У новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец згадвае першую публікацыю апавядання польскага пісьменніка Мар’яна Брандыса “Каралеўства Беларусь” і што з гэтага выйшла. Хто прыдумаў Каралеўства Беларусь, хто падхапіў эстафету і дзе яно цяпер, тое каралеўства?
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Калі б у жніўні 2020 году выпадковы мінак, гледзячы на тыя неверагодныя натоўпы на беларускіх вуліцах, спытаў: — Чаго хочуць усе гэтыя людзі? А яму адказалі: — Яны хочуць Каралеўства Беларусь, — гэта была б чыстая праўда. Ні больш, ні менш.
Іншая рэч, што нікога тады не хвалявала, ці можна і як гэта атрымаць і наколькі рэальнае гэта жаданьне (такія пытаньні й не ўзьнікалі).
Каралеўства Беларусь — наша агульная казачная дзіцячая мроя. Важна, што мы адчулі: яна ня толькі мая, яна агульная і таму пра гэта абавязкова трэба сказаць. Перш за ўсё самім сабе.
Ніякіх іншых ці большых мэтаў ня ставілася. Бо гэта не была палітыка. Мы быццам ажывілі ў сабе бураўкінскую “Калыханку”, вярталіся ва ўласнае дзяцінства, і паэтычныя вобразы паўставалі для нас у паралельным сьвеце. Мы проста адчувалі сябе каралеўскім народам, для якога самыя важныя — годнасьць, эмпатыя і чалавечнасьць.
Па-іншаму глядзеў на сьвет дыктатар, у якога не было дзіцячых мараў, не было фантазіі, не было любові. Таму іншага ён успрымаў варожа, як таго, каго трэба прынізіць, прымусіць, зьнішчыць, каб наша краіна не ўспрымалася і не магла ўспрымацца як Каралеўства Беларусь. Беларусь не Каралеўства, Беларусь звычайны савецкі задрыпаны калхоз… Пачаліся нічым не апраўданыя рэпрэсіі, уся прапаганда стала рупарам нянавісьці да годных, эмпатычных, чалавечных, таму і пагналі ўсіх “каралеўскіх людзей” за мяжу. Разабраўшыся, гэта была вайна нават ня супраць людзей, а супраць паэзіі, дзіцячых мараў і любові.
***
Не магу згадаць, каб гэтыя словы — Каралеўства Беларусь — калі-небудзь сьцьвярджаліся, вывучаліся ў нас у эсэістыцы ці акадэмічнай навуцы. Бо гэтыя словы — пра паняткі з паралельнага сьвету, на якіх, урэшце, і стаіць сьвет рэальны. Там існуюць гэтыя спакусьлівыя рэчы — праўда, справядлівасьць, роўнасьць усіх перад законам. Рэальны сьвет аб’ектыўна недасканалы, і ўвесь час толькі спакушаецца тым сьветам нашых дзіцячых мараў.
Мабыць, упершыню я сустрэўся з Каралеўствам Беларусь у апавяданьні польскага пісьменьніка Мар’яна Брандыса, якое так і называлася — “Каралеўства Беларусь”. Гэта было ў 90-я, калі я рэдагаваў віленскую “Нашу Ніву”, а каляжанка, дачка славутага перакладчыка Васіля Сёмухі Алеся прапанавала рэдакцыі свой пераклад з польскай мовы гэтага апавяданьня Мар’яна Брандыса. Тэкст быў дасканалы і мы адразу надрукавалі яго ў 10-м нумары за 1994 год. Дзіва, што мінула столькі гадоў, а тое першае ўзрушэньне ад яго не праходзіць да сёньня і пэрыядычна нагадвае пра сябе.
Нязвыклай была сама тая гісторыя, але зусім незвычайнай была назва. Мы так Беларусь ніколі, здаецца, і не называлі і ў сур’ёзнага пісьменьніка гэты брэнд гучаў настолькі ж нечакана, наколькі прывабна. Словам, апавяданьне стала важнай публікацыяй для ангажаванай беларускай публікі.
