На беларускім стэндзе (11/D5) у межах Варшаўскага кніжнага кірмаша да 31 траўня можна набыць новую кнігу Паўла Севярынца “Беларусь – гэта святое”. Самога аўтара на кірмашы не будзе, але на кожным асобніку на продаж стаіць аўтограф.
“Беларусь – гэта святое” – зборнік-сведчанне, створаны за кратамі і складаецца з турэмных малюнкаў, вершаў і выслоўяў Паўла Севярынца.
Што ўнутры кнігі?
71 малюнак беларускіх храмаў – аўтар маляваў іх для свайго сына Францішка, пакуль турэмная цэнзура не ўвяла забарону на малюнкі.
71 выслоўе, якое дапамагае знайсці апірышча ў цяжкія часы.
22 вершы, большасць з якіх публікуецца ўпершыню. Вершы Паўлу даводзілася вучыць на памяць, бо ў апошнія гады лісты з вершамі з турмы таксама не выпускалі.



“Беларусь у турме адчуваецца як страчаны рай.
Днямі да непрытомнасці згадваеш узгоркі на даляглядзе — быццам зямля дыхае. У памяці дрыжаць цені ад ліхтара на ходніках. Блішча срэбрастая плынь ракі, аж прымружваецца. Выклікаеш пах палявых кветак пад гарачым сонцам — нібы зёлкі заварваеш. Заплюшчыш вочы — і свецяцца абліччы мілых людзей.
Уначы — сніш беларускі лес з баравікамі ў дубровах альбо сям’ю за гарбатай на кухні ўдома.
Молішся — і Бог адчыняе сэрца вобразамі Беларусі”.
Таксама кнігу можна набыць праз краму Vyraj.pl.






