150 найлепшых кніг 2025 году: выбар Bellit.info

2025 год быў багаты на кнігі, якія хацелася набыць і прачытаць. На нашым сайце мы стараліся аглядаць іх усе, таму за больш падрабязнай інфармацыяй можна звярнуцца праз вакенца пошуку. Якім быў беларускі кніжны 2025-ты расказваем у нашым штогадовым рэйтынгу.

Паэзія

Як заўсёды, пачынаем з паэзіі і, канечне, зноў адзначаем стабільную працу берлінскага выдавецтва Дзмітрыя Строцава hochroth Minsk, кніга якога (“Нічога нястрашнага” Сяргея Прылуцкага) атрымала сёлета найвышэшую паэтычную ўзнагароду, прэмію імя Наталлі Арсенневай. Значна больш як летась займалася паэзіяй у 2025 годзе выдавецтва “Янушкевіч”, канкуравалі з берлінскім выдавецтвам і іншыя выдаўцы. Кнігі выходзілі на беларускай (кірыліцай і лацінкай), расейскай мовах, па-заходнепалеску, а таксама ў выглядзе білінгваў. У спісе адмыслова варта адзначыць дзве новыя кнігі вершаў Юлі Цімафеевай, адна з якіх артбук, суплёт паэзіі і калажу. Пасля доўгага перапынку, у тым ліку звязанага з турэмным зняволеннем, выйшла новая кніга ў Мікіты Найдзёнава. Нарэшце парушыў маўчанне і паэт-авангардыст Дзмітрый Дзмітрыеў. Як заўжды, празрыстая ў сваёй класічнасці новая кніга паэзіі Уладзіміра Някляева. Нямала ў 2025 годзе і добрых дэбютаў: Вікторыя Трыфанава, Лусінэ, Алесь Сьнег. Выйшла і тры анталогіі: доўгачаканая “Вільня ў беларускай паэзіі” (уклад. Сяргей Дубавец), класічная паэзія турмы і выгнання “Вершы на волю” (уклад. Ціхан Чарнякевіч) і зборнік сучасных аўтараў Беларусі “Круцель-трава”.

  1. Фелікс Аксёнцаў. “2/3”. Выдавецтва hochroth Minsk.
  2. Маргарыта Аляшкевіч. “Нескладова і троху лацінкай”. Выдавецтва hochroth Minsk.
  3. Георгій Барташ. “P.O.V.” Выдавецтва hochroth Minsk.
  4. Андрэй Бурсаў. “Сонм-Трава”. Выдавецтва Skaryna Press.
  5. “Вершы на волю: паэзія турмы і выгнаньня”. Анталогія класічнай беларускай турэмнай паэзіі. Выдавец: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Фонд “Камунікат”.
  6. “Вільня. Анталёгія беларускай паэзіі XX стагодзьдзя”, укладальнік Сяргей Дубавец. Выдавецтва “Логвінаў”.
  7. Аляксей Дзікавіцкі. “Полэшук 2.0 / Poleszuk 2.0”.
  8. Дзмітрый Дзмітрыеў. “Codex. Imago. Index”. Выдавецтва “Лысы чэрап”, у межах ініцыятывы “33 кнігі для іншай Беларусі”.
  9. Алесь Дуброўскі-Сарочанкаў. “Пешшу”. Выдавецтва Skaryna Press.
  10. Ліна Казакова. “Лили не спит”. Выдавецтва hochroth Minsk.
  11. Артур Камароўскі. “Анатомія”. Выдавецтва SkarynaPress.
  12. Зьміцер Крэс. Mosa. Выдавецтва “Логвінаў”.
  13. Круцель-Трава. Выдавец Раман Цымбераў.
  14. Ігар Кулікоў. “Нетутэйшая далечыня”. Выдавецтва “Янушкевіч”
  15. Ілля Кульбіцкі. “Хроніка адмаўлення пустаты”. Выдавецтва Skaryna Press.
  16. Лусінэ. “Ляці ляці сюрыкэн”. Выдавецтва hochroth Minsk.
  17. Ванда Марцінш. “Таямніцы высокага двара”. Выдавецтве Slinkčių.
  18. Марыя Мартысевіч. “Хагі Вагі”. Выдавецтва hochroth Minsk.
  19. Мікіта Найдзёнаў.Праспект Нежалезнасці“. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  20. Уладзімір Някляеў. “Кніга лёсаў”. Выдавецтва KEW.
  21. Фрыдрых Самотны. “Śviata žyćcia”. Выдавецтва hochroth Minsk.
  22. Алесь Сьнег. “Гэта не пра нас”. Выдавецтва “Тэхналогія”.
  23. Вікторыя Трыфанава. “Замова ўрбаністычная”. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  24. Юля Цімафеева. “Кровазварот”. Выдавецтва “Янушкевіч”. Юля Цімафеева. “Ich zerchneide die Geschichte / Lyrik und Collagen. Рэжу гісторыю сабой / Вершы і калажы”. Edition Frölich.
  25. Ян Чыквін. “Бачыць свет. Вершы 2009-2021”. Выдавецтва Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах.
  26. Ганна Янкута. “Надзейны сродак ад прывідаў”.  Выдавецтва hochroth Minsk.

