Да 140-годдзя Вацлава Ластоўскага (нар. 8 лістапада 1883 году) лонданскае выдавецтва “Скарына” падрыхтавала зборнік “Мовазнаўчыя працы” выбітнага навукоўца, літаратара і дзяржаўнага дзеяча. Кніга выйдзе ў другой палове лістапада.
Кнігу ўклаў палітолаг і сацыялінгвіст Уладзіслаў Гарбацкі (Вільня), а пасляслоўе напісала прафесарка Ніна Баршчэўская (Варшава).
Мовазнаўчая спадчына Вацлава Ластоўскага ўвасабляе багаты, разнастайны і дасюль актуальны матэрыял, які ахоплівае розныя сферы: гісторыю мовы, лексікаграфію, фанетыку, анамастыку, лексікалогію, сацыялінгвістыку, дыялекталогію, графіку. Ва ўсіх гэтых сферах навукоўца пакінуў смелыя і наватарскія напрацоўкі. Ён стаяў ля вытокаў беларускай сацыялінгвістыкі, бо ад першага мовазнаўчага тэкста ў 1912 годзе ў яго тлумачэннях і падыходах выразна чыталіся экстралінгвістычныя чыннікі.
Упершыню чытацтву прапануецца досыць поўны збор мовазнаўчых тэкстаў – каля сямідзесяці артыкулаў і нататак рознага аб’ёму, якія з 1912 па 1927 гады друкаваліся ў перыядычных выданнях (“Наша Ніва”, “Крывіч”, “Узвышша”) і календарах.
Вацлаў Ластоўскі вядомы сваёй лексікаграфічнай працай. Слоўнікі займаюць асобнае месца ў спадчыне выбітнага даследніка. Актуалізацыя іх спадчыны – асобная задача. Лепей зразумець гэты пласт дзейнасьці Ластоўскага дапамогуць сабраныя пад адной вокладкай тэарэтычна-практычныя мовазнаўчыя працы.
Кніга адрасуецца мовазнаўцам, этнографам і гісторыкам, і ўсім, хто цікавіцца спадчынай волата беларускай навукі.
Прэзентацыі кнігі пройдуць падчас канфэрэнцыі “Новым імкненням даць новыя формы. Вацлаў Ластоўскі і беларускія мовазнаўцы ў культурным дыскурсе 1920-30-х гадоў” 10 лістапада, да якой можна далучыцца дыстанцыйна, і ў пачатку снежня падчас кірмаша гістарычнай кнігі ў Варшаве. Дата прэзентацыі ў Вільні будзе абвешчаная дадаткова.
Перадзамову на кнігу можна зрабіць у кнігарні выдавецтва, а на сайце выдавецтва – прачытаць прадмову і змест.
Паводле прэс-рэлізу