Як “Дзяўчынка з Беларусі” з’явілася ў Бразіліі

“Дзяўчынка з Беларусі” выйшла ў выдавецтве “Папуры” ў канцы мінулага года, але ўжо захапіла сваёй незвычайнай гісторыяй беларускіх дзяўчатак і хлопчыкаў, а таксама іх бацькоў, трапіла ў папулярныя падкасты і блогі і выклікала цікаўнасць: як такая гісторыя нарадзілася ў аўтаркі з Бразіліі?  

Перакладчыца кнігі Воля Фіранка сустрэлася з аўтаркай Бландзінай Франку і ілюстратарам Жузэ Карлусам Лолу, каб разам адказаць на чытацкія пытанні. Бразільскія “бацькі” “Дзяўчынкі з Беларусі” ўпершыню ўбачылі пераклад сваёй кнігі на беларускую мову і адразу адзначылі якасць выдання: “Ды яна прыгажэйшая за бразільскую! Пакажам мясцовым выдаўцам, як трэба рабіць кнігі!“.

Воля: Самае відавочнае пытанне: Чаму Беларусь? Увогуле, што вы ведалі пра Беларусь да таго, як вырашылі напісаць такую кнігу?

Бландзіна: Зусім нічога! Калі я пішу, то забаўляюся, і яшчэ я вельмі люблю мапы. Менавіта для гэтай кніжкі я шукала на глобусе не надта вядомыя месцы, пра якія мала гавораць у Бразіліі. Лёгка ўзяць і напісаць кніжку пра які-небудзь… Парыж. Але я хацела пагуляцца, ну і ткнула пальцам у мапу, і трапіла ў Беларусь. А тады стала шукаць у інтэрнэце, глядзець, цікава гэта ці не. І стала выдумляць гісторыю, што там можа быць, і вось ужо з’яўляюцца іншыя дзяўчынкі ў іншых цікавых месцах, а вось яшчэ пра палярнае ззянне, і пра Кадзьяцкіх крабаў…

Воля: Мне гэта нагадала, што калісьці іншы бразільскі пісьменнік Грасіліяну Рамус напісаў апавяданне “Мінск”. І там таксама было пра мапу — дзяўчынцы падарылі чыюка (папугай), і яна прыдумляла яму імя. Пусціла хадзіць па мапе, а калі ён спыніўся — аказалася, што на слове “Мінск” — так яго і назвала. Таксама нечаканае з’яўленне беларускай сталіцы ў бразільскай літаратуры. А вы глядзелі мапу на паперы ці ў інтэрнэце?

Бландзіна:  І так, і так. У мяне яшчэ быў глобус — дарэчы, дзе ён падзеўся? Мне падабаецца разглядаць глобус, не абавязкова новы, стары можа быць і цікавейшы. А потым я іду ў гуглмапс, і там шукаю далей. Не раблю нейкае там сур’ёзнае гістарычнае даследаванне ў бібліятэцы, а шукаю нейкія цікавосткі, нешта вясёлае, незвычайнае. Я думаю, ёсць шмат цікавых месцаў у свеце, не абавязкова вядомых. Гісторыі існуюць незалежна ад папулярнасці месцаў. Трэба мець вочы, каб убачыць.

Лолу: Твае вочы.

Бландзіна: Так, маёй гісторыі трэба мае вочы. Іншыя вочы ўбачаць іншае. Вядома, асабліва, калі вы з Друі ці Браслава.

Воля: А як натрапілі на Браслаў і Друю?

Бландзіна: Павялічвала мапу, чытала назвы. Часам гісторыя патрабуе, каб дзяўчынка была ў пэўным месцы, і каб гэта мела сэнс. Мне часам проста падабаецца, як гучыць нейкая назва, потым я гляджу, што там яшчэ побач. Усё вельмі інтуітыўна адбываецца — я не надта сур’ёзная аўтарка.

Лолу: Яна пісала новы раздзел штотыдня. Напісала першы раздзел, не ведаючы, што будзе далей. І стварала задачы, не ведаючы, як будзе іх потым развязваць. Мне здаецца, Бландзіна піша, як… Ведаеце, у Бразіліі ёсць такі народны метад пошуку вады — дзе капаць калодзеж. Чалавек ходзіць з такой галінкай-рагацінай, трымаючы яе за “рогі”, і там дзе яна затрымціць, значыць, ёсць вада і трэба капаць. Метад навукай непацверджаны, але, кажуць, працоўны! Вось Бландзіна так піша.