Проза

Сям-там наракалі, што ў Прэміі Гедройця сёлета не было і 20 намінантаў, але налета гэткія лічбы яўна памножацца ў паўтара-два разы: прозы і непрыдуманай літаратуры стала адчувальна больш, што, вядома, вельмі добра. Да гэтых жанраў заўсёды прыслухоўваешся, бо яны, у пэўным сэнсе, люстэрка літаратуры, дзе адбіваецца думка, вонкавы выгляд і мэсэдж. У той час, як паэзія распрацоўвае мову, каб яна адчувала сябе вольна ў найбольш крызісных сітуацыях, якія, зрэшты, для беларусаў чаргуюцца адна з адной.

Радуе, што нямала ніжэйзгаданых кніг напісаныя ў Беларусі, і, паказальна, многія з іх выдаюцца пад псеўданімамі, бо той самы мэсэдж можа быць прачытаны ў Беларусі зусім не ўдзячным “чытачом”, а вольна выказвацца і наогул не рэкамендуецца спецыялістамі ў галіне аховы здароўя. Наагул феномен ананімнай і псеўданімнай літаратуры, а таксама літаратурнай крытыкі, за апошнія гады разросся і толькі павялічвае свае маштбы і аб’ёмы на кніжных паліцах. Што з гэтым рабіць – няясна, застаецца прыняць як дадзенасць.

Разам з тым, актыўна працавалі аўтары, што заявілі пра сябе яшчэ ў 1980-я: стылёва напісаныя кнігі Адама Глобуса, Уладзіміра Сцяпана, Барыса Пятровіча, Сержука Сыса, Андрэя Федарэнкі заўсёды вартыя ўвагі. Добрых паўдзясятка дэбютных кніг прозы, у тым ліку ў жанры рамана, дадаюць упэўненасці, што некалі ўсё ж адродзіцца прэмія “Дэбют”, бо нарэшце ёсць з каго выбіраць і ёсць каго ўганароўваць. Нечаканым і дзеля таго яшчэ больш прыемным ёсць і дэбют у беларускай прозе класіка айчыннай музыкі Лэслі Найфа (Уладзіслава Наважылава), кніга пабачыла свет ажно за акіянам, у мілым выдавецтве “Грунвальд”.

У сферы непрыдуманай літаратуры адзначым дзве кнігі з Падляшша: новыя рэпартажы з пушчанскіх нетраў лаўрэаткі Прэміі Гедройця Ганны Кандрацюк і мемуары местачковага паштальёна “Мой лёс Дубічы-Царкоўныя”. На мяжы мастацкай літаратуры і нон-фікшн працуюць Адам Глобус з кнігай пра сёлетняга юбіляра Уладзіміра Караткевіча і Андрэй Горват з інфернальна-квэставай біяграфіяй нараўлянскага палацу Горватаў, варта згадаць таксама і біяграфію аднаго з найлепшых беларускіх паэтаў усіх часоў Алеся Гаруна аўтарства Алеся Пашкевіча, а таксама густоўныя кнігі аўта-аповеду на расейскай мове ад Паўла Анціпава і Таццяны Заміроўскай, а на беларускай Макса Шчура.

