Дубавец расказвае пра новую манаграфію Міхася Раманюка, прысвечаную беларускім куфрам

У новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец расказвае пра постаць этнографа Міхася Раманюка і рэдагаванне ягонай манаграфіі “Беларускія народныя куфры”, якая неўзабаве мае выйсці з друку.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Распавяду вам пра сваю працу за мінулае кароткае лета, якую збольшага завершыў літаральна пару дзён таму. А рабіў я літаратурную рэдактуру кнігі, якую яе аўтар напісаў 30 гадоў таму, і праца заняла ў яго дзясяткі гадоў. Іншымі словамі, мы з вамі адправімся ў Беларусь кудысьці ў 1950-60-я гады, у тагачаснае жыцьцё, якое, у выніку засталося ня менш загадкавым, чым усё ў нашай беларускай гісторыі. Адправімся, натуральна, са спадзевам некаторыя тыя загадкі разгадаць. Прынамсі для сябе.

Кніга, якую я рэдагаваў, называецца “Беларускія народныя куфры” і напісаў яе слынны этнограф Міхась Раманюк. Гаворка там ідзе пра куфар, і гэта першае выданьне, цалкам прысьвечанае беларускім куфрам. Трэба ведаць, што Міхась Раманюк увогуле быў першапраходцам і асноўныя свае працы рабіў упершыню, дыхтоўна, зьмястоўна і прыгожа. 

А пачалося ўсё зь беларускіх народных строяў. Калясальная зьбіральніцкая, дасьледчая і рэпрэзэнтатыўная праца Раманюка этапна завяршылася выданьнем шыкоўнага альбому “Беларускае народнае адзеньне”. Напэўна, многія маюць гэты том у сваёй бібліятэцы. Для публікі гэта быў пачатак і адкрыцьцё тэмы, якая прыйшла ў беларускую культуру мноствам беларускіх народных строяў і ахапіла, запоўніла сабою самыя розныя сфэры ў модзе, тэатры, бізнэсе, мастацтве, хобі…

***

Троху нязвыкла прадстаўляць Раманюка як нашага сучасьніка, калі чалавека ўжо амаль трыццаць гадоў няма сярод жывых. Тым ня менш, я ўспрымаю яго як нашага сучасьніка. Ён нарадзіўся ў Кавалях на Брагіншчыне, а ўжо ў 1951-м сям’я пераехала на Койданаўшчыну, у Старынкі. Адрасы жыцьця быццам уваскрашаюць ва ўяўленьні колішнюю сядзібную або панскую Беларусь, дзе ўсе парадкі так ці інакш вызначаліся традыцыйным спрадвечным парадкам і правам, калі жыцьцём па ўсёй Беларусі кіравалі паважаныя арыстакраты, Аскеркі на Палесьсі ці Радзівілы, а пасьля Ленскія ў Старынках, дзе Раманюк скончыў сямігадовую школу. Дарэчы, менавіта Аляксандар Ленскі пачаў у першай палове ХІХ стагодзьдзя будаўніцтва касьцёла, які адразу асьвяцілі як уніяцкі храм, а ўжо ў 1839-м, пасьля забароны ўніяцкай царквы, расейскія ўлады перарабілі ў праваслаўную царкву.

Гэта важны эпізод агульнабеларускай гісторыі — ліквідацыя сваёй веры — уніі і захоп яе маёмасьці расейскім праваслаўем, якая радком упісаная ў хроніку кожнага беларускага паселішча. Тут, між іншым і пачынаецца гісторыя куфра як чыста вясковага твору мастацтва, якому прысьвечаная рэдагаваная мной кніга.

У кожным разе Міхась Раманюк быццам асьвяціў сваім зьяўленьнем тыя беларускія вёскі, у якіх жыў, пра што цяпер сьведчаць радкі Вікіпэдыі.

Дык вось, у Менску ён ня толькі атрымаў адукацыю, але стаў вядучым мастацтвазнаўцам і этнографам Беларусі, што пацьвердзіў і той выдадзены ў 1981 годзе фотаальбом пра “Беларускае народнае адзеньне”. Асабліва каштоўнае ў гэтай працы зробленае Раманюком раянаваньне: строі набылі прымацаваныя да іх геаграфічныя назвы: напрыклад, Кобрынскі строй ці Калінкавіцкі строй, Магілёўскі, Пухавіцкі, Лепельскі… Словам, беларусы ў той кнізе адразу шукалі натуральную вопратку ў тых раёнах, зь якіх яны паходзяць. А ў наступных кнігах яны знаходзілі рэканструкцыі строяў, была нават адмысловая сэрыя паштовых марак Беларусі, прысьвечаная народным строям.

Міхась Раманюк тым часам заснаваў і ўзначаліў унікальны часопіс “Мастацтва Беларусі”. Таксама ён, ужо прафэсар, кіраваў катэдрай гісторыі і тэорыі мастацтваў у Беларускай акадэміі мастацтваў. А ў 1996-м адкрыў пэрсанальную выставу ў Нацыянальным мастацкім музэі. Яна называлася “Беларускі нацыянальны касьцюм”.

