Ідзе збор на беларускае выданне кнігі Дэвіда Грэбера “Булшыт Джобз”

Новая выдавецкая ініцыятыва “Дна Няма” збірае грошы на выданне кнігі вядомага антраполага Дэвіда Грэбера “Булшыт Джобз”. Партнёр ініцыятывы — выдавецтва Gutenberg. 

Дэвід Грэбер (1961-2020) быў антраполагам і адным з самых гучных галасоў Occupy Wall Street, якому прыпісваюць лозунг “Мы — 99%”. Эсэ пра бессэнсоўную працу ён апублікаваў у 2013 годзе, яно стала вірусным і было перакладзена на дзясяткі моў, а праз пяць гадоў вырасла ў кнігу. Ён правёў даследванне сярод белых каўнераў ЗША і Велікабрытаніі, але ягоная кніга знайшла рэзананс па ўсім свеце. І беларусы, вымушаныя працаваць на выпадковых пасадах, пасля эміграцыі, не будуць выключэннем.

Грэбер вылучае пяць тыпаў бессэнсоўных пасад: лакеі, якія існуюць, каб шэф выглядаў важным; наёмнікі, чыя праца — ціснуць на іншых; “затыкальнікі дзірак”, якія выпраўляюць чужыя памылкі; “галачкі”, што ствараюць уражанне, быццам нешта робіцца; і наглядчыкі, якія кіруюць тымі, каго не трэба кантраляваць. Ці не пазнаў ты ў гэтым спісе свайго былога кіраўніка? Ці самога сябе? Грэбер не спыняецца на дыягназе. Ён прапаноўвае абмеркаваць універсальны базавы даход як магчымы выхад.

У беларускай версіі выдання, якая выходзіць упершыню, чытач таксама зможа азнаёміцца з уводным эсэ Насты Сташкевіч пра важнасць кнігі ў нашым супольным кантэксце. Кантэксце, у якім бессэнсоўная праца выступае не толькі як феномен позняга капіталізма, а яшчэ як і нашчадак савецкай ідэалогіі агульнай занятасці.

На дадзены момант каманда выдавецтва набыла правы і пераклала каля адной траціны тэксту.

Паскорыць выхад кнігі можна, падтрымаўшы яе выданне на платформе Gronka.