14 лютага — прэзентацыя новай кнігі Валянціны Аксак

14 лютага ў Варшаве падчас Міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова пройдзе прэзентацыя новага паэтычнага зборніка Валянціны Аксак “Вячэра з чужым каханкам” (выдавецтва “Камунікат”).

“Новая кніга Валянціны Аксак у кагосьці з чытачоў выкліча жаданне падкінуць паленца ў вогнішча пад аўтаркаю. Або звярнуцца да славутага полацкага ката Бальтазара, каб нагайстрыў сякеру. Чытачы з інквізіцыі так бы і зрабілі. Паэтку, якая ўявіла сябе на каленях у Хрыста, у нашыя дні закон дазваляе пакінуць жывой. Спаліць можна яе творы, што выходзяць за межы цноты, бо аўтарка вячэрае і не толькі, з чужым каханкам. І ўсё ж дзеля справядлівага выраку варта прачытаць напісанае між радкамі гэтае кнігі”, — гаворыцца ў апісанні да выдання.

У афармленні вокладкі да зборніка “Вячэра з каханкам” выкарыстаны фрагмент карціны Нэлі Пляўтылі “Апошняя вячэра”(1568).

Месца: Варшава, Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal. 11
Час сустрэчы з аўтаркай: 15:10

Міжнародны паэтычны фестываль “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова пройдзе 13–15 лютага (гл. праграму) у памяшканні варшаўскага Музея Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11). Сярод запланаваных івэнтаў — цырымонія абвяшчэння лаўрэата Літаратурнай прэміі Міхася Стральцова, дыскусіі, прэзентацыі беларускай паэзіі 2025 году, сустрэчы з літаратарамі Падляшша, замежнымі калегамі-паэтамі з Германіі, Нарвегіі, Польшчы і Украіны, вечарына выпускнікоў Школы маладога пісьменніка і традыцыйная “Ноч паэзіі”.