Наагул пачытаць ёсць чаго, і каб заняцца выключна беларускай прозай, то ўжо хапіла бы чытанкі на цэлы год. Што вам і рэкамендуем зрабіць.

  1. Ананімная аўтарка. “Дзённік 2021–2022”. Выдавецтва “Мяне Няма”.
  2. Павел Анціпаў. “Куда-нибудь приезжать, что-нибудь делать и уезжать”. Выдавецтва “Мяне Няма”; “Дача. Рассказы 2008-2021”. Выдавецтва “Лысы чэрап”.
  3. Тафіля Багач і Паўліна Кот. “Паспець да цемры. Містычныя гісторыі з Беларусі”. Выдавецтва “Пфляўмбаўм”.
  4. Зміцер Вішнёў. “Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер”. Выдавецтва Skaryna Press, разам з ініцыятывай “33 кнігі для іншай Беларусі”.
  5. Адам Глобус. “Наш сусед Караткевіч”. Выдавец Раман Цымбераў.
  6. Андрэй Горват. “Дом”. Выданне аўтара.
  7. Таццяна Заміроўская. “Свечи Апокалипсиса”. Редакция Елены Шубиной.
  8. Ганна Кандрацюк. “Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці”. Выдавецтва Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку.
  9. Вольга Касцюк. “Дубовые яблочкі”. Выдавецтва Skaryna Press.
  10. Севярын Квяткоўскі. “Мы ідзём на Марш!” Фонд “Камунікат”.
  11. Цімур Кудзеліч. “Значныя дні”. Skaryna Press.
  12. Макар. “Ніці”. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  13. Уладзіслаў Наважылаў. “Яблык у валізцы”. Выдавецтва “Grunwald”.
  14. Мікалай Панфілюк. “Мой лёс — Дубічы-Царкоўныя”. Выданне Праграмнай рады тыднёвіка “Ніва”.
  15. Марыя Пархімчык. “Эйфарыя”. Выдавецтва “Пфляўмбаўм”.
  16. Алесь Пашкевіч. “Цясляр волі. Кніга пра Алеся Гаруна”. Выдавец Раман Цымбераў.
  17. Аляксей Правалоцкі. “Цягнік да Познаня”. Выдавецтва “Gutenberg”.
  18. Барыс Пятровіч. “Цнота на потым”. Выдавец: Фонд “Камунікат”.
  19. Уладзімір Сцяпан. “Ваўка”. Выдавецтва “Мяне няма”.
  20. Сяржук Сыс. “Пералёт-трава”. Выдавецтва “Логвінаў”.
  21. Дзяніс Трусаў. “Боў і мерць у Хротне”. Фонд “Камунікат”.
  22. Андрэй Федарэнка. “Сцэнарыст”. Фонд “Камунікат”.
  23. Каміла Цень. “Наступны прыпынак — смерць”. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  24. Клёк Штучны. “Забойства на вуліцы Макаёнка”. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  25. Арцём Шуканаў. “Пентаквантар”. Выдавецтва “Gutenberg”.
  26. Макс Шчур. “Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе”. Выдавецкая ініцыятыва SayBeat.

Пераклады

Ажэшка, Пэрл Бак, Борхес, Брэдберы, Бэргсон, Вергілій, — пачынаеш чытаць спіс перакладаў 2025 года і рука цягнецца па партманэт. Штогод у спісе новых перакладаў — кнігі, якія калісьці марыў пабачыць па-беларуску, і вось яны тут, на адлегласці аднаго кліка (ці трох). Не адзін год асноўным і найбольш вядомым выдаўцом перакладной літаратуры быў “Янушкевіч”, але сёлета не менш актыўны ў гэтым плане і выдавец Раман Цымбераў, адно першы канцэнтруецца на правераных хітах, а другі мае густ у класіцы.