Бландзіна: Мяне запрасілі пісаць блог для аднаго праекта, пра літаратуру. Але я не журналістка і не літаратурны крытык. Таму сказала: магу напісаць хіба нейкую гісторыю, навэлу, новы раздзел штотыдня. Пачала пісаць пра гэтую дзяўчынку, стала шукаць месца, дзе б яе пасяліць. Там было пэўнае абмежаванне па знаках, і штотыдня я пісала новы раздзел. Гэтую гісторыю я пачала пісаць, не ведаючы, куды яна прывядзе. Лолу смяяўся з мяне: Божухна, як ты будзеш цяпер выкручвацца? А я і сама не ведала — паглядзім.

Увогуле мы з Лолу выпусцілі ўжо больш за шэсцьдзесят дзіцячых кніжак, але яны звычайна для дзетак 7–8 гадоў, там большыя ілюстрацыі і менш тэксту. Гэта першая кніга, дзе так шмат тэксту і столькі геаграфіі.

Воля: Мне давялося таксама шмат шукаць, калі перакладала, і спраўджваць, ці рэальныя гэта мясціны. Сапраўды шмат такіх месцаў, пра якія не заўсёды пачуеш — і Эдынбург-Сямі-Мораў, і Кадзьяк, што ўжо казаць пра “маленькі невядомы востраў пад назвай Мінінорка”. Трэба было правільна транслітараваць геаграфічныя назвы — гэта ж у мовах з лацінскім алфавітам назвы проста капіруюцца, а ў нас усе назвы прыстасоўваюцца да нашай фанетыкі.

Лолу: Я ж кажу, чытачам перадаецца тое ж захапленне аўтаркі падчас пошукаў. Гляньце, што адбываецца ў нейкім далёкім месцы, пра якое мы нічога не ведаем!

Воля: Так, і з імёнамі таксама цікава. Бервальд — не зусім відавочна, але пасля пошукаў — адсылае да германскіх мядзведзяў (ber) з лесу (wald). Nicolau ў беларускім перакладзе стаў больш “родным” для нас Міколам. З імёнамі бабуль было няпроста, бо першыя склады іх імёнаў — Фулвія, Лавінія і Наташа — ствараюць слова Фулана — вельмі спецыфічнае слова, якое ў партугальскай выкарыстоўваюць для называння невядомай асобы, nomen nominandum. У беларускай няма дакладнага адпаведніка, і ў перакладзе іх імёны — Гэлена, Таццяна і Ядзвіга (Гэля, Таня, Ядзя) — складаюцца  ў “Гэтая” (“Я шукаю старую, ну, Гэтую!” — “Што яшчэ за Гэтая? Гэтай мне толькі не хапала!”).

Некаторыя чытачы пыталі, ці не хацелася зрабіць кнігу яшчэ большай, каб падрабязней распавесці такую шматдэталёвую трохі хаатычную гісторыю?

Бландзіна: Магчыма, гэта яе сапсавала б. Бо калі зашмат тлумачыш, губляецца нейкая загадкавасць, выходзіць нешта настаўніцкае. Ну і ўвогуле ў мяне такі стыль, я пастаянна змяняю тэму. Гэта не ў маім стылі — шмат тлумачыць.

Воля: Дарэчы, дарослыя чытачкі пісалі, што часам нават злаваліся на тое, як аўтарка “віляе ды валаводзіць”, пераскокваючы з тэмы на тэму, а дзецям, наадварот, гэта падабалася.

Бландзіна: Калі мы пішам — то трэба прыцягнуць увагу. Дзецям мусіць быць цікава, што ж там будзе. І дарослых, нават калі злуе, — яно прыцягвае ўвагу. Такі трук. І я ж пісала гэтую гісторыю паступова. Як з імем дзяўчынкі — у нейкі момант ужо немагчыма было адмовіцца ад гэтай гульні, трэба было працягваць — як жа мы высветлім яе імя?

Лолу: Імправізацыя і няведанне, што будзе далей, робіцца часткай гісторыі.

Бландзіна: Я не толькі апавядальніца, але і чытачка таксама, мне таксама цікава, што там далей. Увогуле нейкі цуд, што ў выніку ўсё ўдалося звязаць. Некаторым пісьменнікам важна ведаць канец гісторыі, яны пішуць, думаючы пра гэта. Іншым — не. Я не ведаю, куды яна мяне завядзе, пішу сабе — іду за ёй.

Воля: Гэта заўважна ў тэксце — аўтарка выступае нібы асобны персанаж, як вам такое прыйшло ў галаву?

