У новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец разважае пра турэмную літаратуру цяперашніх часоў, чытаючы кнігу Максіма Знака “Каланісты”. Кінематаграфічнасць, горкая дасціпнасць, афарыстычнасць, нявыдуманая абсурднасць сістэмы і спроба паглядзець на наваколле як на літаратурную прыгоду.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Палітвязень Уладзь Лабковіч пасьля турмы напісаў пра гэтую кнігу ў фэйсбуку: “Пачаў другі раз. І ня змог. Балюча. Настолькі добра напісана, настолькі пранізьліва, што я зноў адчуў сябе ў сутарэньнях Валадаркі”.
Выглядае, што Ўладзь чытаць кнігу ня змог, бо яна вяртае яго ў турму. Я такога досьведу ня маю, і таму разумею, што кніга Максіма Знака, гэтая “турэмная проза” зусім не ўспрымаецца мною як турэмная. Хоць яна ўся і цалкам пра турму, але аўтар сам быццам дыстанцуецца ад такога азначэньня, пакідаючы сябе самога па-за турмой. Мяне ж заахвочвае да чытаньня небанальнасьць мысьленьня аўтара і апавядальная эстэтыка кнігі.
У гэтых замалёўках ці абразках (іх тут 72), названых у падзагалоўку фацэцыямі няволі (ад лацінскага facetia — жарт, досьціп), герой нязьменна адзін — ён. Ня я ці ты, а ён. Назва — “Каляністы” — пасьля папярэдняй кнігі — “Зэкамэрон” — быццам замяняе чытачу сьвет людзей на сьвет кніг, чаму спрыяе і афармленьне вокладкі, якое нагадвае пра прыгодніцкія кнігі дзяцінства. Урэшце эпіграф з Жуля Вэрна, яго інтанацыя канчаткова адводзіць нас у небясьпечную, “не турэмную” зону:
“— Сябры мае! — пачаў ён. — Лёс закінуў нас на гэты самотны шматок зямлі. Нам давядзецца тут жыць, магчыма нават, доўгі час. Урэшце, магчыма, што неспадзявана нам у дапамогу прыйдзе які-небудзь карабель… Я кажу «неспадзявана» таму, што востраў гэты вельмі нязначны: тут няма нават выгоднага прыстанішча для караблёў…
— Ня буду я Пэнкроф, — сказаў марак, — калі хоць раз стану наракаць на цяжкасьці работы! Калі вы захочаце, містар Сьміт, мы ператворым гэты востраў у куток Амэрыкі. Мы пабудуем тут гарады, чыгункі, правядзём тэлеграф!.. Але ў мяне ёсьць адна просьба…
— Якая?
— Я хацеў бы, каб мы не лічылі сябе за пацярпелых крушэньне. Мы — каляністы, якія прыехалі сюды, каб калянізаваць гэты востраў”.
Такім чынам аўтар, сам сабою пазытыўны чалавек, настройвае нас не на безвыходнасьць і пакуты, а хутчэй — на літаратурную прыгоду, добра вядомую зь дзяцінства тым, а з галавой парынаў у захапляльныя кніжныя прыгоды. Тым, хто — чытаў кнігі.
***
Далей кніжны дух падтрымліваецца аўтарам ужо літаратурна, напрыклад, праз афарызмы. “У месцах зьняволеньня толькі ў неба можна глядзець з надзеяй”, — тут я пазнаю ня толькі сам афарызм, але і яшчэ адну характэрную рысу, якая робіць фразу афарызмам — гэта безапэляцыйнасьць.
Між іншым, і само апавяданьне, і літаратурныя тропы ў тэксьце сьведчаць пра начытанасьць аўтара менавіта зь дзяцінства. “Сьляды ў небе ад самалётаў — як сьляды ад маторак на вадзе”. Тут параўнаньне таксама не турэмнае, ты толькі бачыш гэтыя карціны з тэрыторыі зоны, але сутнасна яны зусім не тутэйшыя: і сьлед самалёта, і сьлед ад маторкі — асацыююцца для цябе перш за ўсё са свабодай, а таксама з адпачынкам і зноў жа — зь дзяцінствам, з тымі зьявамі, якія бясконца далёкія ад няволі, бо супрацьлеглыя ёй.
Аўтар уздымаецца поглядам над турмою і бачыць жывую алегорыю ў фразе Жана Бадрыяра, якая таксама выкарыстаная ў якасьці эпіграфу: “Турмы служаць для таго, каб схаваць, што ўвесь соцыюм ва ўсёй сваёй паўнаце, ва ўсёй сваёй банальнай усюдыіснасьці ёсьць месцам зьняволеньня”.
А гэта значыць, што ўся Беларусь цяпер ператвораная ў адну банальна ўсюдыісную зону — пра гэта казала Натальля Пінчук, калі прамаўляла нобэлеўскую лекцыю свайго мужа Алеся Бяляцкага.
