Выйшла новая кніга вершаў Вольгі Гронскай

У берлінскім выдавецтве hochroth Minsk выйшаў паэтычны зборнік Вольгі Гронскай “Дрэвы і лініі”. Ілюстрацыю да кнігі зрабіла Дар’я Гоманава. Навінку неўзабаве можна будзе замовіць праз сайт выдавецтва.

“У размове пра творчасць таго ці іншага паэта або паэткі мы гаворым пра яго ці яе вершы і вельмі рэдка — пра паэзію.

Паэзія Вольгі Гронскай (а гэта, безумоўна, паэзія) — якраз той выпадак, калі даволі складана размаўляць пра вершы, і ўжо тым болей язык не паварочваецца сказаць проста “тэксты”. “Дрэвы і лініі” пацвердзяць сказанае мной. Гэта вельмі Воліна кніга: яна цэльная, як вялікае, магутнае дрэва, сабранае з тонкіх і крохкіх галінак-вершаў, што перагукаюцца-пераплятаюцца паміж сабой і ўтвараюць вельмі прыгожую карціну дзікай, вольнай існасці, непаўторную паэзію, якую хочацца чытаць і перачытваць, і кожны раз знаходзіць нешта новае — пра лірычную гераіню, пра саму аўтарку і пра сябе”, — піша пра аўтарку Ева Арлова.

*
Дзе твае карані,
пытаеш сябе.
Якое неба
гайдаецца на тваім галлі.
Адкуль і з чаго прарастаеш,
урастаеш куды, ува што.
Хто спявае ў лісці тваім
і каму.

Ты стаіш на гэтай зямлі,
ясі з чорных патрэсканых рук
той, што цябе гадавала,
сілу яе.
І маўчыш,
і шукаеш адказы.
Каранямі сілкуючы неба,
небам жывячы карані.

*
Часам ты думаеш:
як гэта –
быць дрэвам?
Яно стаіць на адным месцы,
распранаецца ў холад,
ніколі не ўбачыць мора,
ніколі нічога не зменіць,
жывучы па коле
і нажываючы колцы гадоў
у стомленай сарцавіне.
Але
ці хоча дрэва
зрабіцца табой,
п’ючы сілу зямлі
і размаўляючы з небам
птушынымі галасамі?

*
У апусцелым горадзе,
на знямелай вуліцы
пуста ці поўна
бяскрылай душы
дрэва,
якое помніць?
Яно трымае ў сваіх каранях
жменьку зямлі
і не можа кінуць яе,
каб паставіць кропку.
Так і стаіць само
ў канцы
ненапісанай светлай гісторыі –
поўнае болю
і пустых спадзяванняў.