Наагул працай выдавецтва Цымберава і перакладчыка Лявона Баршчэўскага па стварэнні серыі бібліятэкі сусветнай літаратуры нельга не захапіцца. Радуе, што некаторыя кнігі гэтай не абвешчанай серыі ўжо выходзяць другімі выданнямі ў варшаўскіх “Полацкіх лабірынтах”, як Вергілій і Гамер. У гэтым жа перыядзе “вялікага часу” працуюць Ігар Кулікоў з сэрам Гавейнам, а таксама і безыменны калектыў перакладчыкаў рыма-каталіцкай царквы Беларусі, які сёлета выдаў першы афіцыйны пераклад Пяцікніжжа Майсеева.

Другім важным штрышком у агульным малюнку ёсць наяўнасць пяці (а калі лічыць у тамах, то шасці) кніг, перакладзеных з літоўскай мовы. Цяжка прыгадаць год, калі б выходзіла столькі літоўскіх аўтараў па-беларуску. Хутчэй за ўсё, ніколі, і гэта, безумоўна, прарыў.

  1. Эліза Ажэшка, Тадэвуш Гарбоўскі. “Ad Astra”: празаічная паэма ў лістах. Пераклад Святланы Воцінавай. Выдавецтва “Чабор”.
  2. Пэрл Бак. “Вецер з Усходу, Вецер з Захаду”. Пераклад Кацярыны Несцяровіч. Выдавецтва Gutenberg.
  3. Хорхе Луіс Борхес. Творы. Том І-ІІ. Пераклад Сяргея Шупы. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  4. Рэй Брэдберы. “Марсіянскія хронікі”. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  5. Анры Бэргсон. “Смех. Эсэ пра значэнне камічнага”. Пераклад Змітра Коласа. Выдавец Раман Цымбераў.
  6. Вергілій. “Энэіда”. Пераклад Лявона Баршчэўскага. Выдавец Раман Цымбераў
  7. Людвіг Вітгенштайн. “Логіка-філасофскі трактат”. Пераклад Лявона Баршчэўскага. Выдавец Раман Цымбераў.
  8. Фрэнк Герберт. “Дзюна”. Пераклад Ігара Кулікова. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  9. Гесіёд. “Працы і дні”. Пераклад Лявона Баршчэўскага. Выдавец Раман Цымбераў.
  10. Маціяс Гёрыц. “У Паркера застаўся толькі тыдзень”. Пераклад Галіны Скакун. Выдавецтва Skaryna Press.
  11. Марэк Гласка. “Першы крок у аблоках”. Пераклад Марыі Пушкінай. Выдавецтва “Логвінаў”.
  12. Гінтарас Граяўскас. “Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі”. Пераклад Сабіны Брыло. Выдавецкая ініцыятыва “Surma”
  13. Горад на гары. Анталогія сучаснай літоўскай паэзіі”. Фонд “Камунікат”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.
  14. Катрына Зіле. “Любыя косці”. Пераклад Сюзанны Паўкштэлы. Выдавецтва “Пфляўмбаўм”.
  15. Юрка Іздрык. “Human right”. Пераклад Алеся Плоткі і Наталлі Русецкай. Выдавецтва hochroth Minsk.
  16. Гедрэ Казлаўскайце. “Чароўны час”. Пераклад Уладзіслава Гарбацкага. Выдавецтва “Пфляўмбаўм”.
  17. “Калі свет ашалеў…”: анталогія паэзіі нямецкага барока. Пад рэд. Лявона Баршчэўскага. Выдавец Раман Цымбераў.
  18. Рэбэка Кван. “Елаўфэйс”. Пераклад Насты Карнацкай. Выдавецтва “Янушкевіч”
  19. Віктар Клемперэр. “LTI — нататкі філолага”. Пераклад Ганны Скамарошчанкі. Выдавецтва “Вільма”.
  20. Ганна Краль. “Апярэдзіць Госпада Бога”. Пераклад Лявона Баршчэўскага. Выдавецтва Połackija Łabirynty.
  21. Гаўард Філіпс Лаўкрафт. “Іншыя Багі”. Выдавецтва Gutenberg Publisher.
  22. “Пяцікніжжа Майсея”. Афіцыйны пераклад рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі. Выдавецтва “Про Хрысто”.
  23. Дж. К. Роўлінг. Гары Потэр і Келіх агню. Пераклад Алены Пятровіч. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  24. Эрых Марыя Рэмарк. “Лісабонская ноч”. Пераклад Вольгі Гронскай. Выдавецтва “Папуры”.
  25. Крысціна Сабаляўскайце. “Silva Rerum”. Пераклад Сяргея Шупы. Выдавецтва “Вясна”.
  26. Дамініка Словік. “Самасейкі”. Пераклад Алены Пятровіч. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  27. “Спеў пра Майго Сіда”: гішпанскі гераічны эпас. Пераклад Якуба Лапаткі, Лявона Баршчэўскага. Выдавец Раман Цымбераў.
  28. “Сэр Гавейн і Зялёны Рыцар”. Пераклад Ігара Кулікова. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  29. Шчэпан Твардах. “Нуль”. Пераклад Кацярыны Маціеўскай. Выдавецтва “Янушкевіч”.
  30. Дж. Р. Толкін. “Хобіт”. Пераклад Франца Корзуна. Выдавецкая ініцыятыва “Кніжны рысь”.
  31. Мілаш Урбан. “Сямікасцелле. Гатычны раман з Прагі”. Пераклад Сяргея Сматрычэнкі.
  32. Саша Філіпенка. “Слон”. Выдавецтва Gutenberg.
  33. Лі Чайлд. “Цёмная справа”. Пераклад Дзяніса Пугача. Выдавецтва Gutenberg.
  34. Бэла Шагал. “Запаленыя свечкі”. Пераклад Ігара Крэбса. Выдавецтва “Пфляўмбаўм”.
  35. Лешэк Шарэпка. “Беларускі снайпер”. Пераклад Алеся Плоткі. Фонд “Камунікат”.