Максім Знак за Бадрыярам працягвае: “Бачыш заводы, у якіх і дырэктар, і плян прызначаныя зьверху. Бачыш ВНУ, дзе студэнт падпісвае абавязацельства разьмеркаваньня. Бачыш чыноўніцкія кабінэты з адзінай дазволенай практыкай. Бачыш людзей, што размаўляюць ціха, азіраюцца насьцярожана, самі сябе абмяжоўваюць шмат у чым — абы не было бяды. І іншых людзей, у якіх ёсьць плян пошуку і пасадкі «злачынцаў» у турму. Бачыш усё гэта — і пазнаеш зону. Знаёмыя тыпажы, знаёмыя мэтады. ГУЛАГ разрастаецца з архіпэлягу да памераў дзяржавы”.
***
У мяне досыць неакрэсьленае стаўленьне да выкарыстаньня мату ў мастацкай літаратуры. Часам мат, здаецца, аж верашчыць, разбураючы хоць якую гармонію, а часам — стварае дакладныя вобразы пэрсанажаў. Не заўсёды скажаш, ці мат быў патрэбны. Крытэрый хіба такі — калі ня можаш прыгадаць, ці ўжываўся мат у рамане, які ты літаральна праглынуў. Напрыклад, як у дэбютнай кнізе Яны Гульцяевай “Linea lateralis”. У апошнім рамане Альгерда Бахарэвіча “Падземныя пераходы” мат, здаецца, быў, але ж не запомніўся, зрабіў дакладнымі вобразы герояў і не застаўся ў памяці.
У Максіма Знака мату няма. Мова ў яго чыстая цывільная… Але самое жыцьцё на зоне (дзе, мы ведаем, гавораць часам адным расейскім матам), дзякуючы гэтай цывільнасьці, паступова перамяняецца, робіцца аб’ёмным і крыху быццам іншым, чым мы сабе стэрэатыпна ўяўляем. Зрэдку сустракаецца фраза, кшталту “Іх жа папярэджвалі. Казалі па-чалавечы, простай зразумелай мовай, з выразнымі мацюгаванымі акцэнтамі”. Словам, думаю, калі зададзены такі — “культурны” — парадак, будзе нялёгка ўвесьці ў простую мову якое-небудзь нават прыглушанае “б…” І яно, сапраўды, праскоквае толькі аднойчы. Гэта Х…НЯ і П…ЕЦ. Але нікуды не дзяецца і веданьне, што мат — гэта ледзьве не афіцыйная мова і на зонах, і ў міліцыі, то бок мова, на якой трымаецца цяперашняя ўлада ў Беларусі і яе ўладнае беззаконьне. Бяз мату ўсё выглядае амаль як пераклад Жуля Вэрна…
***
Многія зонныя сытуацыі азадачваюць — а як бы зрабіў ты сам? Вось уявіце, калі дазатар для мыла ў прыбіральні на зоне апынуўся на падлозе, то падымаць яго катэгарычна ня можна, а потым раптам гэты дазатар зноў апынаецца на паліцы… І ўсе перажываюць “невыносную пакуту ад гэтага невыноснага глупства”. Ці можна цяпер мыць рукі, бо ўсе ж бачылі дазатар на падлозе? І як цяпер ставіцца да іншых, калі той, хто падняў, — напэўна ж сярод іх?..
Адносіны аўтара да расейскага нападу на Ўкраіну зразумелыя, але як зразумець супрацьлеглае стаўленьне іншых? “Ці то гарбата была мацнейшая, чым трэба, ці то сакавіцкія зайцы пайшлі ў атаку і вясновае абвастрэньне прарвала фронт розуму, ці яшчэ што здарылася, але стомленыя няпрацай ваяры (а на зоне шмат хто калісьці служыў у савецкім войску) распальваліся ўсё болей, напаўняючы цэх вусьцішнымі лёзунгамі: вось мы ім пакажам, фашызм ня пройдзе, мы іх усіх зьнішчым… А каб не нараджалася новых фашыстаў, салдаты згвалтуюць — дакладней, падораць сваё каханьне — жанчынам варожай краіны, якія гэтага так прагнуць. Яны, па-першае, будуць шчасьлівыя, а па-другое, наступная генэрацыя народзіцца з добрай крывёю, добрай расы, без усялякага фашызму”.
Апошнія словы, між тым, і ёсьць уласна фашызм, але беларускія зэкі ці то ўсьведамляюць сябе расейцамі, ці то настолькі “прамытыя” расейскім тэлевізарам, што бачаць фашызм у тым народзе, які й забіваюць бомбамі расейскія генэралы-ваякі.
***
Хто служыў у войску, бывае, з настальгіяй згадвае тыя часы. Гэта рэакцыя на ўспамін пра ўласную маладосьць. Але тут жа не маладыя людзі, а зэкі па 60 гадоў, і болей… І выглядаюць яны — як “бяз пэўнага ўзросту” (тыповая характарыстыка зэка). І тут часам адчуваецца падобная настальгічная рэакцыя. Ад таго, што там, на зоне, “выразна зразумелае жыцьцё”? Несвабоднае, абсурднае, але — спарадкаванае?
Часам фрагмэнты выпісаныя чыста кінэматаграфічна… “Але яго гэта не суцешыла, ён не супакоіўся, толькі надзьмуў шчокі, затрос галавой і рукамі і пабег уніз па лесьвіцы, потым празь лакалку і далей — у напрамку КПП, пасьлізгваючыся на лужынах, якія ноччу нечакана зьведалі позьнія вясновыя замаразкі.