Увогуле Міхась Раманюк стварыў больш за 350 мастацка-графічных рэканструкцый народных строяў. Відавочна працаваў з думкай пра будучыню.

***

Я быў знаёмы зь Міхасём Раманюком як з апекуном нашай студэнцкай Майстроўні. Людзі старэйшага пакаленьня, якіх аб’ядноўваў асяродак “На паддашку”, дбалі пра наступнае беларускае пакаленьне тагачаснай моладзі. Мастакі Марачкін, Купава, Кулік, Маркавец, мастацтвазнаўца Раманюк, гісторык Чарняўскі, мовазнаўца Садоўскі, філёзаф Конан, усіх не пералічыць, напоўніцу ўдзельнічалі разам з намі ў адраджэньні традыцыйных сьвятаў. І гэта быў дзівосны і шчасьлівы час.

У 1997 годзе Раманюк паклікаў мяне да сябе. Я знайшоў яго ў цалкам вычарпаным стане, цяжкая хвароба не пакідала яму шанцаў пры тым, што задуманых справаў у яго было вялікае мноства. Тады ён перадаў мне завершаны рукапіс альбома “Беларускія народныя крыжы”, унікальнага і зноў жа першага ў сваім родзе ў Беларусі — для рэдактуры і наступнага выданьня.

Альбом выйшаў у выдавецтве “Наша Ніва” ў 2000 годзе. Гартаю яго, сотні ўнікальных здымкаў з усёй Беларусі, і разумею, што большасьці крыжоў на выявах ужо няма ў нашай рэчаіснасьці. Дзіўнае зьмяшанае пачуцьцё шкадаваньня пра гэтую зьніклую беларускую натуру і ўдзячнасьці рупліваму майстру, які прысьвяціў жыцьцё таму, каб усё гэта засталося.

***

Куфар я памятаю з хаты маіх бабы і дзеда, у двухпавярховым драўляным доме, які стаяў у самым цэнтры Мазыра, на гарадзкім рынку. Сюды мы дзецьмі прыяжджалі ўлетку, на вакацыі. Куфар, а ў хаце яго называлі па-расейску “сундук”, служыў дзецям ложкам і здабываўся ў спрэчках, хто атрымае прывілею спаць на ім.

Па-сутнасьці гэта была скрыня простае формы з роўнай накрыўкай, пафарбаваная ў цёмна-карычневы, як і падлога колер.

Адкуль увогуле ў Беларусі ўзяўся куфар і калі — даволі складанае пытаньне. Натуральна, прыйшоў ён з Заходняй Эўропы, як від мэблі. Пачаткі Міхась Раманюк фіксуе ў шляхецкіх сядзібах, замках ды палацах. Але асаблівую цікавасьць яго прыцягвае куфар у сялянскай хаце, акаваны і размаляваны і тады зьяўляецца дакладны час — другая палова ХІХ — сярэдзіна ХХ стагодзьдзя, калі куфар літаральна запанаваў у хаце, калі яго спрэс выраблялі куфэрніцкія цэнтры, калі ён стаў цэнтральным пэрсанажам традыцыйнага абраду — вясельля. У куфар, акаваны і багата расьпісаны, маладая жанчына зьбірала сьвяточнае адзеньне, бялізну, каштоўнасьці — свой пасаг, які разам зь ёю пераяжджаў у хату жаніха.

Новы альбом, які неўзабаве пойдзе ў выдавецтва, як і ранейшыя выданьні Міхася Раманюка, будзе шыкоўным, багата ілюстраваным дыхтоўным выданьнем і, безумоўна, закрые сабою тую лакуну ў беларускай этнаграфіі, у нашым уяўленьні пра сваю культуру і пра нас саміх.

***

“Куфар меў прэстыжнае значэньне, як паказчык дастатку сям’і, — піша Міхась Раманюк, — а ў тых выпадках, калі сама гаспадыня размалёўвала свой вясельны куфар, ён быў сьведчаньнем яе ўмельства, густу, працавітасьці. І хоць у шырокі ўжытак куфар увайшоў параўнальна позна (як для народнага мастацтва), тым ня менш, кожная сям’я лічыла абавязковым (а ня толькі модным) набыць свой куфар. У гісторыі беларускай вёскі ён выконваў або выконвае шэраг функцый, найперш утылітарную і эстэтычную, а таксама абрадавую, магічную; паказваў на сямейнае становішча, саслоўную, этнічную прыналежнасьць.

