У новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец чытае эсэ Андрэя Федарэнкі “Вытлумачэнне Янку Брыля”, якое выйшла ў ліпеньскім нумары “Літаратурнай Беларусі”. Савецкасць і несавецкасць, праўда жыцця, назіральнасць, Камю і Сартр, вайна і акупацыя, пісанне з аглядкай і поўная шчырасць — пытанні, якія займаюць Федарэнку і Дубаўца.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Па шчырасьці, рэдкае задавальненьне прынесла эсэ (а дакладней, “Слова”) Андрэя Федарэнкі пра Янку Брыля ў апошнім выпуску “Літаратурнай Беларусі”. Такія занурлівыя разборы празаічных твораў калісьці часта рабіліся “на поўным сур’ёзе” і ўражвалі сваёй глыбінёю. Я нават паралельна з творам Федарэнкі перачытаў працу Жана Поля Сартра “Вытлумачэньне «Чужаніцы»”, якая запомнілася мне захапляльным мысьленчым працэсам.
Абсурдны чалавек, герой Камю, апынуўся паміж дуалізмам розуму і прыроды, паміж сваім парываньнем да вечнага і канечным характарам свайго існаваньня, паміж “неспакоем”, які складае саму яго сутнасьць, і марнасьцю ўсіх ягоных намаганьняў. Гэты дуалізм, апісаны Сартрам яшчэ ў 1943 годзе, акурат тады пачынаў мучыць маладога Брыля і выявіўся ў скутасьці малой празаічнай формы, якая выключае раманныя прасторы і сувязі, што выводзяць прыдуманую фактуру на самую высокую ступень праўдападабенства, бясконца вышэйшую за тое, што мы называем праўдай фактаў, з чым уласна і меў справу Брыль у сваіх мініятурах.
***
Гісторыя гэтая пачалася даўно, калі Андрэй Федарэнка працаваў у часопісе “Полымя”. Ён піша: “З Іванам Антонавічам быў, канечне, знаёмы, але рэдагаваў яго ўпершыню. Ну што значыць рэдагаваў? — проста прачытаў яго невялікую, менш за аркуш, чарговую нізку абразкоў-мініяцюр. Чысты тэкст. Лёгка чытаецца. Усё таленавіта, дасьціпна, праўдзіва, мудра. Але разам з тым не пакідала адчуваньне, што ўсё ўжо нібыта знаёмае…
Калі прыйшоў Іван Антонавіч, я паказаў яму гранкі: „Вельмі чыста!“ Ён узяў, але глядзець не стаў. Прысеў з краю стала, як самы звычайны аўтар. Працоўны дзень канчаўся. Мы былі адны ў вялікім кабінэце. І раптам вельмі ціха ён спытаў:
— А як вам увогуле? У цэлым?
Я зьніякавеў. Гэтае звычайнае ў вуснах любога іншага пісьменьніка пытаньне стала для мяне поўнай нечаканасьцю. Канечне, я ўжо даўно не лічыў пісьменьнікаў, нават народных, апосталамі, а іх творчасьць Сьвятым Пісаньнем. І тым ня менш аўтарытэт Брыля для мяне быў настолькі высокі, а сам ён, як асоба, настолькі недатыкальны, што знаходзіўся як бы па-над чалавечымі пачуцьцямі, нават па той бок дабра і зла, а ня тое што літаратурных ацэнак узроўню «падабаецца — не падабаецца»…
Аднак трэба было нешта казаць. І я сказаў, чамусьці хаваючы вочы:
— Як заўсёды ў вас.
Ён прамаўчаў. Я пасьпяшаўся дадаць:
— У вас хіба можа быць інакш?
Іван Антонавіч працягваў сядзець і маўчаць. Я нават не зразумеў, чаго ён чакае. Прайшла бясконцая хвіліна ўзаемнага маўчаньня. Нарэшце ён устаў, разьвітаўся і пайшоў. І як толькі за ім зачыніліся дзьверы, да мяне нарэшце дайшло, што я нарабіў. Трэба было сказаць: «Як заўсёды ў вас — выдатна». А другі сказ: «У вас хіба можа быць кепска?» А так, у маім варыянце, атрымлівалася, што няма аб чым гаварыць і няма чаго абмяркоўваць…
І я даў сабе зарок — набыць кнігу, як толькі яна выйдзе, уважліва, з алоўкам пачытаць, калі спатрэбіцца — вывучыць на памяць, але знайсьці словы, вусныя, а яшчэ лепш пісьмовыя, і тым самым пастарацца загладзіць віну перад цудоўным чалавекам і выдатным пісьменьнікам”.
