У новым выпуску “Літаратурных зацемак” Сяргей Дубавец учытваецца ў тэксты Уладзіміра Сцяпана з кнігі “Ваўка”, што выйшла летась у выдавецтве “Мяне Няма”. Шэраг сузіральных гісторый, якія так ці іначай апавядаюць пра смерць і тое, што застаецца пасля яе.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Уладзімер Сьцяпан — мастак у прозе. А паколькі “празаік у мастацтве” ня скажаш, само сабою зразумела, што тут першаснае і важнейшае ў ягоных занятках — ён мастак у выяўленчых жанрах, у жывапісе, у акварэлі… Гэта ідзе ад адукацыі (Сьцяпан скончыў Менскі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе запомніўся сваімі гарадзкімі краявідамі ў дождж).
Кніга “Ваўка” пра тое, што застаецца пасьля сьмерці: у рэальнасьці, у памяці, ва ўяўленьні. У кнізе шмат сьмерцяў, настолькі шмат, што ты проста прызвычайваесься да жалобнае тэмы, якая, што той антураж, ахінае ўсё жыцьцё, дзе ўвесь час паміраюць людзі, жывёлы, птушкі, кузуркі, якія, праўда, імкнуцца схаваць сваю сьмерць.
Выбіваецца з гэтага антуражу гісторыя габрэйскага хлопчыка Мішы. Гэта гісторыя з вайны, з Крапоткінскага менскага завулку, дзе аўтар у студэнцтве пару месяцаў здымаў жыльлё, пакуль не пераехаў у інтэрнат. А перад тым гісторыю распавёў яму сын гаспадыні, саракагадовы пераростак Стась, які жыў з мамай.
Калісьці ў вайну Міша да іхнага дому сам прыбіўся. Невядома, як ён вылез з таго гета. На галаве ў яго была кароста, на якую ён сам казаў “ваўкі”. Адсюль і назва кнігі — “Ваўка”.
Стась распавядаў, што “потым бацька вярнуўся з чыгункі. Убачыў жыдзёнка, раззлаваўся і сказаў, што ўсіх нас празь яго пазабіваюць.
Раніцай бацька на працу пайшоў, а матка Мішу пакарміла, апранула, на бацінкі ягоныя дзіравыя паглядзела і ў мае старыя галёшы паперы напхала, каб яны зь яго бацінак ня звальваліся…
Ён ісьці не хацеў, а яна яму пачала гаварыць, што там яго мамка галосіць і плача, бегае і шукае свайго сыночка Мішу… Ён супакоіўся. Матка ўзяла яго за руку і павяла на Нямігу. Ён пайшоў, ня плакаў…
Калі матка вярнулася, то загадала, каб я пра Мішу нікому не расказваў… А я вось табе расказаў. Цяпер можна…
На той кватэры я пражыў месяц і дзевяць дзён, — завяршае гісторыю аўтар. — Грошы Юзэфаўна брала наперад. Калі я сыходзіў у інтэрнат, то рэшту яна мне вярнула”.
Так сканчаецца тое апавяданьне і пры мінімалізьме аўтаравага стылю, дзе кожнае слова нясе сваю сэнсавую нагрузку, я разумею, што гаспадыня такім чынам быццам адкупілася за таго адпраўленага на сьмерць габрэйскага хлопчыка. Але ж што дзіўна. Жыцьцё скончылася… А здаецца, адзіны на ўсю кнігу, у каго яно ня скончылася — той Міша… У яго сапраўды ня скончылася. Можа таму, што яшчэ толкам і не пачыналася.
***
Сьцяпан са студэнцкіх часоў успрымаўся як ледзьве ня цень Адама Глёбуса. Магу нават прыгадаць такое слоўца — “глябусятнік”? У тэатральна-мастацкім была група студэнтаў на чале з найбольш актыўным і амбітным Адамам Глёбусам. Усіх ужо і ня ўспомню, але талентам, здаецца, вылучаліся двое: сам Адам Глёбус і Ўладзімер Сьцяпан. Яны адметна малявалі і адметна пісалі прозу. Можа быць, мянушка “глябусятнік” крыўдзіла Сьцяпана, але і малявалі, і пісалі яны розныя рэчы (за выключэньнем хіба што японскіх хайку). Глёбус апісваў рэальных людзей, як правіла, вядомых, а Сьцяпан — падкрэсьлена невядомых людзей, тых, што “не на слыху”, такіх, як героі кнігі “Ваўка”. Глёбус мусіў уключаць свой талент аналітыка і ацэншчыка, а Сьцяпан болей уключаў у сабе мастака слова.
Так ці інакш, а ў тэорыю творчых параў яны ніяк не складаюцца. Як, прыкладам, Купала і Колас. Асабіста мяне забаўляла іх творчае спаборніцтва, і тое, як па-рознаму раскрываюцца іхныя таленты. Дагэтуль згадваю, як цытавалі мы колішні паэтычны радок Уладзімера Сьцяпана “Ніхто ня кінецца нікога ратаваць”, поўны такога любаснага ў маладыя гады фаталізму.
