Выдавецтва “Камунікат” выпусціла ў серыі “Паэты планеты” кнігу выбранага Насты Кудасавай “Лірыка”. У зборнік увайшло 100 вершаў — ад тэкстаў 2001 году да найноўшых твораў. Прэзентацыя новага выдання адбудзецца 15 лютага на паэтычным фестывалі “Вершы на асфальце”.
Наста Кудасава — адна з найвядомейшых паэтак сучаснай беларускай літаратуры. Яе творчасць спалучае вернасць класічнай форме са смелай вобразнасцю і выключнай чуласцю да слова. Кнігі вершаў “Маё невымаўля” і “Побач” прынеслі аўтарцы прэстыжныя літаратурныя ўзнагароды і шырокую чытацкую любоў. Нарадзілася ў Рагачове, цяпер жыве ў Гдыні.
Аўтарка падзілася навіной у сацсетках і падзякавала рэдактару Андрэю Хадановічу, выдаўцу Яраславу Іванюку і ўсім, хто спрычыніўся да з’яўлення новай кнігі.
Першая прэзентацыя адбудзецца ў Варшаве падчас Міжнароднага паэтычнага фестывалю “Вершы на асфальце” памяці Міхася Стральцова 15 лютага ў 17:40 (Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal. 11) Падрабязную праграму фестывалю чытайце па спасылцы.
Кнігу можна будзе набыць на фестывалі, а таксама ў анлайн-кнігарні выдавецтва.






