Skaryna Press выдае ўкраінскі бэстсэлер Артура Дроня пра “іншую вайну”

Выдавецтва Skaryna Press анансавала выданне перакладу ўкраінскага бэстсэлера — “Хэмінгуэй нічога не ведае” паэта і празаіка Артура Дроня. Гэта кніга асабістых эсэ-мемуараў, і шэпт пра страчаных пабрацімаў, і своечасовы напамін пра тое, што і на фронце ў салдат унутранае жыццё застаецца такім жа пакручастым. Навінка мае выйсці з друку напрыканцы верасня.

Кніга Артура Дроня — часам смешная, часам сумная і вельмі захапляльная. Калі яна выйшла ва Украіне, то адразу стала бэстсэлерам. Аўтару тады было толькі 24 гады. Пасля ўніверсітэта ён паспеў правесці на працы сваёй мары паўгода. У лютым 2022-га ён далучыўся да 125-й брыгады тэрытарыяльнай абароны УСУ. Там, на вайне, ён зразумеў, што ягоны досвед кардынальна адрозніваецца ад досведу ваенных пісьменнікаў мінулага. Пра гэта і кніга — пра іншую вайну.

“Хэмінгуэй нічога не ведае пра нашу вайну. Доўгі час я верыў у тое, што пісаў Хэмінгуэй, але атрымаў радыкальна іншую вайну, чым тая, якую ведаў ён”.

Кніга атрымала прэстыжную прэмію імя Юрыя Шавялёва за найлепшую ўкраінскую кнігу эсэістыкі 2025 году. А сёлета яна выходзіць на дзевяці мовах, у тым ліку па-беларуску.

Артур Дронь — перадусім паэт. Дзве ягоныя паэтычныя кнігі заваявалі шмат увагі і ва Украіне, і далёка па-за яе межамі. Яны актыўна перакладаюцца і выдаюцца на іншых мовах. У кастрычніку 2024 года Артур Дронь быў паранены. Падчас рэабілітацыі пасля ранення ён напісаў сваю першую кнігу прозы.

Кнігу Артура Дроня можна замовіць ужо сёння і такім чынам дапамагчы выдавецтву.

Загалоўнае фота Вадыма Цесунова