***
Загадка, хто ж такі Янка Брыль, як і што ён піша, узьнікла ў самым пачатку яго творчай дарогі, па меры сталеньня расла разам зь ім, мацнела, — але і цяпер няма ёй адгадкі, як не было і пры яго жыцьці, — піша Федарэнка, чым як бы ставіць пад пытаньне маналітны вобраз народнага пісьменьніка, ляўрэата самых важных прэмій.
“Канстанцін Сіманаў успамінае, як некалі ў прысутнасьці Сталіна зайшла размова пра аповесьць Брыля «У Забалоцьці днее», якую хвалілі і казалі, што яна добрая. Сталін недаверліва распытваў:
— А чаму добрая? Там што, усе сяляне добрыя? Усе калгасы перадавыя? Ніхто ні з кім не спрачаецца? Клясавай барацьбы няма? Усё добра, таму і аповесьць добрая? Так? А ў мастацкім пляне? Як мастацкая рэч гэта таленавітая кніга?
Сам не мог ацаніць. І толькі калі яго пераканалі, што кніга сапраўды напісаная па-мастацку, ён згадзіўся з вылучэньнем яе на прэмію імя яго самога. Ды што Сталін — наш усімі любімы У. Караткевіч у сваім эсэ пра Я. Брыля «Мой друг і мая зямля», згадаўшы і пахваліўшы аповесьць «Ніжнія Байдуны», усё ж не ўтрымаўся:
— Ніякая гэта не аповесьць.
Польскі перакладчык «Ніжніх Байдуноў» Ян Гушча таксама называў гэтую рэч у пасьляслоўі не аповесьцю, а «хутчэй кнігай свабодных гавэндаў”.
***
Эсэ Андрэя Федарэнкі нагадала мне часы, калі пісьменьнік рэальна зьдзіўляў сьвет і ты выносіў пасьля тэксту ўражаньне, што ніколі не чытаў такога або настолькі глыбокага, пранікнёнага, зьвязанага з выхадам за межы пазнаньня… Здаецца, сёньня такія ўражаньні калі й бываюць, дык ня часта.
Ці не Васіль Быкаў казаў пра канечнасьць літаратуры? Але, мабыць, яна проста ня можа скончыцца, хіба што чалавек перастане думаць і адчуваць.
“Мы набываем яснасьць, пазбаўленую ўсякай надзеі”, — пісаў Альбэр Камю.
“У сьвеце, які раптам пазбавіўся ілюзій і пуцяводных агнёў, чалавек адчувае сябе чужаніцам”. Нагадаю, што так — “Чужаніца” — называўся і раман Камю, які ў 1943 годзе разьбіраў Сартр. Гэта былі вельмі складаныя часы, калі ў раманах шукалі адкрыцьця і разуменьня таго, што адбываецца ў жыцьці. “Па-сапраўднаму маўчыш не тады, калі маўчыш, — пісаў К’еркегор, — а тады, калі гаворыш”. Тут і праўда Брыль трапляе ў саму атмасфэру змовы, калі вымушаны даказваць сваю савецкасьць (быццам не па-сапраўднаму даказваць), утойваць сваю біяграфію (заставаўся пад акупацыяй), надзяваць маску такога, як усе.
Між іншым, калі Камю прыходзіць да высновы пра абсурднасьць сьвету і чалавека, дык Брыль бачыць гэта ў рукатворнасьці абсурду і тоеснасьці яго савецкасьці і савецкім трактоўкам, найперш — жыцьцю пад акупацыяй, вартаму пакараньня ўжо за тое, што яно такое ёсьць.
***
Атрымаўшы кнігу, “Зь людзьмі і сам-насам” яна называлася, Андрэй Федарэнка, як і плянаваў, стаў яе чытаць, але… Але замест завучваньня на памяць, яго пачыналі даймаць пытаньні, і чым далей, тым больш глыбокія.
“Усярэдзіне ўсё традыцыйна: кароткія, адбітыя зорачкамі запісы на адзін — два абзацы, рэдка на старонку. Была там і падборка, рэдагаваная мной у «Полымі»”. Спадарожна ён ня можа не захапляцца трапнасьцю майстра: “Белорусский писатель, пишущий на русском языке. Гэта якраз тое, чаго не толькі для нашай літаратуры, але і для ўсяго народа дамагаецца сучасная ўлада”. Сказана даўно, але зусім актуальна гучыць сёньня.
