У выдавецтве “Янушкевіч” выйшаў з друку дэбютны раман чэшскага паэта, публіцыста і празаіка Марэка Торчыка “Прэпарацыя памяці”. Пераклад твора, які ўносіць у чэшскі кантэкст тэмы сусветнай літаратуры, здзейсніў Сяргей Сматрычэнка.
Анатацыя:
“У 3:37 героя рамана пабудзіў тэлефонны званок і начная размова з маці расхвалявала дагэтуль спакойную роўнядзь успамінаў. Ён вяртаецца ў перыяд даспявання ў мараўскім Пршэраве, да перажыванняў маладога квір-хлопца, які расце ў кансерватыўным прамысловым горадзе, да таго ж у сям’і, якая не жыве ў дастатку. Як бы ні мянялася атачэнне, яно карае адрознасць. Герой літаральна прэпаруе сваю памяць. Гэта нагадвае працэс, калі мы разглядаем старыя фатаграфіі і пры гэтым шукаем дробныя дэталі, якія нярэдка раскрываюць значна больш, чым толькі тое, што відавочна на першы погляд. Герой расказвае пра маці, бацьку і дзеда, пра цкаванне, алкагалізм або змірэнне са сваёй адрознай сэксуальнай арыентацыяй. Ён разбірае на асобныя частачкі не толькі ўласныя ўспаміны, але і ўсю калектыўную памяць сваёй сям’і”.
Паводле свайго стылю раман “Прэпарацыя памяці” цудоўна ўпісваецца ў адзін шэраг з творчасцю такіх аўтараў, як Оўшэн Вуонг ці Эдуар Луі.
“Нячорна-белае сведчанне пра сілу і слабасць. Яно асвятляе тыя месцы, дзе мы бываем выключна сам-насам з сабой”, — гэтак адгукнулася на раман Марэка Торчыка журналістка, вядоўца і пісьменніца Лінда Барташава.
Кнігу можна купіць праз сайт выдавецтва, а таксама ў кнігарні “Кнігаўка” ў Варшаве.
Марэк Торчык (1993) — паэт, празаік і публіцыст. Родам з Пршэрава, жыве ў Празе, дзе ў Карлавым універсітэце вывучаў англамоўныя літаратуры і культуры. У 2016 г. выдаў зборнік вершаў “Рызомы”, пасля чаго свае празаічныя і паэтычныя творы публікаваў пераважна ў часопісах. У 2018 і 2020 гг. стаў адным з дзясятка фіналістаў чэшска-славацкага конкурсу “Вершы SK/CZ”. Дэбютны раман “Прэпарацыя памяці” (2023) прынёс аўтару адразу дзве прэстыжныя ў Чэхіі ўзнагароды – “Magnesia Litera” за найлепшую празаічную кнігу года і Прэмію Іржы Ортэна за найлепшую кнігу ад аўтара да 30 гадоў.






