“Камунікат” анансаваў выхад 4-х кніг

Фонд “Камунікат” анасаваў выхад чатырох выданняў, паводле сайта Kamunikat.org, кнігі былі аддадзеныя ў друк. Вершы для дзяцей, палітычны трылер, перавыданне пераможцы Прэміі Гедройця і фрашкі.

1. Новыя фрашкі ад Севярына Квяткоўскага сабраныя ў кнізе “Мы ідзём на марш”.

У рэдакцыйнай працы новаадноўленай “Нашай Нівы” Сяргей Дубавец, сярод іншага, прапанаваў словам “фрашка” называць кароткую літаратурную форму з дыяпазонам — ад замалёўкі да міні-апавядання. Вясёлую ці сумную, але заўсёды іранічную.

Сёння Севярын Квяткоўскі, які падхапіў гэты жанр, праз абраны, нібыта выключна лёгкі, фармат фрашак раскрывае рысы эпохі станаўлення новага беларускага грамадства, дзе старая, савецкага ўзору, архаіка сутыкаецца з людзьмі новага мыслення — з новымі беларусамі, якія хочуць больш паветра, больш прасторы і больш беларускасці для сябе.

2. Другое выданне нон-фікшна Змітра Бартосіка “Быў у пана верабейка гаварушчы”. Вокладка — Артур Вакараў.

У гэтай кнізе няма агульнавядомых фактаў і амаль няма вядомых сюжэтаў. Зміцер Бартосік сабраў разам гісторыі, пра якія сведкі адважыліся распавесці толькі напрыканцы жыцця. Тым не менш, факты і сюжэты складаюцца ў карціну Беларусі ХХ стагоддзя, і нельга сказаць, што гэтая карціна няпоўная або непраўдзівая. Яна распавядае пра мяжу дабра і зла ў душы беларускага чалавека, якую адныя пераходзілі, рабуючы панскія сядзібы, а іншыя не пераходзілі, пашыраючы асвету і памнажаючы дабрабыт.

3. Палітычны трылер Лешэка Шэрэпкі “Беларускі снайпер” у перакладзе Алеся Плоткі. Дызайн вокладкі Артура Вакарава.

Раман натхнёны найлепшымі творамі Тома Клэнсі і Роберта Ладлума. Ён выдатна адлюстроўвае сучасную беларускую рэальнасць, а таму дазваляе глыбей зразумець як сутнасць сістэмы, так і матывы тых, хто адважваецца рызыкаваць жыццём, каб перамагчы яе. Людзі для сістэмы —  інструменты, яна змагаецца з іх салідарнасцю і незалежнасцю, манапалізуе праўду і навязвае ўласны кодэкс паводзін. 

4. Вершы для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту грузінскага паэта Васіла Гулеуры “Мзія і Сонейка” ў перакладзе Юры Несцярэнкі

Васіл Гулеуры — грузінскі дзіцячы пісьменнік, аўтар больш як 30 апублікаваных кніг за два дзесяцігоддзі пісьменніцкай дзейнасці. Яго творы былі ўзнагароджаны некалькімі нацыянальнымі літаратурнымі прэміямі: прэміяй імя Якаба Гогебашвілі (тройчы), прэміяй Сагурама, прэміяй Цэра. Быў намінаваны на прэмію памяці Астрыд Ліндгрэн у 2018 і 2024 гадах. Яго апавяданні і вершы перакладзены на ангельскую, французскую, нямецкую, літоўскую і шэраг іншых моў.

Юры Несцярэнка — пісьменнік, перакладчык, паэт, аўтар кніг прозы і публіцыстыкі. Для дзяцей напісаў кнігі “Чароўныя назвы” і “Неверагодны свет”. У 2022 годзе, у Тбілісі, падчас правядзення міжнароднага літаратурнага фестываля, пазнаёміўся з Васілам Гулеуры. Вынікам творчага супрацоўніцтва беларускага і грузінскага літаратараў сталі пераклады дзіцячых вершаў спадара Васіла на беларускую мову.

Кнігі можна будзе набыць на кніжных кірмашах падчас фестывалю TUTAKA 11—13 ліпеня ва ўрочышчы Барык непадалёк Гарадка і на Пікніку Letucień у Кракаве 26 ліпеня. А таксама праз анлайн-краму Kamunikat.shop (перадзамовіць можна проста цяпер).