Новыя кнігі: Поль Элюар “Каханне Паэзія”

Выдавецкая ініцыятыва Nadja, якая супрацоўнічае з выдавецтвам “Логвінаў”, выпусціла з друку кнігу Поля Элюара “Каханне паэзія” ў перакладах на беларускую мову. Гэта дэбютная перакладная кніга Веры Бакстэр.

Ініцыятыва Nadja плануе займацца перакладамі французскай літаратуры (дадаісты, сюррэалісты, папярэднікі авангарду). У планах мае выданне перакладаў графа Лётрэамона, Гіёма Апалінэра, Андрэ Брэтона, Луі Арагона і іншых.

“Для першага нашага выдання мы спецыяльна абралі Элюара, як аднаго з найбольш чытаных і “даступных” сюрэалістаў. Апошнія ягоныя пераклады выходзілі ў 1980 (аўтарства Эдзі Агняцвет) і з тых часоў не перавыдаваліся, таму нам важна такім чынам працягнуць традыцыю і адкрыць Элюара для беларускага чытача наноў”, — расказваюць заснавальнікі ініцыятывы і тлумачаць, што назву абралі паводле рамана Андрэ Брэтона, бо слова “Nadja” нібы масток паміж французскай і беларускай культурай.

Узорны зборнік Поля Элюара “Каханне паэзія”, прысвечаны іканічнай Галá, у якім афектыўная размаітасць, фармальная вынаходлівасць і ўнікальная шчырасць аўтарскай інтанацыі, зліваючыся ў адзіную плынь, ствараюць ці не найцікавейшы дакумент сюррэалісцкай чуллівасці.
⠀⠀
Выданне дапаўняюць каментар перакладчы:цы — накід апісання творчага метаду Элюара — і віртуозна-трапяткія абстракцыі Кацярыны Чуняк. Замовіць кнігу можна на сайце выдавецтва.

***

Зямля блакітная як апельсін
Ніякіх памылак словы не хлусяць
Яны вам больш не памогуць спець
Чарга вуснам паразумецца
Шаленцы і жарсці
Яна ейныя заручальныя вусны
Усе таямніцы ўсе ўсмешкі
І якая паблажлівасць строяў
Запэўніць у ейнай галізне.
Восы квітнеюць зялёна
Досвітак накідвае на шыю
Карáлі з вокнаў
Крылы ахутваюць лісце
Усе сонечныя радасці твае
Усё сонца над зямлёю
На сцежках твайго хараства.

***

Я сказаў табе гэта для хмар
Я сказаў табе гэта для дрэва ля мора
Я сказаў табе гэта для дрэва ля мора
Для кожнай хвалі для птушак у вецці
Для каменьчыкаў шуму
Для знаёмых рук
Для вока што робіцца тварам або краявідам
І сон вяртае яму неба ягонага колеру
Для выпітай ночы
Для тынаў усцяж гасцінцаў
Для раскрытага акна для адкрытага твару
Я сказаў табе гэта для думак тваіх для слоў тваіх
Кожная ласка кожны давер пратрываюць.

пераклад — Вера Бакстэр

Вера Бакстэр — перакладчы:ца і даследчы:ца французскай літаратуры. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. “Каханне паэзія” Поля Элюара — яе дэбютная перакладная кніга, а ў планах пераклады іншых французскіх авангардыстаў.