Падчас экспэдыцый у блізкія і аддаленыя раёны Беларусі намі зафіксавана больш за тысячу прыкладаў скрынкавых формаў мэблі, атрыманая каштоўная інфармацыя ад іх стваральнікаў, апісаны працэс стварэньня і бытаваньня, адлюстраванае месца куфра ў традыцыйных абрадах, у натуральным асяродзьдзі сялянскай хаты”

Навуковая фармулёўка куфра ў Раманюка гучыць так:

“Слова „куфар“ паходзіць ад нямецкага „Koffer“. Калі паняцьце „скрыня“ ўключала ў сябе самыя разнастайныя, вядомыя з глыбокай старажытнасьці скрынкавыя пасудзіны, то куфар зьяўляецца выключна разнавіднасьцю рухомай мэблі, часта абрадавай. Прычым у беларусаў гэта мэбля сялянская, часта багата аздобленая, якая, пачынаючы з другой паловы XIX ст. трывала ўвайшла ў побыт. Факт позьняга распаўсюджаньня куфраў у сялянскім побыце пацьвярджаецца ня толькі палявым матэрыялам, але і ўскосна — пісьмовымі крыніцамі. Напрыклад, у слоўніку беларускай мовы Івана Насовіча слова „куфар“ увогуле ня згадваецца. Не разглядаецца ён і выдатным польскім этнографам і гісторыкам Зыгмунтам Глогерам у „Старапольскай энцыкляпэдыі“. Тэрмін „куфар“ адсутнічае ў шматлікіх энцыкляпэдыях дэкаратыўнага мастацтва народаў Эўропы. 

Сам тэрмін стаў ужывацца з моманту распаўсюджаньня формы, якая пранікала на тэрыторыю Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. У адных месцах ён замяніў слова „скрыня“, у другіх, наадварот, тэрмін „скрыня“ перайшоў на куфар, у трэціх — „скрыня“ і „куфар“ ужываліся адначасова ў шырокім сэнсе, азначаючы дашчаную скрынкавую форму. 

Куфар, як мэбля народная, маляўніча-сьвяточная, набываўся амаль заўжды да вясельля. У адрозьненьне ад скрыні, куфар — найчасьцей з пукатым (саркафагавым) векам і заўжды з аздабленьнем — размалёўкай, росьпісам, дэкаратыўным акуцьцем — выкарыстоўваўся выключна для захоўваньня тканін, адзеньня, бялізны, каштоўнасьцяў. Рыхтуючыся да замужжа, у куфар зьбіралі пасаг маладой, які ў часе вясельля ўрачыста перавозілі ў дом жаніха. 

Аснова формы куфра генэтычна тая ж, што і ў скрыні. Гэта дашчанае тулава ў выглядзе ёмістасьці, прамой ці звужанай да нізу прамавугольнай у аснаваньні скрынкі, пастаўленай на чатыры вуглавыя апоры — ножкі або колцы”. 

***

Раманюк памёр тады ж, у 1997-м. Паводле яго запавету пахавалі яго ў Старынках. Паставілі на магіле густоўны аўтарскае працы драўляны крыж. Па сутнасьці — варты знак вікіпэдыеўскае ўвагі.

Адначасова трэба сказаць, што сама вёска Старынкі паволі зьнікае зь зямлі. Яшчэ можна знайсьці ў інтэрнэце, што галоўная (і, бадай, адзіная) славутасьць вёскі — руіны царквы Сьвятых Пятра і Паўла, той самай, пераробленай у праваслаўную царкву з уніяцкай сьвятыні ў стылі позьняга клясыцызму, які ўзьвёў калісьці Аляксандар Ленскі.  

Літаральна днямі пра гэта напісала “Наша Ніва”. Цытую: “Мясцовыя ўлады прызналі законным рашэньне аб продажы пад знос руін мураванага храма ў вёсцы Старынкі Дзяржынскага раёну, спаслаўшыся на аварыйны стан аб’екта. Тое, што ня здолелі зрабіць вайна і савецкі ваяўнічы атэізм, сёньня пасьпяхова дарабляе бюракратычная машына ў імя навядзеньня парадку на месцах”.

Гляджу на малюнак Напалеона Орды, зроблены ў даўнія часы ў  Старынках, і думаю пра дзіўнае жаданьне бюракратаў усё зьнішчыць, у тым ліку і тое, чаго сам не будаваў, але ж і тое, што будаваў таксама: сельсавет, школу, фэльчарскі пункт, Дом культуры, крама… А застаецца пустата, у якой ні для каго ня важны аварыйны стан аб’екта…

***

Альбом і манаграфія Міхася Раманюка “Беларускія народныя куфры” пабачыць сьвет і зноў будзе новым шыкоўным адкрыцьцём, што правакуе на розныя беларускія пытаньні. Напрыклад, пра зафіксаваны Раманюком росквіт беларускага куфэрніцтва, мноства выдатных майстроў і мастакоў, якія зьявіліся і разьвіліся ў Беларусі ў самыя страшныя часы сталінскіх парадкаў, другой сусьветнай вайны і пасьляваенны час. Куфэрніцтва праіснавала да 1960-х гадоў, у некаторых куфэрніцкіх цэнтрах ім займаліся цэлыя вёскі, бо выраб куфраў прыносіў нядрэнны, а часта і адзіны магчымы даход. Але зьмяняўся час і прасьцей стала набыць мэблю ў краме, заводзкае вытворчасьці. Сышоў у нябыт і багаты вясельны абрад, дзе куфар выступаў у цэнтральнай ролі.

Якую наступную этнаграфічную гісторыю распавядзе нам Міхась Раманюк, пакуль загадка. Збор і архіў Раманюка налічвае больш за 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі; яго падарожныя дзёньнікі складаюць дзясяткі тамоў…