Навуковая і навукова-папулярная

Спіс навуковых выданняў, якія хацелася б адзначыць, не самы вялікі, але многія кнігі ў ім — сур’ёзны плён шматгадовай працы даследчыкаў.

Безумоўна, выдатныя кнігі працягваюць выдаваць нашыя этнографы і фалькларысты, найгалоўная з іх у 2025 годзе — кніга Вольгі Лабачэўскай.

Альбом “Руіны Беларусі”, падрыхтаваны архівам VEHA, з фотаздымкамі і тэкстамі пра руіны на фоне людзей і пра людзей на фоне руінаў — прыклад выдатнага літаратурна-мастацкага канцэптуальнага праекту, які знайшоў удзячных выдаўцоў у галерэі “Арсенал” і Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку.

Следам за леташняй “Кнігай могілак” Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча працягнулася складаная справа ў сферы некрапалістыкі, і даследаванне “Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць” ёсць, бясспрэчна, выдатным гайдам па легендарным сталічным некропалі і, што вельмі добра, даступным для шырокага чытача, аматара гісторыі Менску і беларускай гісторыі ў цэлым.

Варта згадаць і кнігу, прысвечаную спадчыне Вацлава Ластоўскага, выдадзеную лонданцамі з Skaryna Press. Мякка кажучы, нячаста з’яўляюцца кнігі пра заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці, а ў іх тэкстах яшчэ шмат чаго належыць прачытаць і адрэфлексаваць. Як, зрэшты, і ў іншых навуковых і навукова-папулярных тэматах. Патрэба беларускага нон-фікшну нямала абмяркоўваецца, прапаноўваецца нават стварыць фундацыю, якая б дапамагала выданню падобных кніг. Было б добра. Справа перспектыўная.

