Тры навінкі ад “Камуніката” з’явяцца ў верасні

Выдавецтва Фонду “Камунікат” анансавала выхад у першай палове верасня трох новых кніг. Навінкі будуць найперш даступныя ў варшаўскай афлайн кнігарні Kamunikat.shop у Цэнтр Беларускай Салідарнасці на вуліцы Алеандраў 6/2 (ul. Oleandrów 6/2).

Адна з навінак кніга вершаў Змітра Дзядзенкі “#Каб не ср@лі галубы”, якая складаецца з дзвюх частак. Першая, аднайменная, ёсць своеасаблівым сацыяльна-палітычны летапіс. Гэта вершаваныя водгукі на самыя разнастайныя падзеі ў краіне і па-за межамі яе: “Чарговая дэвальвацыя, падзенне корпуса рэактара, арышт дырэктара “Уралкалію” — навіны даюць безліч матываў для натхнення”, тлумачыць аўтар “Еўрарадыё”.

У другую частку, “Слаўны рыцар”, увайшлі іранічныя і сатырычныя вершы, не прывязаныя да канкрэтных падзеяў.

Bellit.info раней расказваў пра падпісанне дамовы між Фондам “Камунікат” і польскім выдавецтвам Czarne на публікацыю на беларускай мове першай кнігі Анэты Прымака-Онішк “Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы”. Такім чынам, перавыданне неўзабаве пабачыць свет і яго можна будзе набыць, як і ўсе кнігі Фонда “Камунікат” на сайце Kamunikat.shop.

Трэцяя навінка ад выдавецтва другое дапоўненае выданне манарафіі Віктара Шадурскага “Нараджэнне беларускага левіяфана” пра сацыяльныя і палітычныя змены ў Беларусі ў перыяд з 1991 па 1996 гады.