Час ідзе, і абодва творцы ўжо даўно адбыліся і разьмянялі сёмы дзясятак. Яны так і не прыпадобніліся, кожны ідзе сваёй адметнай дарогай. А слова “глябусятнік” ужо мала хто згадвае, бо выглядае яно неактуальна.
***
“Дзьвёркі старой шафы рыпнулі. Мама навобмацак знайшла ў стосе адзежы патрэбнае, дастала з паліцы і праз колькі імгненьняў паклала на ложак акуратна складзеную бацькаву кофту. Сказала, што дома халодна, ажно душа стыне, а кофта чыстая і цёплая. Я апрануў яе, зашпіліў гузікі. Паглядзеў на маму і падумаў, што яна такая маленькая, худая і лёгкая, што адзежа на ёй важыць больш, чым яна сама. Што маму можна падхапіць на рукі, падкінуць, і яна паляціць на неба”.
Быццам нічога незвычайнага, але чапляе дакладнасьць выказваньня. Называецца гэты цыкль “Гузікі. Сэнтымэнтальная гісторыя…” Аўтар распавядае, як даглядаў сваю старэнькую маці, якая завяршала свой жыцьцёвы шлях і якую яму даводзілася карміць, парадкаваць, адказваць на яе пытаньні… Кніжка нарэшце зьбіраецца ў цэласьць з разрозьненых трапна заўважаных выпадковасьцяў.
“На клавіятуру ашчадна сьвеціць маленькая лямпачка. У кватэры цёмна і ціха, нават вусьцішна. Сьпяшаюся, падбіраю словы, быццам выкалупваю, злуюся… У вячэрняй сутонлівай цішыні чуваць кожны гук. Мама ўздыхае, неразборліва мармыча нешта, а потым ясна і насьцярожана, амаль спалохана:
— Сынок. Вова, ты дома?!
— Тут, а дзе мне быць, — адказваю, запальваю сьвятло, іду да яе ў пакой.
— Што ты там робіш?
— Працую. Пішу…
— А што ты пішаш ноччу, колькі часу, дзе мае акуляры, ня бачу.
— Палова на дванаццатую… Сьпі! — прашу ці амаль загадваю і незадаволена ўздыхаю.
— Сядзь тут, раскажы, што ты пішаш, пра што?
— Ой… Пра цябе пішу, — сказаў і тут жа пашкадаваў…
Мама насьцярожылася, вусны падціснула, рука пачала намацваць акуляры, потым узьдзяваць. Павялічаныя шклом вочы злосна, мне так падалося, бліснулі.
— Пра мяне… А што ты пра мяне ведаеш?
— Пішу пра тое, як мы тут з табой гаруем, як я цябе кармлю, мыю… Пра рознае пішу, а што, нельга?..”
Важная рэч для такой прозы — нязьменна крытычны погляд на самога сябе.
“Калі даглядаеш старую і зусім слабую маці, то больш даведваесься не пра яе, а пра сябе “любімага”. І пачынаеш разумець усю сваю недасканаласьць. Вылазяць: лянота, крывадушнасьць, непачцівасьць, злосьць, хітрасьць, баязьлівасьць, жорсткасьць і шмат чаго яшчэ — цёмнага і цяжкага, што старанна хавалася ў глыбіні ўласнай істоты. Спрабуеш выправіць, а не заўсёды і атрымліваецца.
Хто даглядаў блізкага чалавека хаця б дзень і ноч, месяц, то, можа, са мной і пагодзіцца”.
***
Нататкі пра маці зьмяняюцца тэкстамі пра бабулю, якія называецца “Вясковы дэкамэрон”.
“Мая баба Натальля пякла хлеб… Саліла сала, рабіла кілбасы. Варыла капусту, бульбу, малочныя супы, кашы, смажыла рыбу, пякла бліны, аладкі, дранікі. Зьбівала масла, адціскала сыр з залатымі крупкамі масла…
Таўкла бульбу сьвіньням, рэзала і секла бацьвіньне… Шаткавала капусту, варыла варэньне… Гатавала і карміла, ставіла на стол місы, талеркі, патэльню, чыгункі… Налівала з гладышкі ў вялікі кубак малако.
Мая баба Натальля заўсёды, колькі яе памятаю, была пры печы, пры ежы, пры патэльнях, чыгунах і слоіках, жбанках і гладышках…
Але я ніколі ня бачыў, каб мая баба сядзела за сталом і ела…”
Назіральнае вока заўсёды ўбачыць парадаксальнае ў тым, на што звычайна проста не зьвяртаецца ўвагі. Але гэтая парадаксальнасьць і сілкуе літаратуру, якая апісвае нібыта звычайнае жыцьцё. З павагі крытыкі называюць такую прозу філязофскай.