  1. Беларускі народны спеўнік: каляндарна-абрадавыя песні. Укладальнікі Яніна Грыневіч і Таццяна Канстанцінава, мастацкае афармленне – Кася Сырамалот. Выдавецтва “Капітал прынт”.
  2. “Вадзіца-царыца, усяму свету памачніца”. Запіс і ўклад. Т. В. Валодзінай; навук. рэд. А. І. Лакотка; пер. на англ. мову І. М. Дубянецкай; іл. Н. А. Сухой. Выдавецтва “Беларуская навука”
  3. Аляксандр Гужалоўскі. “Штурмуйце будучыні аванпосты. Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР (1919-1929)”. Выдавец Раман Цымбераў.
  4. Сяргей Кавалёў. “Беларуская літаратура перыяду трансфармацыі. Абрысы замглёнага краявіду”. Выдавецтва Універсітэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
  5. Руслан Кулевіч. “Апошнія сведкі Гродна”. Выданне аўтара.
  6. Вольга Лабачэўская. “Аброк. Абыдзённік: жаночыя рытуальныя практыкі”. Выдавец Раман Цымбераў.
  7. “Новым імкненьням даць новыя формы. Вацлаў Ластоўскі і культурны дыскурс 1920-х гадоў”. Выдавецтва Skaryna Press.
  8. Руіны Беларусі. Выданне Галерэі “Арсенал” у Беластоку, Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, архіву VEHA.
  9. Юрый Тамковіч, Павел Каралёў. “Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць”. Выдавец Раман Цымбераў.
  10. Уладзімір Хільмановіч. “Беларускі каляндарны энцыклапедычны даведнік на кожны дзень”. Выданне аўтара.

Дзіцячая літаратура

Традыцыйна праблемная сфера для кнігавыдання ва ўмовах наяўнасці адсутнасці надзеі на дзяржаўную падтрымку — гэта дзіцячая літаратура. Пастаянная дарагоўля буйнафарматнага поўнаколернага друку, барацьба за зніжэнне сабекошту і адчувальныя рызыкі пераследуюць гэты жанр з сілай, не меншай за амерыканскія ўраганы. Даволі мала, як на такі важны жанр, працуе і стваральнікаў яго — аўтараў і мастакоў. Праблем дастаткова.

Тым не менш, сёлета і тут маем крыху лепшыя паказчыкі па выданнях. Радуе з’яўленне цэлых серый кніжак-кардонак для наймалодшых чытачоў, прыемна адзначыць з’яўленне новай кніжнай серыі “Ветрачок”, што запачаткавана ў выдавецтве Рамана Цымберава ў Менску.

Радавала бліскучымі перакладнымі выданнямі выдавецтва “Папуры”, у якіх і якасць мовы, і падбор ілюстратараў, і паліграфія заўжды на добрым узроўні. З перавыданняў, здзейсненых “Папуры”, нельга не згадаць наноў праілюстраваныя Кацярынай Дубовік “Сем ружаў” Надзеі Ясмінскай.

Сярод адзінкавых выданняў, безумоўна, варта адзначыць кнігу Святланы Бень “Беспрацоўнае дрэва”, своеасаблівы дэбют на беларускай мове і для аўтаркі, і для выдавецтва “Мяне няма” ў поўнаколернай дыхтоўнай паліграфіі.

Наагул жа застаецца толькі падзякаваць тым, хто ўрабляе нялёгкую дзялку выдання дзіцячай літаратуры пры ўсіх нашых сённяшніх крызісах. З чытання дзецям беларускіх кніжак закладаецца і пачынаецца штосьці вельмі важнае, і на гэта, канечне, нельга забывацца.