Бландзіна:  Нехта ж апавядае гісторыю, у нашых кнігах звычайна ёсць які-небудзь расказчык, а тут, калі я сама апавядаю, то чаму б не зрабіцца такім прысутным у кнізе персанажам?

Воля: Сапраўды! Яшчэ пытаюць, чаму ў дзіцячай кнізе памірае столькі людзей?

Бландзіна: Гм, колькі? Дзяўчаткі не паміраюць, бабулі таксама, мядзведзь не памірае, Бервальд не памірае. Паміраюць толькі мама і тата дзяўчатак. А яшчэ той бандыт — але тут ніхто не абураецца. Ну а бацькі — тое было неабходна для нашай гісторыі, каб бабулі вырасцілі дзяўчатак у розных частках свету. І яны ж не кінутыя, не самотныя. У іх ёсць бабулі, ёсць Бервальд і нават кадзьяцкі мядзьведзь!

Воля: Як вы пішаце кнігі, ці ёсць нейкія рытуалы, дысцыпліна?

Бландзіна: Дысцыпліна? Суцэльны бардак. Няма нейкага правіла, кожная кніга пішацца па-рознаму. Але ўвогуле я лепш пішу раніцай, калі дома нікога няма, сын у школе. А па абедзе заўсёды з’яўляецца купа розных спраў, тады цяжэй пісаць. Мне патрэбны толькі камп’ютар, навушнікі і музыка. Лолу кажа, што заўжды адна і тая ж, але гэта не так. Часцей гэта нешта класічнае. “Дзяўчынку з Беларусі” я пісала, здаецца, пад “Санаты для флейты” Баха, або “Паравіны году” Вівальдзі.

Воля: Пра каго вы найперш думаеце, калі пішаце: пра сябе, пра чытачоў-дзяцей, пра іх бацькоў?

Бландзіна: Ні пра каго, а пра саму гісторыю. Думаю: напішу-ка я кнігу пра сабаку, якога зваць Пук! [Гэта кніга шукае беларускага выдаўца! — В.Ф.] Або пра дзірку. Або пра злосць. Або пра дзяўчынку. І думаю пра гісторыю, і вядома, думаю, як апавесці яе маленькім чытачам, якой мовай. Але перадусім — гісторыя. Лолу, калі ты малюеш, ты ж таксама думаеш пра малюнак, праўда?

Лолу: Вядома, пра малюнак, не пра тое, хто на яго будзе глядзець. Калі малюю, я адпачываю. Магу ўвесь дзень маляваць. [падчас нашай размовы Лолу ўвесь час малюе акварэллю ў альбоме і на асобных аркушах — В.Ф]. А з кнігамі бывае, што мы ствараем іх адначасова, а бывае, што дастаткова прачытаць тэкст. А часам трэба вывучаць персанажа. У іншых кнігах мы звычайна імкнуліся зрабіць так, каб тэкст і ілюстрацыі дапаўнялі адно адное, каб адно без іншага не было цалкам зразумела. А тут тэкст галоўны, таму як бы я граю на бас-гітары, а Бландзіна — саліруе. Так мне, вядома, больш камфортна і спакойна. Калі гісторыя выходзіла ў блогу, там ужо былі гэтыя ілюстрацыі-віньеткі, у пачатку кожнага раздзела. Таму героі былі створаныя. Але іншыя малюнкі я дадаў потым ужо для кнігі.

Воля: Дарэчы, беларускія бабулі выйшлі вельмі праўдападобнымі. І хатка — дакладна як у нашай вёсцы!

Лолу: Так, я шукаў рэферэнсы, вядома, у інтэрнэце. Мне вельмі падабаецца ваша традыцыйная вышыўка. А яшчэ ў мяне была старая кніжка пра адзежу, з арнаментамі. Я купіў яе яшчэ да шлюбу, для Бландзіны, бо яна любіць шыць лялькі. Не ведаю, на якой мове, кірыліцай напісана [пасля высветлілі, што гэта альбом «Українське народне мистецтво. Вбрання» 1961 года выдання — В.Ф.]. Але я яе знайшоў і гляджу — там нешта падобнае. Таксама ёй натхняўся.

Воля: Ці ёсць у вас улюбёны персанаж?

Лолу: Безумоўна, мядзьведзь!

Бландзіна: А мне падабаецца Бервальд. Ён вельмі вясёлы, і яго трошкі шкада, усё яму не шанцуе. Насамрэч, мне ўсе падабаюцца.

Воля: Ці думалі вы, што “Дзяўчынка з Беларусі” будзе вядомай у Беларусі?