Вядома, што Беларусь ніхто Каралеўствам не называў, хоць і мог, як колішнюю Літву, Вялікае княства Літоўскае, ці проста ў прыгожым казачным кантэксьце. Каму ж належаць гэтыя словы? Тут без самога апавяданьня мне не абысьціся.
Пісаў яго аўтар, Мар’ян Брандыс (Marian Brandys) у 1979 годзе. Для сябе адзначаю сымболіку датаў. Выглядае, што акурат у 79-м я і мае сябры, зь якімі мы пазьней створым Беларускую Майстроўню, адкрывалі для сябе сваё дзіва — несавецкую беларушчыну, тую самую прыродную, арганічную, сваю і фактычна забароненую ў рэальным сьвеце, што тады, што сёньня, але якая існуе як праўда і як мара, і за што проста немагчыма не любіць Беларусь.
***
Дык вось, у 1979 годзе Мар’ян Брандыс пісаў сваё апавяданьне “Каралеўства Беларусь”, дзе ўспамінаў 1920 год, эпізод уласнага раньняга дзяцінства. Тады ён зь меншым братам Казімірам жыў у бацькаўскім доме ў польскім горадзе Лодзь. Бацькі акурат зьехалі ў адпачынак за мяжу, а дзяцей пакінулі на бацькаву маці бабку Станіславу, а таксама на пакаёўку Ягусю і нанятую настаўніцу нямецкай мовы фройляйн Эльзі.
На двары лета 1920 году. Камусьці падасца знакавым, што роўна праз сто гадоў, улетку 2020-га, у Беларусі адбудуцца падзеі, зь якіх я і пачаў свой сёньняшні аповед і якія будуць называць “рэвалюцыяй годнасьці”.
Што ж, такім чынам, мы адпраўляемся ў 1920 год, у польскую Лодзь.
Цікава, што Мар’яну Брандысу тады ўсяго 8 гадоў, таму нічога дзіўнага, што гаворка пойдзе менавіта пра дзіцячыя ўспаміны, якія часта застаюцца ў чалавечай памяці як мроі.
Словам, у дом да Брандысаў маёр Білык з Гарадзкой Камэндатуры прыводзіць на падсяленьне іншаземнага афіцэра, далей чытаю:
“Чужы афіцэр павітаўся па-расейску, што выклікала пратэсты бабкі Станіславы.
Тут ужо закіпае маёр Білык. Які вам яшчэ расейскі афіцэр? Што за бязглуздая мешаніна паняцьцяў і народаў? Гэта чысьцюткі беларус плоць ад плоці. Паручнік Шчэпан — па-беларуску Сьцяпан — Савіцкі з Добраахвотнай Беларускай Дывізіі генэрала Булак-Балаховіча. Пажылая пані, бадай, чула пра гэтую дывізію, цяпер пра яе ўвесь час пішуць у газэтах. Гэта саюзьнікі нашы, дапамагаюць нам біць бальшавікоў. Пасьля вайны яны хочуць стварыць сваю Дзяржаву Беларусь. Раптам маёр пырскае сьмешкай. Але, з гэтай Беларусьсю яшчэ паглядзім…”
То бок, ідзе польска-савецкая вайна, тая самая, што неўзабаве прывядзе да перамогі, да “Цуду над Віслай”, які й сёньня адзначаецца ў Польшчы 15 жніўня як Дзень войска польскага. І далей працягвае Мар’ян Брандыс:
“Сёньня ўжо ня ведаю, чаму ніколі раней ня чутая мною назва Дзяржава Беларусь так адразу асела тады ў маім уяўленьні і так надоўга зачаравала і мяне, і майго брата. Быў у гэтым безумоўна нейкі казачны элемэнт, вабнасьць чагосьці далёкага, таямнічага і разам з тым надзіва знаёмага… Адчулі мы сябе раптам балюча абражанымі тым, што маёр Білык так пакепліва паставіўся да ідэі стварэньня Дзяржавы Беларусь. Хочуць мець Дзяржаву Беларусь, няхай сабе маюць, нікому гэта не замінае! У гэтай справе былі мы цалкам на баку чужога афіцэра”.
