У выдавецтве hochroth Minsk навінка — кніга паэта Фелікса Баторына “Дзве мовы аднае душы”. Унікальнасць выдання ў тым, што гэта кніга-білінгва, дзе тэксты надрукаваныя па-беларуску і на ідышы.
“…Кнігу Фелікса Баторына мы рыхтавалі больш за паўгода. Адмысловая цяжкасць была з вычыткай і карэктурай тэкстаў на ідышы”, — расказвае ў фэйсбуку выдавец Дзмітрый Строцаў і віншуе аўтара ды дзякуе ўсім, хто дапамог рэалізаваць рэдкі для сучаснай літаратуры праект.
Папярэдняй 10-й кнігай у серыі паэтычных кніг, якія выдае hochroth Minsk быў зборнік Сабіны Брыло “У конца края”.
Агулам летась у гэтай серыі свет пабачылі кнігі Крысціны Бандурынай, Вольгі Злотнікавай, Касі Іофе, Артура Камароўскага, Ганны Комар, Насты Кудасавай, Ганны Севярынец, Андрэя Хадановіча і ўкраінскага паэта Сяргія Жадана. Многія з іх трапілі ў спіс 100 найлепшых кніг 2023 года паводле выбару рэдакцыі Bellit.info.