***
Зафіксаваць водсьвет, водгульле, — колькі ім часу? Уяўляеш сабе сто-дзьвесьце-трыста гадоў, а насамрэч вечнасьць…
Аўтар распавядае гісторыю Паўлаўны, якая гатуе катлеты для Вані, сына, які год як памёр ад кароны… А ў фэйсбуку я прачытаў думку Ўладзімера Някляева пра час, з нагоды ўласных 80-х угодкаў: “Ведаеце, з узростам абвастраецца адчуваньне сыходу твайго часу. Ты яшчэ тут, а час твой як бы ўжо не. Быццам ты перабраўся са сваёй хаты ў гатэль. Ці нават у чужы дом. Шмат хто з маіх равесьнікаў не заўважае гэтага пераходу і, паводзячыся так, нібы час усё яшчэ належыць ім, выглядаюць, мякка кажучы, сьмешнавата. Дык вось прысутнасьць у гэтым часе зацікаўленых у табе людзей дазваляе пераадольваць адчуваньне, нібы ты ў ім лішні”.
Інакш кажучы, чалавек можа не адчуваць, што час ягоны мінуў, а ён застаўся на пэроне, і робіць выгляд, што нічога не мінула. Але ўсе разумеюць сьмешнасьць гэткай сытуацыі. Паўлаўна так і не разабралася ў сытуацыі і занесла місу са сьвежымі катлетамі вулічнаму сабаку.
Ці вось відзежа: тое, што ты бачыў яшчэ да свайго нараджэньня — трох птушак.
“Маленькія птушкі пырхалі і трымцелі ў сонечным паветры, сядалі на коўдру, на сінія з бліскучымі шышкамі білы ложка. Яны дазвалялі глядзець на сябе і дзівіцца. Гэтыя яркія птушачкі здаваліся знаёмымі, але ўспомніць, дзе і калі я іх мог бачыць, як іх завуць, не атрымлівалася. Птушкі зусім мяне не баяліся, і, можа, таму я змог адну зь іх накрыць далоньню, прыціснуць да коўдры…”
А распавёў табе пра гэта твой уласны сівавусы бацька, які ніколі не насіў вусоў.
А вось гісторыя Кацькі. Кацька згатавала вячэру, пакарміла мужа. Ён кажа, што яму там, на гары халодна, ногі мерзнуць. Пераабуўся ў цяплейшыя чаравікі і пайшоў. А раніцай яна прачнулася і ўбачыла яго пераабутыя чаравікі, у якіх яго пахавалі.
Фантазіі ў Сьцяпана не прыдуманыя, а вось такія, некім расказаныя, то бок, дакумэнтальныя.
***
У 1992 годзе мастак Уладзімер Сьцяпан аформіў маю першую кніжку, якая называлася “Практыкаваньні”. Такім чынам я пераклаў ці, дакладней, перастварыў славутыя “Essais” Мішэля дэ Мантэня, вядомыя тады найперш па-расейску як “Опыты”. Ідэя была ў развароце актуальнай беларускай літаратуры на Захад. Калі дагэтуль, у ранейшым пакаленьні арыентаваліся толькі на расейскую літаратурную моду і самі сябе бачылі ледзьве ня часткай расейскай літаратуры, дык цяпер наставаў час іншага пісьма, цэлага сьвету іншых моваў, стыляў і спосабаў пісьма. Пра тое ішла гаворка ў маіх практыкаваньнях і ілюстрацыі Сьцяпана цалкам адпавядалі гэтаму зьместу. Чорна-белыя графічныя стралкі-лучнікі білі ў мішэнь па замшэласьці і правінцыйнасьці тагачаснай беларускай літаратуры.
***
“Прачынаесься ў цемры. Ідзеш на рыбу. З надзеяй глядзіш на возера. Плывеш, спрабуеш злавіць рыбу, а яна ня ловіцца… І ты пачынаеш думаць, што трэба ўсё кінуць і не тлуміць душу марнымі надзеямі…
А потым прыходзіць дзень, які перакрэсьлівае ўсе мінулыя. І ты ловіш сваю рыбу, дзякуеш возеру, рыбе, Богу і заходняму ветру, і туману, і сонцу, і траве…
І ты будзеш памятаць гэты дзень не адзін год. Ты будзеш ведаць, што трэба хадзіць, спрабаваць, трэба вяртацца стомленым, з пустымі рукамі, каб потым напоўніцу адчуць рыбацкае шчасьце.
І так ня толькі з рыбай… Так амаль з усім у нашым кароткім чалавечым жыцьці”.
Калі я думаю пра літаратурных папярэднікаў Сьцяпана, дык згадваю Янку Брыля, а хутчэй Максіма Танка. І раптам разумею, што Танк і Брыль паводле свайго асяродзьдзя ў даваеннай Польшчы трымаўся якраз заходняга стылю пісьма, не расейскіх модаў.
“Разьбіраю, пераглядаю, перамацваю і перабіраю рэчы ў бацькоўскай кватэры… Заўважыў, што гузікі застаюцца, хоць кашулі з сукенкамі зьнікаюць. Застаюцца і замкі з ключамі — хоць ні дзьвярэй, ні дамоў — няма… Спражкі застаюцца, а рамяні зьнікаюць. Кайданы і ланцугі застаюцца, а вязьняў — няма.
Застаецца і доўга захоўваецца тое трымае, мацуе, скрапляе… Тэксты застаюцца, словы, мова…”






