Цягам восені розныя ініцыятывы выклалі ў агульны доступ шэраг аўдыякніг: ад класікі беларускай літаратуры да ўспамінаў літкрытыка Рыгора Бярозкіна пра рэпрэсіі ў БССР.
На YouTube-канале“Непаслухмяныя дзеці кастрычніка”, які займаецца агучкай твораў пісьменнікаў 20—30-х гадоў, выйша апавяданне Міхася Чарота “Бацюшка”.
“Можа, у гэтым апавяданні Міхась Чарот сказаў болей, чым збіраўся? Імаверна, ён пісаў антырэлігійны твор, а выйшла апавяданне пра сапраўдную і дэкаратыўную веру. Хацеў напісаць маніфест атэізму, а напісаў даследванне душы. Хацеў, можа, працягнуць палітыку партыі, а працягнуў развагі Хрыста пра вернасць і здраду. А, магчыма, бачыў, як няпроста адбываецца тое, што падавалася простым?” — тлумачаць выбар твору для аўдыякнігі на канале ініцыятывы.
Каманда праекту “Беларуская літаратура”, які агучвае перадусім творы школьнай праграмы, размясціла дзве новыя аўдыякнігі: “Непаўторная вясна” Івана Шамякіна і “Страта” Генрыха Далідовіча.
Ужо шмат гадоў аповесць “Непаўторная вясна” Івана Шамякіна ўтрымлівае першыя месцы ў вучнёўскіх рэйтынгах цікавых школьных кніг. Гэта прыгожая гісторыя кахання, расказаная без пафасу і залішняй драмы, вельмі знаёмая нам па нашым уласным жыцці, якую не можа перапыніць ані вайна, ані палітыка, ані злыя людзі.
Апавяданне “Страта” Генрыха Далідовіча мае звычайны пачатак: у клас прыязджае навічок. Далей таксама ўсё прагназавана: над ім кпяць, яго крыўдзяць, з ім не хочуць сябраваць. А вось потым расповед абарочваецца зусім нечаканым бокам. Не, тут не будзе барацьбы за павагу і перамогі, не будзе пакарання змоўшчыкаў ці выхаваўчых размоў. Але будзе такі паварот сюжэта, які прымусіць кожнага з нас спыніцца і пераацаніць усё, што мы ведаем пра дзяцей, дарослых, клас, навічкоў – і ўвогуле пра жыццё.
А на сайце Audiobooks.by выйшла ў аўдыяфармаце кніга “Не дай прапасці майму жыццю” — гэта ўнікальны дакумент, які змяшчае аповед беларускага літаратуразнаўцы і крытыка Рыгора Бярозкіна, запісаны пісьменнікам Ісакам Крамавым. У цэнтры спавядальных успамінаў Бярозкіна — трагічныя старонкі гісторыі XX стагоддзя: сталінскія рэпрэсіі, атмасфера татальнага тэрору ў Беларусі 1930-х гадоў і цяжкі лагерны досвед.
Расшыфроўка запісу аповедаў Рыгора Бярозкіна, зробленая Ісакам Крамавым у сакавіку 1979 году. Першыя тры часткі. Рукапісныя сшыткі належаць Любові Сум, расшыфроўка, апрацоўка і публікацыя матэрыялу — Ірына Шанаурына.






