Правілы жыцця ад Вацлава Ластоўскага

Нядаўна “Выбраныя творы” Вацлава Ластоўскага (1997 год), выдадзеныя “Беларускім кнігазборам”, былі прызнаныя судом “экстрэмісцкімі матэрыяламі” па заяве мінскай пракуратуры. Пра што пісаў Вацлаў Ластоўскі? Чым цікавіўся і якія ідэі прасоўваў? Bellit.info зрабілі падборку з дзесяці цытат беларускага грамадскага дзеяча, пісьменніка, гісторыка і літаратуразнаўцы.

***
Калi ходам развiцця культуры чалавек даходзiць да пазнання самога сябе, да ацэны сваiх духовых сiл, ён разам з бычачымi рагамi скiдае з сябе i багомленне рэальных форм у мастацтве. Пачынае сам тварыць неiснуючыя формы, устанаўляе канон мастацтва.

“Лабірынты”

***
У нас доўгае паднявольнае жыццё асляпiла народ, адабрала ад яго характар, цвёрдасць, гордасць нацыянальную, зрабiла яго слугой i нявольнiкам, скалечыла ягоную душу i давяло народ да таго, што ён мовы сваёй роднай, спрадвечнай, — той мовы, каторая песняй калыснай лiлася над iм з матчыных грудзей, пачаў стыдацца…

“З нашага жыцця”

***
Сталiца [маецца на ўвазе Полацк — старажытная сталіца] здалёку выглядае казiста i горда,— вычуваецца нейкая ўкрытая велiч i ў гэтых руiнах, што ляглi, як ранены рыцар, катораму час, быццам птахi-груганы паскуматалi цела, — ляжыць спакойны, бязмоцны, але гордасць застыгла на аблiччы яго, i, ступаючы па целу гэтага велiкана з слаўнай мiнуўшчынай, нехаця прыцiшаеш голас, каб не збудзiць заснуўшага…

“Беларускі вечар у Полацку”

***
Усе народы заўсягды пераймаюць нешта адзiн ад аднаго. Само сабой, нацыям, рэзка аддзеленым ад iншых, лягчэй захаваць сваю арыгiнальнасць, чым такiм, каторыя жывуць, скажам, пад адной дзяржавай побач з iншымi нацыямi, пры гэтым эканамiчна i палiтычна дужэйшымi.

“Аб патрэбе стылю ў жыцці народа”

***
У даўныя часы сiльныя дзяржавы распраўлялiся дужа проста з неўгамоннымi падбiтымi народамi: заваявацелi проста вырэзвалi цэлыя народы. Цяпер, само сабой, гэтак не робяць, але ўжываюць iншых спосабаў, каторыя называюцца адным словам: «дэнацыяналiзацыя», — гэта значыць нiшчэнне ўсiх нацыянальных асобнасцей падбiтага, пад’ярэмнага народа, усёй яго культурнай арыгiнальнасцi, яго «стыльнасцi». 

Каб падсаладзiць горкую пiгулку, вынiшчаючы нацыянальны тып, панiжаючы арыгiнальнасць перасiленага народа, усе дэнацыяналiзатары кажуць, быццам ад iх работы ўзрастае культура i багацце паднявольных народаў. Некультурнасць, беднасць гэтых народаў, каторая папраўдзе пры гэтым скора прыходзiць, яны аб’ясняюць агульнай бяздарнасцю, культурным гультайствам зваяваных народаў.

“Аб патрэбе стылю ў жыцці народа”

***
Браты-беларусы, не трэба сварыцца за тое, хто якой веры, бо як мудра кажа наша прыказка: усе веры перад Богам роўны, — гэта значыць, што няхай кожны верыць, як яму дыктуе сумленне, але цвёрда трэба памятаць, што мы, беларусы, сыны адной зямлi, становiм адзiн суцэльны народ беларускi, што глаўны знак нашага брацтва — гэта наша пераказаная нам ад прадзедаў беларуская мова, каторую мы павiнны любiць, шанаваць i старацца, каб i нашы дзецi любiлi i шанавалi.

“Раздзелы і сваркі”

***
Калi беларусы пачнуць па-беларуску звяртацца да тарговых iнстытуцый, да дактароў, да адвакатаў i да ўсiх iншых, хто, ад iх зарабляючы, жыве i багацее, тады хутка знойдуцца беларускiя тарговыя фiрмы, беларусы-адвакаты, беларусы-дактары.

“Перапіска ў беларускай мове”

***
Супакойцеся, ягамосцi, край наш не такi страшны, не такi сумны, брудны i бедны. Жывой красы ў прыродзе нашага краю, у людзях многа, хiба толькi тое сумна, што мы яе падмецiць, падгледзець не ўмеем.

“Сплачвайце доўг”

***
Уцякаюць дабравольна беларусы ад братняй няволi к чужым, i прадаюць iх у няволю, на пэўную смерць, i я скажу — лягчэй моўча памiраць памiж чужых, у чужой няволi, як на магiлах бацькоў сваiх, пад насмешкi i здзекi сваiх.

“Бяздомныя”

***
У якіх сто гадоў, паняволеныя народы аказваліся не толькі, саўсім праўна, абязпраўленымі, але і пазбаўленымі сваей слаўнай мінуўшчыны. Шчаслівыя пераможцы лепшыя балоны гісторыі паняволенага брата ўпісывалі ў сваю гісторыю. І, колішні патульны сусед ці нават васал, прыбраўшыся ў здзерты, з плеч заняпаўшага, пурпур, станавіўся „пурпурародным“…

“Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі”