Да 140-годдзя з нараджэння Вацлава Ластоўскага Скарынаўская бібліятэка публікуе матэрыялы фотаальбома этнаграфічнай экспедыцыі беларускага дзеяча на Случчыну і Мазыршчыну ў 1928 годзе. Выданне падрыхтавалі сумесна выдавецтва Czabor Publishing і Skaryna Press.
У выданні ўпершыню шырокаму колу чытачоў прадстаўляюцца выявы з арыгінальнага альбома экспедыцыі, які захоўваецца ў Бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Унікальныя фотаздымкі з узорамі сакральнага мастацтва і архітэктуры, народнага касцюму, ткацтва і прадметаў побыту адлюстроўваюць багатую і самабытную культуру паўднёвых рэгіёнаў Беларусі. Уладальніца, аўтарка тэксту і каментароў выдання — мастацтвазнаўца, культуролаг і этнолаг Вольга Лабчэўская. Рэдактарка — Караліна Мацкевіч.
Альбом мае навуковую і практычную каштоўнасць для этнографаў, мастацтвазнаўцаў, культуролагаў, гісторыкаў навукі, музейных супрацоўнікаў і будзе цікавы шырокаму колу аматараў беларускай традыцыйнай культуры.
Кіраўніком экспедыцыі быў Вацлаў Ластоўскі, які ў той час загадваў кафедрай этнаграфіі Інбелкульту і быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музею. Складаны лёс напаткаў як матэрыялы экспедыцыі, так і ейных удзельнікаў: сталінскія рэпрэсіі, акупацыя падчас Другой сусветнай вайны. Але фотаальбом, уратаваны падчас вайны, захаваўся ў Лондане, расказваюць у выдавецтве Skaryna Press, дэманструюць фрагменты ўнікальнай кнігі, а таксама публікуюць артыкул Вольгі Лабчэўскай “Архіў забытай экспэдыцыі”
Набыць выданне можна па спасылцы ў інтэрнэт-краме kniger.by з перасылкай па ўсім свеце. Або ў краме ў Мінску: ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41-42 (пн – пт з 11 да 18.30, сб з 11 да 17, нд з 11 да 16). Магчыма кур’ерская дастаўка па Мінску, кошт дастаўкі 8 рублёў.
Як паведамляў Bellit.info, выдавецтва Skaryna Press нядаўна выдала ці не самы поўны збор мовазнаўчых прац Вацлава Ластоўскага.