Выдавецтва “Камунікат” анансавала перавыданне мемуараў Васіля Быкава “Доўгая дарога дадому”. Да канца жніўня можна перадзамовіць кнігу са зніжкай праз англайн-кнігарню Kamunikat.shop.
“Доўгая дарога дадому” — адна з самых асабістых кніг Васіля Быкава. Гэта не проста мемуары, а шчыры і глыбокі расповед пра жыццё чалавека, чый лёс прайшоў праз галоўныя выпрабаванні мінулага стагоддзя. Ад вясковага дзяцінства на Віцебшчыне — праз перадваенныя гады, вайну, раненні, пасляваенную службу, Горадню, літаратурнае станаўленне, драматычныя сутыкненні з сістэмай — да развагаў пра Беларусь, мову, свабоду, памяць і адказнасць пісьменніка перад сваім часам.
Гэта кніга, у якой Васіль Быкаў паўстае не толькі як вядомы аўтар, але і як чалавек — уважлівы да драбніц мінулага, бескампрамісны ў ацэнцы падзеяў і людзей, верны ўласнаму сумленню. Ягоныя ўспаміны спалучаюць асабістую памяць з гісторыяй краіны і эпохі, а прыватны лёс — з драматычным шляхам Беларусі ў XX стагоддзі. Быкаў гаворыць пра тое, што было перажыта, убачана і перадумана, — без позы, без аздобы, без ілюзіяў. Таму “Доўгая дарога дадому” чытаецца і як аўтабіяграфія, і як важнае сведчанне беларускай гісторыі.