***
“Усю нашу ўвагу, як магнітам, цягнуў сканфіскаваны ад нас Гарадзкой Камэндатурай дзіцячы пакой, адкуль чароўна і таямніча прамянілася казачнае Каралеўства Беларусь.
Цяпер да тых закляцьцяў — і ранішніх, і вечаровых — дадалося новае, якое вымаўлялі мы па-беларуску, з трымценьнем, узбуджана дрыготкім голасам, але ціха, каб не пачула бабка: «Няхай жыве Каралеўства Беларусь!» З гэтых словаў пачынаўся й канчаўся кожны дзень”.
У размовах з “фройляйн” Эльзі й Ягусяй таксама пачалі мы ўжываць беларускія слоўцы. Замест “dziękuję” казалі “дзякую”, замест “proszę” — “калі ласка”, замест “do widzenia” — “да пабачэньня”, замест “nie wiem” — “ня ведаю”.
Над ложкам паручніка Савіцкага вісела школьная мапа Ўсходняй Эўропы з дамаляванай пасярэдзіне вялікай сьветла зялёнай плямай, на якой не без хваляваньня перачытвалі мы знаёмыя словы: “Дзяржава Беларусь”.
***
“Сапраўднае жыцьцё ў Дзяржаве Беларусь пачыналася толькі пад вечар, калі паручнік Савіцкі вяртаўся з манэўраў, амаль заўсёды ў кампаніі некалькіх іншых афіцэраў.
З усіх гасьцей паручніка Савіцкага найбольш палюбілі мы высокага, плячыстага, заўсёды вясёлага капітана па прозьвішчы Карпюк, таго самага, які быў „запявайлам“ беларускіх песень. Капітан Карпюк альбо, як мы яго звалі „Вясёлы Капітан“, бываў у Каралеўстве Беларусь штодня й амаль заўсёды прыводзіў з сабой сына Алеся. Бывала, што зь імі прыходзіла й жонка капітана, высокая, бледная, вечна хворая полька пані Эміля.
Пазьней ужо мы даведаліся, што „Вясёлы Капітан“ быў родам з-пад Баранавічаў і да пачатку сусьветнай вайны працаваў там дырэктарам вясковай школы. Яго полька-жонка амаль цалкам зруселая, была дачка фінансавага чыноўніка з Баранавічаў…
Але зь „Вясёлым Капітанам“ ядналі нас справы й больш важныя. Дзякуючы яму казачнае Каралеўства Беларусь пачало набываць у нашых вачох больш рэальныя контуры”.
Дзіцячыя ўспаміны такім чынам паступова ператвараюць у дзіцячую мару і саму ідэю дарослых людзей — стварыць сваю асобную краіну.
“І пакуль паручнік Сьцяпан Савіцкі са сваімі гасьцямі анцыбурылі за сталом, папіваючы гарбату ўперамешку з гарэлкай і сьпявалі свае тужлівыя песьні, мы з капітанам уладжваліся на гаспадаровым ложку (былым маім ложку) пад картай Дзяржавы Беларусь і гаварылі пра дывізію генэрала Булака-Балаховіча…”
Ад “Вясёлага Капітана” Карпюка мы, між іншым, даведваемся пра аўтара гэтага незвычайнага брэнду краіны — Каралеўства Беларусь. Гучыць, пагадзіцеся, непараўнальна з “апошняй дыктатурай Эўропы”. Брандыс згадвае пра гэта так:
“Генэрал Балаховіч вымысьліў тое беларускае каралеўства. Капітан Карпюк, як чалавек дэмакратычных поглядаў, хацеў бы можа рэспубліку, такую, як у Польшчы. Але генэрал вялікі чалавек, хоча каралеўства, няхай будзе каралеўства, абы толькі было.
