Беларускія кнігі ў Любліне падчас тэатральнага фэсту

З 8 па 12 снежня ў Любліне пройдзе чарговы фестываль “Bliski Wschód” (Блізкі ўсход), які гэтым разам амаль цалкам будзе прысвечаны беларускай незалежнай тэатральнай супольнасці і перадусім згуртаванню “Вольныя Купалаўцы”. Таксама ў межах фэсту 13 снежня (субота) пройдзе кніжны кірмаш ад фонда “Камунікат”.

Кнігі беларускіх аўтараў па-беларуску і ў перакладах на польскую мову можна будзе набыць у Цэнтры культуры 13 снежня (субота) з 15.00 да 20.00. Упершыню ў Люблін завітае з багатым асартыментам выданняў фонд “Камунікат”, які святкуе сёлета 25-годдзе. Добрая нагода купіць кнігі сабе і на калядныя падарункі знаёмым і блізкім.

На фестывалі адзначаць пяцігоддзе “Вольных Купалаўцаў” як падпольнай тэатральнай групы — сем дзён паказаў спектакляў, інтэнсіўных размоў і абмену досведам для творцаў, якія штодня працуюць у экстрэмальных акалічнасцях.

У праграме сярод іншага пакажуць спектакль “Зэкамерон” паводле кнігі Максіма Знака, “Экстрымісты” паводле твору Юлі Цімафеевай, “Камедыя Юдзіфі” паводле п’есы Сяргея Кавалёва і многае іншае.

8 снежня пройдзе аўтарская сустрэча з паэткай і перакладчыцай Юляй Цімафеевай, 9-га — прэзентацыя польскага перакладу кнігі Евы Вежнавец “Па што ідзеш, воўча?”, 12-га спатканне з драматургам Сяргеем Кавалёвым, а таксама многае іншае.

На ўсе мерапрыемствы фестывалю ўваход бясплатны. Поўную праграму глядзіце па спасылцы.