2–4 кастрычніка ва Уроцлаве пройдзе PRADMOVA — фестываль інтэлектуальнай кнігі, які збярэ беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, перакладчыц і перакладчыкаў, выдаўцоў і выдаўчынь, даследчыкаў, мастакоў і музыкаў. На працягу трох дзён адбудуцца больш за тры дзясяткі сустрэч, дыскусій, кніжных прэзентацый, паэтычных і музычных падзей. Асобная частка праграмы падрыхтаваная для дзяцей.
Тэма сёлетняй “Прадмаовы” — “Чужая Бацькаўшчына”. Ва Уроцлаве размова пойдзе пра жыццё паміж краінамі і мовамі, эміграцыю, памяць пра дом, пераклад і тое, як беларуская культура працягвае развівацца па-за межамі Беларусі.
Фестываль адкрыецца 2 кастрычніка дыскусіяй “Ці магчымы раман з Польшчай? Беларускія аўтары і іх перакладчыкі”. Альгерд Бахарэвіч, Уладзімір Някляеў, Яанна Бэрнатовіч і Богдан Кноп разам з мадэратарам Андрэем Хадановічам будуць гаварыць пра беларускую літаратуру ў польскім кантэксце і пра тое, што адбываецца з кнігай у падарожжы з адной мовы ў другую. Нагодай для размовы стануць польскія пераклады раманаў “Гэй Бэн Гіном” і “Сабакі Эўропы”.
Увечары Зміцер Дзядзенка і Андрэй Хадановіч запросяць на беларуска-польскі вечар іранічнай паэзіі “Блаславёныя крылы птахаў”, а завершыць першы дзень фестывалю канцэрт Яўгена Барышнікава.
У суботу 3 кастрычніка праграма пачнецца з прэзентацыі новага выдання “Доўгай дарогі дадому” Васіля Быкава з Уладзімірам Арловым і Яаннай Бэрнатовіч. Наста Карнацкая і Уладзімір Арлоў прадставяць беларускія выданні Рэя Брэдберы — “Віно з дзьмухаўцоў”, “Марсіянскія хронікі” і “451° паводле Фарэнгейта”.
Сабіна Брыло і Віктар Бабарыка сустрэнуцца з публікай падчас прэзентацыі кнігі “Справа Віктара Бабарыкі”. Альгерд Бахарэвіч прэзентуе кнігу “Падземныя пераходы”.
Адна з важных размоў суботы будзе прысвечаная эміграцыі і свабодзе. У дыскусіі “Эміграцыя і свабода: Ян Новак-Езяраньскі, Ежы Гедройць і сучасныя выклікі “Роднай Еўропы”” удзельнікі будуць гаварыць пра культуру і інтэлектуальнае жыццё па-за межамі краіны, пра досвед польскай эміграцыі і пра тое, што ён можа сказаць пра беларускую сітуацыю сёння.
Асобная частка праграмы звязаная з досведам турмы. У суботу адбудзецца дыскусія “Зноў пра турму? Галасы з-за кратаў…”, а ў нядзелю Максім Знак прадставіць кнігу “Каланісты”. Пасля размовы адбудзецца яго музычны выступ.
Суботу завершыць “Ноч паэзіі і музыкі”. У ёй возьмуць удзел Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Сабіна Брыло, Кацярына Ваданосава, Ігар Кулікоў, Уладзь Лянкевіч, Тацяна Нядбай, Уладзімір Някляеў і Андрэй Хадановіч. Ілля Сіўцоў выканае песні з альбома “Вершы” на словы Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Дубоўкі, Тодара Кляшторнага і Янкі Купалы.
4 кастрычніка ў праграме новыя кнігі, паэзія і вялікая размова пра пераклад. Віктар Шадурскі прадставіць “Зямлю пад шэрымі крыламі”, Дзмітрый Строцаў прачытае сваю паэму ў прозе “Как выглядит смерть”, а Кацярына Ваданосава і Аляксандра Канафальская раскажуць пра кнігу “Рэха дому”, у якой паэзія сустракаецца з візуальным мастацтвам.
У цэнтры нядзельнай праграмы таксама будзе дыскусія “Што сапраўды Ітакі тыя значаць?”. Перакладчык “Адысеі” Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Арлоў і Максім Жбанкоў разам з Андрэем Хадановічам пагавораць пра Гамера, вайну, вяртанне дадому і першы поўны беларускі пераклад “Адысеі”.
Уладзімір Някляеў прадставіць кнігу драматычных паэм “Літвіны”, фрагменты якой прагучаць у акторскім чытанні Кацярыны Ваданосавай і Васіля Калача.
Завершыць асноўную праграму сустрэча “Беларускія калыханкі” з Сержуком Доўгушавым — прэзентацыя аднайменнай кнігі і музычны майстар-клас.
Паралельна на другой пляцоўцы пройдуць сустрэчы, прысвечаныя сучаснай паэзіі, кніжным вокладкам, Сымоне дэ Бавуар па-беларуску, Марку Шагалу, беларускім выдавецтвам і праекту VEHA «Руіны Беларусі». Для дзяцей 4 кастрычніка пакажуць лялечны спектакль “Самае лепшае месца на свеце”, а таксама прадставяць “Цмок” — новую інтэрактыўную платформу беларускіх казак і гульняў.
Таксама традыцыйна можна будзе купіць кнігі выдавецтваў Gutenberg, RozUm Media, Kamunikat, “Мяне Няма”, “Полацкія лабірынты”, “Логвінаў”, Vesna, hochroth Minsk, “Янушкевіч”, Margenta, “Этнатрадыцыя”.





