20 чэрвеня ў Вільні у прасторы Sodas2123 пройдзе сямейны беларуска-літоўскі інтэграцыйны фестываль “Пад чароўным дрэвам”. Адной з ключавых кропак фестывалю стане літаратурная пляцоўка з удзелам беларускіх і літоўскіх пісьменніц, пісьменнікаў ды мастачак, якія працуюць на ніве дзіцячай літаратуры.
Такім чынам, госці літаратурнай пляцоўкі:
Ганна Янкута – пісьменніца, паэтка, перакладчыца. Аўтарка аднаго з самых вядомых персанажаў сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры – Ката Шпрота. Перакладае, у тым ліку дзіцячую літаратуру, з польскай і ангельскай моваў.
Андрэй Скурко – паэт, перакладчык. Аўтар некалькі зборнікаў вершаў для дзяцей. Перакладае дзіцячую паэзію і прозу з польскай і ангельскай.
Юрга Віле – пісьменніца, перакладчыца. Разам з ілюстратаркай Лінай Ітагакі стварыла адну з найвядомейшых літоўскіх кніг для падлеткаў – “Сібірскія хайку” (“Sibiro haiku”), якая актыўна перакладаецца на іншыя мовы.
Віргіс Шыдлаўскас – пісьменнік, галоўны рэдактар дзіцячага часопіса “Laimiukas”, музыкант. Аўтар некалькіх кніг для дзяцей і падлеткаў.
Лізавета Лянкевіч – мастачка, ілюстратарка. Двойчы пераможца Прэміі Цёткі за найлепшую кнігу для дзяцей і падлеткаў у мастацкай намінацыі. Працуе як з кнігамі для маленькіх, так і з падлеткавай літаратурай. Стварае ілюстрацыі для беларускіх класічных твораў.
Аўшра Кюдулайтэ – мастачка, ілюстратарка. Адна з найвядомейшых яе прац – кніга “Шчасце – гэта ліса” (“Laimė yra Lapė”) разам з пісьменніцай Эвелінай Дацютэ. Кнігі з ілюстрацыямі Аўшры перакладзены на 30 моваў.
Акрамя дыскусій і размоваў можна будзе паслухаць жывую музыку, а затым паўдзельнічаць у майстар-класах ад Аўшры Кюдулайтэ і Лізы Лянкевіч і намаляваць сваіх візуальных персанажаў. Старэйшыя дзеці змогуць стварыць сваю невялічкую гісторыю разам з выкладчыцай і паэткай Дар’яй Роскач.

Падчас фестывалю будзе працаваць стэнд ад кнігарні “Гартайка”, дзе можна будзе купіць і падпісаць кнігі ў аўтарак і аўтараў. Арганізатарам фестывалю выступае Асацыяцыя беларускіх бацькоў у Літве.
З поўнай праграмай фестывалю азнаёміцца можна ў інстаграме.
Культурная прастора Sodas2123
Вільня
Vitebsko g. 21–23
Пачатак у 11:00
Уваход вольны






