Багдановіча, які ўключае сотні дакументаў, рукапісаў, машынапісаў і лістоў.

Шосты сшытак склала непублікаваная раней мемуарная спадчына Адама Багдановіча, прысвечаная яго нарадавольчай дзейнасці, паведамляюць у музеі. Таксама ў зборніку прадстаўлены эпісталярыі акрэсленай тэматыкі. Выданне разлічана на гісторыкаў, краязнаўцаў, літаратуразнаўцаў, музейных супрацоўнікаў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Менску і Беларусі другой паловы ХІХ ст.

Прэзентацыя шостага сшытку “Архіўных матэрыялаў” адбудзецца 27 студзеня ў 19:00 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. А неўзабаве з матэрыяламі можна будзе пазнаёміцца на сайце Літаратурнага музея.