Фонд “Камунікат” заключыў дамову з польскім выдавецтвам Czarne на выданне на беларускай мове першай кнігі Анэты Прымака-Онішк “Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы”. Арыгінал гэтай кнігі па-польску пабачыў свет у 2016 годзе, а беларускі пераклад у 2019 выходзіў у выдавецтве “Інбелкульт” (Смаленск) у перакладзе А. Моніча.
Цяпер, пасля выдання кнігі “Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша” Анэты Прымака-Онішк, фонд “Камунікат” пастанавіў перавыдаць першую грунтоўную працу аўтаркі.
Анатацыя:
“Лета 1915 года. Расійская армія пад напорам нямецкага войска мусіць адступаць з тэрыторыі Польшчы, Беларусі, Украіны ўсё далей на захад. Па вёсках і самі сабой, і мэтанакіравана шырацца самыя неверагодныя чуткі пра тое, што германцы нібыта паводзяць сябе зусім бесчалавечна, а таму адзінае выйсце — ратавацца ўцёкамі. Углыб Расійскай імперыі з яе заходніх рэгіёнаў кіруюцца гружаныя фурманкі. З этнічна беларускіх Беласточчыны ды Гарадзеншчыны выязджаюць нават да 80% насельніцтва. Усяго ў бежанства выправіліся да 2 мільёнаў чалавек. Яны едуць у спякоце, часта без ежы і вады, церпяць шмат бедаў, масава хварэюць і паміраюць. Пасля тыя, хто гэта ўсё перанёс і выжыў, расцярушваюцца па ўсёй Расіі, так-сяк уладкоўваюць свой побыт. А потым, калі ў Расіі адбываецца рэвалюцыя і разгортваецца крывавая грамадзянская вайна, яны зноў садзяцца на колы і едуць назад — на радзіму, але ўжо новую, не тую, што была калісь. Бо за той час, пакуль іх не было дома, тут ужо паспела ўсталявацца новая ўлада — польская. А ўвесь набытак, што збіраўся пакаленнямі, часта пайшоў з дымам… Аўтарка гэтай кнігі апавядае гэтую гісторыю з розных перспектыў: людзей, пастаўленых у экстрэмальную сітуацыю, сялян, свет якіх гіне проста на іх вачах, і ўрэшце бежанцаў, уцекачоў, бязвінных ахвяраў розных войнаў”.
Кніга “Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы” была ўганараваная Літаратурнай прэмія Прэзідэнта горада Беластока імя Веслава Казанецкага 2016 году (“за наватарскае асэнсаванне тэмы бежанства і выдатны гістарычны рэпартаж”) і атрымала званне кнігі лістапала 2016 году ў межах узнагароды “Варшаўская літаратурная прэм’ера”.