Разгубленасьць і сумненьні мучылі нас, калі мы слухалі “Вясёлага Капітана”. Шкада было казачных чараў нерэальнага Каралеўства, якое мы сабе ўяўлялі. Але тое, пра што распавядаў Карпюк, таксама было нам блізкае…”
***
Апавяданьне выйшла ў “Нашай Ніве” ўлетку 1994-га і стала штуршком. Натуральна натхнёныя ім нашаніўцы пачалі рыхтаваць мастацкі фэстываль пад гэтай назвай “Каралеўства Беларусь”, Міхал Анемпадыстаў намаляваў дзівосныя плякаты фэстывалю, а Ігар Бабкоў задумаў кнігу пад назвай “Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне руінаў”. Фэстываль сабралі ўжо ў Польшчы, у Падкове Лесьнэй пад Варшавай, дзе кіраўнік мужчынскага хору “Унія” Кірыла Насаеў у чаканьні калегаў парамантаваў усю сантэхніку, чым выклікаў захапленьне палякаў. У “Нашай Ніве” Сяргей Харэўскі пісаў пра дзівосы, якія адбываліся на фэсьце:
“Фэст новае беларускае культуры ў Падкове Лесьнэй “Каралеўства Беларусь”, сьцiрае сёньня многiя стэрэатыпы пра Беларусь. Рэцэнзii i рэпартажы з акцыi беларусаў зьявiлiся ў розных польскiх СМI. Выстава “Каралеўства Беларусь” цяпер працягваецца ў Варшаве, пасьля, верагодна, пераедзе ў Познань”.
Падобна, што гэта быў першы фэст уласна беларускай культуры за мяжой, прычым можна лічыць яго фэстам выгнанцаў, бо хоць гэта і 1997 год, але выступаць у краіне ўжо многім было забаронена.
Праз што можна ўвасобіць мару? Праз культуру. Мастацкія выставы найлепшых фотамайстроў, жывапісцаў, графікаў, пэрформэраў, скульптараў. Музычную частку складалі “Унiя”, “Новае Неба”, “NRM”, “Уліс”, барды, дэклямацыi вершаў Глёбуса, Сапач, Анемпадыстава, Бабкова i гэтак далей, словам, усяго й не пералічыш.
“Калi спусьцiлася ўжо глыбокая ноч, на двары запалалi вогнiшчы. Да ранiцы кожны мог сабе абiраць вiдовiшча на свой густ”, — пісаў Харэўскі.
І ўсё гэта доўжылася пасьля ў Варшаве, Гданьску, Беластоку… Тым часам, на радзіме, у Менску ўжо адбылася Менская вясна 1996, там зачынілі найбольш масавую беларускую газэту, якая называлася “Свабода”…
На пачатак таго шабасу змагароў супраць мары прыпадае і сьмерць стваральніка “Каралеўства Беларусь” Мар’яна Брандыса — у 1998-м. Далейшы лёс беларускіх афіцэраў у колішняй польскай Лодзі таксама не выглядае прывабна.
***
“Аднойчы, было гэта, бадай, на пачатку жніўня, незадоўга да „Цуду над Віслай“, афіцэры-беларусы вярнуліся са службы незвычайна ўзбуджаныя. Амаль кожны зь іх трымаў у руцэ ці ў кішэні апошні нумар варшаўскага „Тыгодніка Ілюстраванага“. У ім павінна была быць надрукаваная размова з генэралам Булаком-Балаховічам. Яны так сьпяшаліся прачытаць яе, што нават самавар забыліся паставіць. Паселі вакол капітана Карпюка, той расклаў на стале „Тыгоднік Ілюстраваны“ і пачаў чытаць уголас, перакладаючы адразу на беларускую тым, хто не разумеў па-польску. Скончыўшы чытаць, капітан Карпюк устаў і ўрачыста пачаў песьню ў гонар камандзіра Добраахвотнай Беларускай Дывізіі. Падтрымалі сьпеў і астатнія. Мы з братам дралі глоткі больш за ўсіх…
Даведаліся мы…, што паводле мірнага трактату, якім вырашылася вайна за Віслу, польскі ўрад быў абавязаны расфармаваць саюзьніцкія беларускія і ўкраінскія атрады. Мы з братам пераглянуліся. Так невыказна мярзотна стала ў нас на душы, быццам гэта мы ўчынілі нейкае сьвінства.