Уся сьпіна ягонай навюткай ватоўкі была пасечаная лязом. Зухавата — як у фільмах пра Зора. На ёй бялела вялізная літара Z, зь якой вытыркаліся ватныя вантробы”…
Пачаткі, або больш дакладна сказаць запеўкі гэтых фацэцыяў, часам таксама маюць такую кінэматаграфічную выразнасьць:
“Чалавек створаны для сацыялізацыі, як птушка для палёту. Таму цяжка сядзець у камэры аднаму. Але, бывае, сядзіш і чакаеш суседа, і ён нарэшце прыходзіць… А ты ўжо чакаеш, каб ён хутчэй сышоў. Людзі заўсёды хочуць больш за тое, што маюць”.
Але часам запеўка адразу пераходзіць да сацыяльнага ракурсу.
“Бываюць Гімалаі, а бываюць іншыя высокія горы. Сустракаюцца на Зямлі і ўзвышшы. І пагоркі таксама бываюць. У лягеры ж былі бугры — так называлі сябе тыя, хто, нягледзячы на пасаду накшталт брыгадзірскай, адмаўляліся лічыць сябе казлом. Сярод бугроў сустракаліся бугорчыкі — дробненькія правадырчыкі, па сутнасьці падобныя да купін на нездаровым балоце: маленькія, бессэнсоўныя, але калі кранеш — сьмярдзяць“.
Ці вось яшчэ:
“Хто палюе на сланоў, хто на качачак, хто на трусікаў… Энтамолягі нават на матылькоў палююць, а птушкажэры на зоне палююць і на галубоў, і на чаек, і на ўсё, у чаго ёсьць тушка (нават тоўстая кошка Катлета не адчувае сябе ў бясьпецы). А вось Сусьлік паляваў на зэкаў! І як жа прафэсыйна і самааддана ён гэта рабіў!”
І далей гаворка пра службовую асобу, што раскручвае сантэхніку і ўсё, што можна раскруціць і дзе па ідэі могуць нешта схаваць зэкі.
***
У халодным беларускім СІЗА зайшла гаворка пра нарвэскага масавага забойцу Брэйвіка, які сядзіць у празьмерна камфортных умовах… Чаго яму амаль раскоша, а нам гэтыя пакуты?
“— А вось паспрабуй уявіць, што ты можаш. Уявіў? І маеш выбар: альбо для ўсіх аднолькава, і мы з табой будзем, як ён, сядзець… Альбо для ўсіх — як у нас, і яму таксама. Ну, што абярэш?
Сусед задумаўся, нарэшце бахнуў кулаком па стале:
— Ну, гэта ж трэба такой заразай быць! Не, хай навалач сядзіць, як мы, у бэтоне. Сука Брэйвік! Мы патрываем!”
Думка ўвесь час нешта прыдумляе, як калісьці ў дзяцінстве мой прыяцель казаў: вось каб кожны чалавек у СССР даў мне адну капейку, не шкада ж адной капейкі… Пасьля гэта памнажалася на колькасьць насельніцтва ў СССР. Салідная сума выходзіла. Так і тут: колькі трэба людзей, зэкаў, каб запоўніць усе ШІЗА і ПКТ, каб і ім весялей было сядзець і каб больш туды нікога пасадзіць не маглі? Каб “у ШІЗА зноў стала самотна…”
Увогуле тут ня столькі сытуацыйныя дзівацтвы, колькі псыхалягічныя. Калі зэк, які сядзіць у ШІЗА 45 сутак і атрымлівае новых 15, хоць паложана нібыта ня больш за 15, інакш можна звар’яцець, пытаецца ў вертухая, ці той сам сядзеў хоць суткі “ў такіх умовах”, той шчыра зьдзіўляецца: а навошта, я ж ня злодзей. А чаму ўсе палітвязьні — злачынцы, хоць ніхто з атачэньня і яны самі так ня лічаць.
І вось пытаньне: зэк і кантралёр — хто зь іх шчасьлівец?
***
Аб’ектыўна складваецца такая сытуацыя, што кніг пра турму ў Беларусі выходзіць усё больш, бо ўсё больш адукаваных людзей вымушаныя праходзіць праз гэтую рэпрэсіўную інстытуцыю. І таму патрэбны крытэры ацэнкі твораў. Як адрозьніць пэўную кнігу, бо апісаныя сюжэты сустракаюцца ў розных аўтараў, а сама турэмная рэчаіснасьць настолькі аднастайная і гермэтычная, што падаць яе арыгінальна ня проста. У Максіма Знака кожны абразок — гэта толькі нагода пагаварыць на тэму. Фацэцыя. Сам тэкст адрозьнівае дух кніжнасьці, які тут — быццам даданая вартасьць. Гэта як прэлюдыя, пасьля якой просіцца доўгая размова пра турэмныя калізіі, пра абсурд сыстэмы і ўзьнікае пытаньне пра тое, як бы, скажам, Максім Знак пісаў кнігу — не пра турму?