“Калі б у мяне спыталі, як некалі ў дзяцінстве, пра што гэтая кніга, я шчыра адказаў бы:
— Пра ўсё. Пра ўсё на сьвеце. — працягвае Федарэнка. —
Так яно і было. Разам з тым ні эсэ, ні рэцэнзіі, ні нават проста водгуку не атрымлівалася. Нешта замінала, не давала разгарнуцца. Мудрая думка, трапная дэталь, бліскучы афарызм, таленавітая замалёўка, сьветлыя і змрочныя абразкі… Некаторыя самі па сабе зьяўляліся завершанымі творамі, маленькімі шэдэўрамі, іншыя нагадвалі чарнавікі, накіды, як бы падручны матэрыял да вялікага цэльнага рамана. А ўсяму разам па-ранейшаму не хапала нейкага стрыжня, ніткі, на якую ўсё гэта можна было б нанізаць. Адбылося тое самае, што некалі з часопіснай падборкай. Сабраныя ў кнігу, пад адну вокладку, разьмешчаныя побач творы выглядалі яшчэ больш хаатычнымі, разрозьненымі, чым некалі ў «Полымі». Штучна счэпленыя між сабой, яны нагадвалі стракатую коўдру, або вось калі хутка ехаць праз лес, і пачынае стракатаць у вачах, — адчуваньне калейдаскопа, надта імклівая зьмена, і ўсё адно за адным, без папярэджаньня, без падрыхтоўкі, без разьвіцьця і заканчэньня.
Вельмі дарэчы праскочыла тут аўтарскае:
“Калі мне было і 50, і 60 гадоў, я рабіў штосьці як на адчэпнае, як прыблізнае”.
Вось менавіта прыблізнае. І ўвесь час проста фізычнае адчуваньне адсутнасьці рэдактара, унутранага ці рэальнага, жывога, які б з гэтага неверагодна багатага, але хаатычна рассыпанага матэрыялу склаў бы раман-аўтабіяграфію, а яшчэ лепш раман-псэўдааўтабіяграфію, г. зв. раман-аўтафікшн, якія цяпер у такой модзе. А тое, што такі твор — вялікі, цэласны — хацелася напісаць, сьведчаць многія радкі.
— Ці будзе час, каб наймацней пашкадаваць, што таго чагосьці, што мог і павінен быў зрабіць, — ты не зрабіў? Напрыклад, даштукоўваць цэласьць апавяданьня пра сваё жыцьцё?”
Федарэнка падкрэсьлівае слова “цэласьць”. І працягвае:
“Я не ведаў, як быць. А тут яшчэ ў часопісе «Дзеяслоў», нібы з дакорам мне, маўляў, вучыся, як трэба пісаць, выйшла грунтоўная рэцэнзія А. Сідарэвіча пад назвай «Чаканае і нечаканае» на гэтую ж кнігу Я. Брыля. Наш масьціты крытык усё, што трэба, заўважыў, усё, што не трэба, падкрэсьліў, расклаў па палічках. Растлумачыў, што лейтматыў, славуты стрыжань, на якім усё трымаецца, якога я шукаю і не знаходжу — гэта праявы паэзіі жыцьця. Або, інакш, усё трымаецца на адным прыгожым слове, якое можна адшукаць у Ластоўскага і ў Караткевіча, менавіта на багавейлівасьці.
“Багавейлівасьць перад усімі праявамі жыцьця — мусіць, так можна было б акрэсьліць асноўную танальнасьць кнігі”.
І я астыў. Як, мабыць, любы б на маім месцы, калі б зьбіраўся нешта напісаць, а потым убачыў, што гэта ўжо напісана іншым, і лепш за цябе”.
***
Насамрэч тут усё толькі й пачынаецца. “Багавейлівасьць” — якой няма ў звычайных слоўніках і якую можна зразумець толькі па адчуваньнях, гэтая зьява трапілася мне ў названым напачатку водгуку Сартра на раман Камю “Чужаніца”. Цытую:
“Для яго арыгінальнасьць у тым, каб даводзіць свае думкі да лягічнага канца, а ня ў тым, каб скласьці каталёг пэсымістычных афарызмаў”.
І вельмі добра, што Федарэнка не супакоіўся, не здаволіўся гэтай ілюзіяй тлумачэньня, як, зрэшты, не здаволіўся і Сартр.