Пры чарговым спатканьні, кінулася мне ў вочы, што на галаве ў „Вясёлага Капітана“ замест афіцэрскай фуражкі была нейкая задрыпаная цывільная кепачка, а замест афіцэрскага паса — зашмальцаваны рэмень. Потым зьнік і афіцэрскі плашч, і высокія афіцэрскія боты. Замест іх зьявіліся стаптаныя апоркі і заношаны ўбогі габардынавы плашчык. Алесь з таго кволага маленькага хлапчаняці вырас у цыбатую панурую штакеціну й выглядаў ня менш немачна й занядбана, чым бацька. За плячыма абодвух віселі нейкія жабрачыя торбы. Відаць, жылі яны на тое, што знаходзілі на сьметніках. Пані Эмілі зь імі не было. Пэўна, памерла.
Апошні раз сустрэў іх падчас калядных вакацыяў у 1931 годзе. Гэта быў мой першы адпачынак у вайсковай вучэльні, якая месьцілася на нашых тагачасных усходніх крэсах. Увесь той тыдзень прайшоў у эўфарычным уздыме. Мяне ўзнагародзілі срэбнай лычкай старшага стралка й параднымі штанамі падхарунжага: цёмна-сіняга колеру з вузкімі жоўтымі лямпасамі. Ішоў я ў радасным настроі з гожай дзяўчынай на танцы да знаёмых, як раптам са сьнежнай замеці ўзьніклі яны. Выглядалі ўжо не як людзі, а як два бясформеныя абадранцы, забытыя Богам і гісторыяй. Каротка акінулі ўсяго мяне калючым позіркам, усе мае срабрыстыя нашыўкі, парадныя шаравары, расчырванелы задаволены твар і ладную дзяўчыну пад бокам. Столькі варожасьці й нянавісьці было ў тым кароткім позірку, што язык мой здранцьвеў і я мусіў апусьціць вочы. Толькі тады зьвярнуў увагу на іх ногі. Нават атопкаў ужо не было. Ступакі былі заматаныя ў нейкія суконныя шматы, перавязаныя грубай вераўчынай, як славутыя палескія пасталы, якіх падчас маіх вайсковых вучэньняў нямала пабачыў я на нагах у сялян з-пад Слоніма, Ваўкавыска й Баранавічаў”.
***
Увасабленьне мары пра Каралеўства Беларусь прыходзіла да нас, майстроўцаў, праз адкрыцьцё несавецкае беларушчыны. Але адкрывалася яна не для ўсіх, бо тут ужо дзейнічалі абмежаваньні і забароны, а галоўнае — працавала дзяржаўная сыстэма глушылак, калі прапаганда ўсяляк хавала беларушчыну, падавала яе як адсталую, калхозную, непрэстыжную, як нешта, што ніколі не спатрэбіцца табе ў жыцьці.
Забароненыя кнігі найлепшых творцаў, фантастычная і захапляльная гісторыя, мноства прыкладаў чароўнай архітэктуры, у тым ліку і праўнай з аднаго боку і непрывабны вобраз школьнай настаўніцы-“беларусіцы”, сэрвільныя сьпевакі ў какошніках, расейская мова — з другога.
Дзіцячая мара пра Каралеўства Беларусь нікуды ня зьнікла. Але трэба памятаць, што гэта — мара, рамантычная і далёкая ад рэальнасьці, нават калі яна ахоплівае вялікія масы народу, гэта толькі мара і адной масавасьці для яе ўвасабленьня ў рэальнасьці бывае недастаткова.