Бландзіна: Зусім не! Насамрэч, я не чакала, што яе ўвогуле надрукуюць кнігай у Бразіліі, першапачаткова гэта была гісторыя для блога. Але яна ўвайшла і ў дзясятку найлепшых дзіцячых кніжак 2023 году, і рэкамендаваная міністэрствам адукацыі. Штопраўда, іншыя нашыя кнігі больш вядомыя ў Бразіліі, атрымлівалі прэміі, хаця мы іх не падлічваем — не гэта галоўнае — і перакладаліся на розныя мовы. Але гэта наша першая кніжка кірыліцай!

Даведка пра аўтарку і ілюстратара кнігі «Дзяўчынка з Беларусі» (з кнігі):

Бландзіна Франку нарадзілася ў Бразіліі ў горадзе Барэтус і пераехала з сям’ёй у Сан-Паўлу, калі ёй быў адзін год. Дачка драматурга Жоржы Андрадэ, яна расла сярод кніг і навучылася ад бацькоў, што чытанне — прыемны занятак. Аднак толькі бліжэй да сарака гадоў зразумела, што хоча пісаць кнігі для дзяцей.

Жузэ Карлус Лолу нарадзіўся ў Сан-Паўлу. Ён — арт-дырэктар, які атрымаў важныя ўзнагароды і працаваў у найбуйнейшых рэкламных агенцтвах Бразіліі. Але найбольш яму падабаецца ілюстраваць кнігі. Ён стварыў ілюстрацыі і графічныя праекты для многіх аўтараў, у тым ліку для вядомых бразільскіх пісьменніц Адрыяны Фалкан, Аны Марыі Машаду і пісьменніка Мануэла дэ Баруса.

За апошнія гады Бландзіна і Лолу выдалі разам больш за 50 кніг і атрымалі некалькі важных бразільскіх і міжнародных прэмій. Акрамя Бразіліі, некаторыя іх кнігі выходзілі ў Партугаліі, Турцыі і Кітаі. А цяпер і ў Беларусі.

Яны тройчы былі фіналістамі прэміі Jabuti («Жабуці»): у 2011 годзе з кнігай Quem soltou o Pum («Хто выпусціў Пука») і ў 2013 годзе з O peixe e a Passarinha («Рыбка і птушачка») у катэгорыі «Дзіцячая кніга», а таксама ў 2015 годзе з O coiso estranho («Дзівак») у катэгорыі «Ілюстрацыя дзіцячай кнігі».

У 2014 годзе яны атрымалі сваю першую прэмію Jabuti («Жабуці») з кнігай As crônicas da Norma («Хронікі Нормы») у катэгорыі «Дыдактычная і парадыдактычная кніга», а ў 2015 годзе — другую Jabuti («Жабуці») з кнігай A Raiva («Злосць») у катэгорыі «Дзіцячая кніга». Таксама ў 2014 годзе яны сталі лаўрэатамі прэміі João de Barro («Жуан-дэ-Бару») з кнігай Vovó não sabe mais nada («Бабуля нічога ўжо не ведае»).

Кніга Quem soltou o Pum («Хто выпусціў Пука») у 2012 годзе атрымала ганаровую згадку на прэміі Prémio Bologna Ragazzi Digital Award на Балонскай кніжнай выставе. A Raiva («Злосць») выдавалася ў Турцыі, Кітаі і Партугаліі, а Quem soltou o Pum («Хто выпусціў Пука») і Isso é  meu! («Гэта маё!») — таксама ў Партугаліі.

Калі Бландзіна і Лолу пазнаёміліся, то захапіліся працай адно аднаго і таксама закахаліся адно ў аднаго. Яны не падарожнічалі так шмат, як дзяўчынка з Беларусі, і ніколі не бачылі, як змагаюцца кадзьяцкія крабы-волаты, але гэта не мае значэння для іх біяграфіі, бо ніколі не ведаеш, што можа здарыцца заўтра.

Яны жывуць у доме, поўным кніг і цацак, разам са сваім сынам Жузэ. Замест куніцы ў іх ёсць два сабакі — Табіяс і Тэрэза, якія падарожнічаюць разам з імі, як Красуня — з дзяўчынкай.

Яны называюць гэтую сваю кампанію «Цырк Бландолу» (Бландзіна і Лолу).

Іх кнігі і працы можна паглядзець на сайце: www.circoblandollo.com.br.

Воля Фіранка спецыяльна для Bellit.info
фота Волі Фіранкі