“Я зноў узяўся за храналягічнае чытаньне, — працягвае Федарэнка. — Стараючыся прапускаць тое, на чым раней спыняліся вочы і што я павыпісваў. І адразу ж на мяне абрынуўся зусім іншы тэкст. Не паэзія, а самая што ні на ёсьць проза. Калі ўмоўна першую частку можна было назваць аптымістычнай, дык другая адназначна, спрэс была пэсымістычная”. Далей цытата з Брыля:
“Літаратарам-прафэсіяналам я стаў дзякуючы ўваходу ў савецкую рэчаіснасьць, то па наіўнай шчырасьці, то з патрыятычнага абавязку вучачыся стаць, быць савецкім пісьменьнікам, бо іншым быць і ня мог”. І вось яшчэ:
“Бывае ў маіх паводзінах трохі, а то і больш за трохі, ранейшай прысавецкай боязі ды асьцярожнасьці, у тым ліку і ў запісах. Лаўлю сябе на гэтым, дакараю…”
“Востра адчулася, што маё ў той ці іншай меры аўтабіяграфічнае, перш за ўсё «Птушкі і гнёзды», трэба было напісаць з усёй безагляднай шчырасьцю, чаго я не зрабіў на ўсю моц, а з той асьцярожнасьцю, аглядкай, з тым страхам, які абумоўліваў і мой сацрэалізм…”
“Дык вось у чым, аказваецца, справа! — піша Федарэнка. — Вось што перашкаджала пісаць напоўніцу; вось з чым зьвязаныя творчыя пакуты — зь немагчымасьцю пазбавіцца савецкасьці, выблытацца з пут сацрэалізму. Усё жыцьцё верыў, хацеў стаць савецкім пісьменьнікам, не ўяўляў сабе іншага, стаў ім — а тут наце, перабудова, галоснасьць, трэба перакваліфікоўвацца…”
Да гонару Федарэнкі трэба прызнаць, што ён у пэўны момант скідае зь сябе запабяганьне перад аўтарытэтам, бо наперадзе ўбачыў тое, што моцна павеяла на яго праўдай.
“Мне здаецца, усе гэтыя размовы пра сацрэалізм, савецкасьць — так, пусканьне чытачам пылу ў вочы. Ня вельмі пераканаўчае самаапраўданьне. Я чамусьці ўпэўнены, што «самаедзтва» Я. Брыля мае ня столькі палітычныя, сацыяльныя прычыны, колькі творчыя. І калі ўжо на тое пайшло, яго слабае месца не ў сацрэалізьме, а ў яго любімай кароткай форме, той самай славутай малой «дзёньнікавай» прозе, якая сваёй падманнай лёгкасьцю зьбіла з толку не аднаго пісьменьніка. Дарэчы, «Птушкі і гнёзды» па вялікім рахунку таксама нагадваюць шэраг счэпленых паміж сабой кароткіх эпізодаў; раманна-эпічнага дыханьня, напрыклад, «Людзей на балоце», там не адчуваецца”.
“Альбо бярэ спакуса інакш зірнуць на блытаніну ў яго біяграфіях. Паводле адной, у 1941 годзе Янка Брыль уцёк з нямецкага палону, вярнуўся ў Беларусь і далучыўся да савецкага партызанскага руху. Паводле другой, са слоў беларускага дзеяча А. Адамовіча, Янка Брыль не ўцякаў з палону, а быў адпушчаны за ляяльнасьць, некаторы час жыў у акупаваным Менску, працаваў у гістарычным музэі, друкаваўся ў «Беларускай газэце»”.
“Любому іншаму савецкаму пісьменьніку ня тое што падобных фактаў, а толькі чутак пра такія факты хапіла б, каб як мінімум зламаць жыцьцё, а то і паплаціцца ім. Янка ж Брыль, на наша беларускае шчасьце, быў народжаны ў сарочцы і выйшаў сухім з вады. Сам ён ніколі нідзе ні пісьмова, ні вусна не аспрэчваў і не пацьвярджаў гэтага. І яно зразумела. Урэшце, ніводнаму пісьменьніку яшчэ не зашкодзіла пэўная ўласная загадкавасьць, містыка, тайна — не рэальная, дык хоць выдуманая, — куды староньнім уваход забаронены”.
Натуральна, застаецца пытаньне пра “выйшаў сухім з вады” ці “быў народжаны ў сарочцы”. Гэта пытаньне пра цуд і пра тое, што ўдаўся ён нямногім, дакладна тым, хто выехаў на эміграцыю. Але па сутнасьці пытаньне глыбейшае: пра беларушчыну, савецкую і несавецкую, пра беларушчыну і антыбеларушчыну.
Паміж беларушчынай прыроднай — той, ад Каліноўскага, Багушэвіча і “Нашай Нівы” і беларушчынай савецкай — штучнай, панявечанай, брыдкай — у прынцыпе ня можа быць нічога агульнага. Увогуле, бо савецкая і прыдуманая на тое, каб зьнішчыць сапраўдную, прыродную. І Брыль вымушаны вынаходзіць сабе дзіўную як для даведніка дэфініцыю, ён беларускі прысавецкі пісьменьнік. Але такая вынаходка можа працаваць толькі пры савецкай уладзе. Насамрэч ты можаш быць або беларускім пісьменьнікам, або антыбеларускім, як гэта выглядае сёньня, калі ўсё ўстала на свае месцы і Брыль, які друкаваўся ў “Беларускай газэце”, застаўся яе аўтарам, прыродным беларусам і беларускім пісьменьнікам.






