Выйшаў пераклад рамана Рэмарка “У неба няма ўлюбёнцаў”

Выдавецтва “Папуры” працягвае выдаваць творы Эрыха Марыі Рэмарка ў перакладзе на беларускай мове. Раней выходзілі “Лісабонская ноч”, “Тры таварышы”, “На Заходім фронце без перамен” і “Трыумфальная арка”, а надоечы пабачыў свет раман “У неба няма ўлюбёнцаў”.

“Вядомы аўтагоншчык Клерфэ прыязджае ў швейцарскі санаторый «Бэла віста», каб наведаць былога напарніка, які лечыцца ад сухотаў. Там ён сустракае маладую, але цяжка хворую бельгійку Ліліян Дзюнкерк. Яна разумее, што здароўе ёй ужо не паправіць, і прымае рашэнне збегчы з санаторыя з Клерфэ. Ліліян верыць: той, хто на гонках зноў і зноў ставіць жыццё на кон і, гэтаксама як і яна, увесь час адчувае блізкасць смерці, будзе ёй добрым спадарожнікам у кароткім, не абмежаваным умоўнасцямі жыцці. Яны бавяць цудоўны, казачны час у Парыжы, на Сіцыліі, у Венецыі і Манака. Смутак хуткага расстання надае іхняму раману яшчэ больш жарсці. Чым жа скончыцца гэтая гонка са смерцю?” — гаворыцца ў анатацыі да твора.

Раман пераклаў Ігар Крэб. У выданне таксама ўвайшло пасляслоўе літаратуразнаўцы Тыльмана Вестфалена.

Кнігу можна купіць у кнігарнях у Беларусі і замовіць на маркетплэйсах: Параграф 45, Wildberries, Oz.by.