13 лютага ў Віленскім доме літаратараў пройдзе прэзентацыя анталогіі літоўскай паэзіі “Горад на гары”. Кніга ўключыла ў сябе 29 галасоў найноўшай літоўскай паэзіі, перакладзеных беларускімі калегамі. Каардынатарам праекта выступіў Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Імпрэза адбываецца ў межах Стральцоўскага паэтычнага фестывалю ў Вільні.
Ідэя кнігі належыць паэтцы і перакладчыцы Марыі Мартысевіч. Цягам больш як дзесяці гадоў на паэтычным фестывалі “Вершы на асфальце” традыцыйна выступалі госці з Літвы — паэты і перакладчыкі, кіраўнікі пісьменніцкіх арганізацый. Прачытаныя на фэсце вершы не раз друкаваліся ў перыядычных выданнях, перадусім у часопісе “Дзеяслоў”, але ніколі не аб’ядноўваліся ў кнігу. Як развіццё гэтай ідэі, з’явілася думка прадставіць сучасную паэзію Літвы як мага больш шырока, бо прадстаўнічыя анталогіі з дзясяткамі аўтараў не выходзілі на беларускай мове з савецкіх часоў.
![](https://bellit.info/wp-content/uploads/2025/02/476240218_637213198819849_8429926719830253797_n-1024x576.jpg)
Пры дапамозе кансультантаў, паэтаў Маруса Бурокаса і Вітаса Дэкшніса, стваральнікі анталогіі — Марыя Мартысевіч, Андрэй Хадановіч і Ціхан Чарнякевіч — выбралі спіс найбольш яркіх аўтараў і кніг, якія выйшлі ў Літве ў апошняе дзесяцігоддзе і з’яўляюцца вызначальнымі і найбольш актуальнымі для разумення сучаснай літаратурнай сітуацыі ў краіне. Такім чынам, у кнізе “Горад на гары” чытачы пабачаць і тыя тэксты, якія ўжо можна было прачытаць у перыёдыцы, аднак ладную частку анталогіі складаюць творы, якія былі перакладзеныя адмыслова для гэтага выдання.
Кніга змяшчае біяграмы ўсіх аўтараў і аўтарак анталогіі з пералікам асноўных публікацый і кніг. Анталогію адкрывае кароткі нарыс гісторыі літоўскай паэзіі, напісаны Ціханам Чарнякевічам. Выданне аздобленае мастацкімі творамі фотамайстроў Кацярыны Мяць і Генадзя Шарыпкіна.
Прэзентацыя анталогіі адбудзецца 13 лютага ў Доме літаратараў у Вільні (Vilniaus literatų namai, Šv. Jono g. 11). Пачатак у 18:00.