  1. “Беларускія Калыханкі”. Уклаў Сяржук Доўгушаў. Выданне ініцыятывы Tradycyja / ЭтнаТрадыцыя і Studio Magenta.
  2. Света Бень. “Беспрацоўнае дрэва”. Ілюстрацыі Ліны Хесэ. Выдавецтва “Мяне Няма”.
  3. Фрэнсіс Эліза Ходжсан Бёрнет. “Таямнічы сад”. Пераклад Алены Пятровіч. Ілюстрацыі Лізаветы Лянкевіч. Выдавецтва “Папуры”.
  4. Данута Бічэль. “Радзіма: вершы для маленькіх”. Ілюстрацыі Аляксандры Адамовіч. Выдавец Раман Цымбераў.
  5. Генадзь Бураўкін. “Зай і яблынька”. Ілюстрацыі Валерыі Вілкінай. Выдавец Раман Цымбераў.
  6. Віталія Глаз. “Праз казку — пра мастацтва”. Выдавецтва Мастацкая літаратура.
  7. Сібіла Дэлакруа. “Снежны сон”. Пераклад Кацярыны Маціеўскай. Выдавецтва “Папуры”.
  8. Марта Дэмбоўска. “Шчасцік”. Пераклад Наталлі Давыдоўскай. Выдавецтва “Папуры”.
  9. Аляксандр Ждановіч. “Казкі гарадскога парку”. Малюнкі Марыі Платонавай. Выдавецтва Gutenberg.
  10. Алена Зарніцкая. “Сябры ў двары”. Малюнкі Дарыны Харытончык. Выдавецтва Gutenberg.
  11. Сяргей Календа. “Хлопец Томас. Tomas the Boy”. Ілюстрацыі Марыі Шэндзель. Выдавецтва Gutenberg.
  12. Карла Калодзі. “Піпі, або Ружовае малпянятка”. Пераклад Аксаны Данільчык. Ілюстрацыі і дызайн Машы Мароз і Насты Капульцэвіч. Выдавецтва “Тэхналогія”.
  13. Ганна Кручкова. “Хто ты, дрон?”. Выдавецтва Gutenberg.
  14. Алег Мінкін. “Зарапад”. Ілюстрацыі Кацярыны Мельнікавай. Выдавец Раман Цымбераў.
  15. “На пухнатых лапках. Анталогія нерыфмаванай паэзіі”. Укладальніца, перакладчыца і ілюстратарка Вольга Гапеева. Выдавецтва Skaryna Press.
  16. Андрэй Наліва. “Адважныя вандроўнікі”. Ілюстрацыі Марыны Рудчык. Выдавец Раман Цымбераў.
  17. “Патаемная спадчына. Казкі пра беларускіх жанчын”. Выдавецтва byProsvet.
  18. “Расліны беларускай зямлі: легенды пра дрэвы”, “Расліны беларускай зямлі: легенды пра кветкі”. Аўтарка ідэі і мастачка: Таццяна Гаранская. Складальнікі: Алена Боганева, Таццяна Валодзіна. Выдавецтва “Беларусь”.
  19. Грэтэ Ротбёль. “Усе хочуць… есці”. Пераклад Надзеі Кандрусевіч. Выдавец: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў у супрацы з фондам “Камунікат”.
  20. Сяржук Сокалаў. “Усмешка: вершы для маленькіх”. Ілюстрацыі Валерыі Лукашык.
  21. Андрэй Скурко. “Бобрык, які любіць ваду”. Мастачка Дарына Харытончык. Выдавецтва Gutenberg.
  22. Шакці Стааль, Марыянна Барсілон. “Як Воўк пісаў ліст Дзеду Марозу”. Пераклад Кацярыны Маціеўскай. Выдавецтва “Папуры”.
  23. Андрэй Федарэнка. “Падслуханая казка”. Ілюстрацыі Кацярыны Яфрэмавай. Выдавец Раман Цымбераў.
  24. Бландзіна Франку. “Дзяўчынка з Беларусі”. Пераклад Волі Фіранкі. Мастак Жузэ Карлас Лолу. Выдавецтва “Папуры”.
  25. Уладзімір Ягоўдзік. “Атаман-барабан”. Ілюстрацыі Любові Максімавай. Выдавец Раман Цымбераў.
  26. Надзея Ясмінска. “Матулін дзень”. Ілюстрацыі Таццяны Багданавай. Выдавецтва “Папуры”.

Перавыданні

Летась у нашым традыцыйным рэйтынгу 100 знакавых кніг году мы ўводзілі рубрыку “Перавыданні”, бо нельга было абмінуць прыгожыя кнігі класікі, файна выдадзенае і наноў праілюстраванае нашымі мастакамі. Сёлета перавыданняў было ў некалькі разоў больш, і такая тэндэнцыя сведчыць пра тое, што беларуская кніга сама па сабе становіцца неабходнай, незалежна ад таго, наколькі новы для чытача будзе тэкст.

Дзеля праўды, каб болей адзначыць упершыню выдадзеных кніг, мы спачатку вырашылі не ўключаць ў наш спіс 2025 году. Аднак рука ўсё ж не паднялася гэта зрабіць. Надта ўжо добрыя кнігі выйшлі! І ўпершыню менавіта ў 2025 годзе нагэтулькі шмат з’явілася паліграфічна густоўных перавыданняў: у добрым дызайне, у цвёрдых вокладках. Проста немагчыма, проста нельга не ўзгадаць гэтую зладжаную мэтанакіраваную працу нашых выдаўцоў, якія вярталі да чытача (а калі які чытач ведаў, то і проста нагадаць не лішне) знакавыя творы айчыннай і сусветнай літаратуры.

