Аб чым гаворка ў польскамоўнай кнізе пра Кобрын?

Выдавецтва Austeria выпусціла з друку кнігу Хэлены Ліндскуг “Trzy razy Kobryń” (“Тры разы Кобрын”). Аўтарка дзеліцца сваімі нататкамі з наведвання Кобрына ў 1988, 2017 і 2019 гадах. Цікавасць да горада ў аўтракі праз паходжанне, ейны тата-габрэй жыў у Кобрыне перад Другой сусветнай вайной. Кніга каштоўная не толькі ўспамінамі пра Кобрын, але і апісаннем важных дэталяў познесавецкай штодзённасці, піша Алеся Лях для “Будзьмы”.

Кніжка складаецца з трох раздзелаў аб падарожжах аўтаркі Хэлены Ліндскуг (зявочае прозвішча Стаўская), якая жыве ў Швецыі, у Кобрын: першае 28 ліпеня 1988 году, другое ў жніўні 2017 году і трэцяе ў ліпені 2019-га.

Кобрын цікавіў яе як малая радзіма бацькі-габрэя. Між 1939 і 1941 гадамі, пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, шмат габрэйскіх і польскіх жыхароў Кобрына было вывезена ўглыб СССР. Бацька Хэлены Ліндскуг тады меў 30 год. “Дзякуючы” гэтай дэпартацыі ён перажыў Халакост. А вось ягоная сям’я (бацькі, сёстры, швагры і пляменнікі) трапілі спачатку ў кобрынскае гета, а потым былі расстраляныя каля Броннай Гары.

1946: некалькі гадзін у Кобрыне, якія запомніліся на ўсё жыццё

Кніга таксама змяшчае ўспаміны аб падарожжы праз Кобрын бацькоў аўтаркі ў 1946 годзе. Яны пабраліся недзе над Волгай, і калі скончылася вайна, скарысталіся правам бацькі Хэлены, грамадзяніна ІІ Рэчы Паспалітай, на рэпатрыяцыю ў Польшчу. Тады пара правяла ў Кобрыне ўсяго некалькі гадзін.

Да самай смерці бацька аўтаркі шкадаваў, што заехаў туды. Ён наведаў кватэру, дзе жыў з сям’ёй да вайны, і пабачыў у ёй новых жыхароў, якія карысталіся іх старой мэбляй. Калі яму адчынілі дзверы і даведаліся, што ён стары ўладальнік, у яго з’явілася думка, што ён можа быць забіты на месцы: “Будуць жа бараніць сваю новую маёмасць. Не могуць аддаць здабытага раю. Ім абяцалі, што нас усіх забілі немцы“. Але ён патлумачыў новым гаспадарам, што едзе ў Польшчу і не будзе прэтэндаваць на маёмасць. Сеў з імі за стол, хаця ўвесь час іх баяўся. З палёгкай пакінуў кватэру. Вось як ён апісваў цэнтр Кобрына: “Я хадзіў па рынкавай плошчы, якая больш не патанала ў брудзе. Яе выклалі надмагільнымі помнікамі з прылеглых габрэйскіх могілак“.

1988: паездка з бацькам у Кобрын

У 1988 годзе Хэлена Ліндскуг наведала Кобрын разам з бацькам, які праз два гады памёр.

Гэтым разам ён ледзь пазнаў рынкавую плошчу: “А, гэта ўласна там знаходзіліся вялікія гандёыя рады. Аграмадныя, з сотнямі малых крамак і шапікаў на колах, з якіх мужчыны з пэйсамі і ў доўгіх чорных каптанах спрабавалі прадаць усё, што можна было. Крычалі адно да аднаго на ідышы. З павагай звярталіся да прадстаўнікоў польскай улады, бо ўлада мела грошы. Сварыліся з сялянамі па-беларуску ці па-ўкраінску. Шмат крычалі і спрачаліся. Прадавалі мала. Было цесна. Пахла часнаком, курыным памётам і свежаспечаным хлебам”.

Пра расстрэлы габрэяў з гета наведнікам з-за мяжы распавёў мясцовы жыхар: “Першы вываз быў у 42-м годзе. Яны сабраліся ўсе разам, і равін ім сказаў, што нікому нельга супраціўляцца. Што павінны ісці спакойна, бо надышлі такія часы. Сказаў ім гэта ў Вялікай сінагозе, бо іх усіх туды сабралі”.

Хэлена Ліндскуг занатавала ўспаміны не толькі ўласна пра Кобрын, але і агулам з паездкі, таму з кнігі можна даведацца пра дэталі познесавецкай штодзённасці.

2017: Кобрын, Гарадзец і месца расстрэлу сям’і

У другую паездку, у 2017 годзе, ужо сама, Хэлена Ліндскуг наведала вёску Гарадзец, дзе ейны бацька нарадзіўся і жыў першыя гады, да пераезду ў Кобрын, і месца расстрэлу ягонай сям’і каля Броннай гары.

У тую вандроўку аўтарка заўважае, што ў параўнанні з 1988 годзе ў Кобрыне адноўлены каталіцкі касцёл, унутры якога раней нават дрэвы раслі, але будынак сінагогі, у якім за савецкім часам месцілася фабрыка безалкагольных напояў, так і застаўся цалкам занядбаны. У Гарадцы яе ўражваюць козы, што ходзяць па вуліцы, і бюст Фелікса Дзяржынскага.

2019: Кобрын, сінагога ў аварыйным стане

Трэцюю вандроўку Хэлены Ліндскуг у 2019 годзе арганізуе ініцыятыўная група Музея гісторыі і культуры габрэяў у Менску. У праграму ўваходзіць наведванне розных беларускіх гарадоў, у тым ліку Менску, Віцебску і Наваградку. Адзін дзень кожны з групы людзей, што маюць продкаў-габрэяў з Беларусі, праводзяць у мясцінах, якія іх цікавяць, з мясцовым краязнаўцам. Аўтарка, канечне, выпраўляецца ў Кобрын. Гэтым разам яна нарэшце ўваходзіць унутр будынка сінагогі, хоць яна і ў аварыйным стане.

Краязнаўца Юры Б. апавядае ёй, што святыню выкупілі ў гарадскіх уладаў нашчадкі кобрынскіх габрэй і хацелі аднавіць, але выявілася, што яшчэ раней будынак прадалі нейкім бізнэсоўцам пад знос. Трывала справа аб высвятленні права ўласнасці, а сінагога тым часам разбуралася.