  1. Алесь Адамовіч. “Хатынская аповесць. Нямко”. Выдавецтва “Папуры”.
  2. Святлана Алексіевіч. “У вайны не жаночы твар”. Пераклад Валянціна Акудовіча. Выдавецтва “Зуркампф”, Логвінаў.
  3. Міхал Анемпадыстаў. “Каб быць бліжэй да зорак”. Выдавец Раман Цымбераў.
  4. Ігар Бабкоў. “Адам Клакоцкі і яго цені”. Выдавецтва Логвінаў.
  5. Зміцер Бартосік. “Быў у пана верабейка гаварушчы”. Фонд “Камунікат”.
  6. Васіль Быкаў. “Ліквідацыя. Мёртвым не баліць”. Фонд “Камунікат”.
  7. Ева Вежнавец. “Шлях дробнай сволачы”. Выдавецтва Gutenberg.
  8. Ларыса Геніюш. “Птушкі без гнёздаў”. Фонд “Камунікат”, Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку.
  9. Ё.В. Гётэ. “Фаўст”. Пераклад Васіля Сёмухі. Выдавецтва “Папуры”.
  10. Андрэй Горват. “Радзіва Прудок”. Выданне INEXKULT.
  11. Сяргей Дубавец. “Майстроўня: гісторыя аднаго цуду”. Фонд “Камунікат”.
  12. Калевала. Пераклад Якуба Лапаткі. Выдавецтва “Папуры”.
  13. Югася Каляда. “Галоўная памылка Афанасія”. Выдавецтва Gutenberg.
  14. Павел Касцюкевіч. “Дзённік Усяслава Чарадзея”. Выдавецтва Gutenberg.
  15. Аляксей Карпюк. “Вершалінскі рай”. Фонд “Камунікат”.
  16. Нікало Макіявелі. “Уладар”. Пераклад Змітра Коласа. Выдавецтва “Папуры”.
  17. Клаўс Ман. “Мэфіста”. Пераклад Васіля Сёмухі. Выдавецтва “Папуры”.
  18. Сяргей Навумчык. “Дзевяноста пяты”. Фонд “Камунікат”.
  19. Уладзімір Някляеў. “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”. Выдавецтва Gutenberg.
  20. Віталь Рыжкоў. “Дзверы замкнёныя на ключы”. Фонд “Тутака”.
  21. Ганна Севярынец. “Дзень святога Патрыка. Гасцініца “Бельгія”. Выдавецтва “Чабор”.
  22. Ілля Сін. Libido. Выдавецтва Gutenberg.
  23. Алесь Смалянчук. “Скірмунт. Жыццяпіс грамадзяніна Краю”. Выдавецтва Калегіюма Усходняй Еўропы.
  24. Вольга Такарчук. “Правек і іншыя часы”. Пераклад Марыны Шоды. Выдавецтва Логвінаў.
  25. Макс Шчур. “Там, дзе нас няма”. Выдавецкая ініцыятыва SayBeat.
  26. Макс Шчур. “Завяршыць гештальт”. Выдавецтва Gutenberg.
  27. Надзея Ясмінска. “Сем ружаў”. Мастачка Кацярына Дубовік. Выдавецтва “Папуры”.

Калі вы дачыталі да гэтых радкоў, то бачыце, што 2025 год для нашых кнігароў і пісьменнікаў быў насычаны, складаны і, без перабольшання, паспяховы.

Дзясяткі людзей працавалі ў беларускай літаратуры, каб здзівіць і падтрымаць свайго чытача ў цалком няпростыя часы, калі кожны поціск рукі дарагога варты. Можна сказаць, сёння мы тут назвалі 150 такіх працягнутых для поціску рук. Верым, што многія з іх стануць блізкімі сябрамі, якія захочацца перачытаць, узяць у дарогу, параіць прыяцелям, родным і блізкім, падзяліцца з дзецьмі.

А мы тым часам будзем чакаць новага 2026-га кніжнага году.